Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Змушку выкінулі за "хвост"


Актывіст аргкамітэту стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Аляксей Змушка з Рэчыцы адлічаны з Горацкай сельгасакадэміі. У акадэміі на завочным факультэце ён вучыўся на агранома, быў ужо на шостым курсе. Перад новым годам атрымаў выклік на экзамэнацыйную сэсію.


Гаворыць Аляксей Змушка:

“Калі я прыехаў на экзамэнацыйную сэсію, мне сказалі, што я адлічаны. Адзін “хвост” быў — з-за яго й адлічылі. У неафіцыйнай гутарцы ў выхаваўчым аддзеле акадэміі мне сказалі: калі б я арганізоўваў партыю “Белая Русь”, да мяне б не было ніякіх пытаньняў. А паколькі я спрыяю арганізацыі БХД, то гэта ня тыя людзі, зь якімі трэба было зьвязвацца”.

Аляксей Змушка паведаміў, што акадэмічная запазычанасьць па расьлінаводзтве ў яго ўтварылася пры пераводзе з вочнай вучобы на завочную. Быў здадзены залік, а патрэбны — экзамэн.

Дэкан завочнага факультэту Горацкай сельгасакадэміі Мікалай Ануфрэйчык сьцьвярджае, што ніякіх палітычных матываў у адлічэньні Аляксея Змушкі няма:

“Мы адлічылі 24 сьнежня 36 чалавек. Прыйдзіце і праверце. У Змушкі — тры двойкі, ён павінен быў усё здаць да 1 сьнежня. Адлічэньні зроблены падчас падвядзеньня вынікаў навучальнага году, які ў нас пачынаецца 1 студзеня. Нейкіх палітычных матываў тут няма, бо ніякіх прэтэнзіяў зь ніводнай арганізацыі не паступала”.

Дэкан удакладніў нашаму радыё, што згодна зь ліцэнзіяй на факультэце можа навучацца пэўная колькасьць студэнтаў:

“У нас — ліцэнзія! Мы можам вучыць на завочным факультэце 8160 студэнтаў, а ў нас было 8300. У сьнежні мы адлічылі 180 чалавек”.

Аляксей Змушка патрапіў у іх лік. Дарэчы, адлічаны ён з апошняга, шостага курсу, да таго ж быў на платным навучаньні.

Сам Аляксей мяркуе, што да адлічэньня спрычынілася ягоная актыўная грамадзкая й палітычная дзейнасьць.

Нядаўна ў Рэчыцы спадар Змушка з паплечнікамі замаўляў пікет з патрабаваньнем прыбраць з цэнтральнай плошчы помнік Леніну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG