Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты “Грамады” раздавалі грошы ў Берасьці


Агляд недзяржаўных мэдыяў за 14 студзеня.

“Брестский курьер” аналізуе дзеяньні мясцовых ўладаў у гісторыі з помнікам, прысьвечаным 1000-годзьдзю гораду, які зьбіраюцца адкрыць ў Берасьці. Манумэнт будзе ўсталяваны на скрыжаваньні вуліцы Савецкай і бульвара Гогаля, жыхары гораду ўжо зьбіраюць грошы на яго пабудову паводле пэўнага праекту, між тым гарадзкія ўлады вырашылі гэты праект зьмяніць. У прыватнасьці заяўлена, што скульптура караля Ягайлы ўжо ня вартая быць у складзе мэмарыялу. Грамадзкасьць гораду паспрабавала пратэставаць і патрабаваць публічнага абмеркаваньня праекту помніка, але ўлады не дазволілі правозіць пікеты пратэсту.

Таксама газэта распавядае, як мясцовая філія Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” павіншавала жыхароў гораду з Калядамі. Актывісты партыі пераапрануліся ў строі казачных пэрсанажаў і наладзілі сьвяточнае шэсьце па цэнтры гораду. Распавядае карэспандэнт газэты Алег Супрунюк:

“Кіраўнікі пераапрануліся ў пэрсанажы: дзеда, бабку, цыганку, чорта, быка, пеўня, ды хадзілі па горадзе, людзей віншавалі. Цыганка нават грошы раздавала дзецям, якія гулялі з бацькамі. Упершыню была такая акцыя, яна прайшла гэтак добра! Нават заўважылі, што ніхто за імі гэтым разам не сачыў, як звычайна”.

Тыднёвік “Наша слова”, які з пачатку году павялічыў тыраж, працягвае дыскусію зь Міністэрствам адукацыі пра лёс беларускай мовы. Рэдактар выданьня Станіслаў Суднік выказвае сваё меркаваньне пра тое, як сапраўды забясьпечыць дзяржаўны статус роднай мовы:

“Трэба, каб у Законе аб мовах было запісана, што справаводзтва мусіць весьціся альбо на беларускай, альбо на рускай і беларускай мовах. А то цяпер усё атрымліваецца наадварот”.

Баранавіцкая газэта “Intex-press” спрабуе высьветліць, чаму ў горадзе і раёне расьце злачыннасьць. Рэдактар газэты Ўладзімер Янукевіч кажа пра адну з прычын:

“Стала болей злачынстваў, які зробленыя ў нецьвярозым стане. Здаецца, з гэтым змагаліся, скарацілі час продажу алькагольных напояў, чаму ж гэта не дапамагло? А таму, што па іншых накірунках працягваецца алькагалізацыя насельніцтва”.

Газэта таксама паведамляе пра адкрыцьцё у дзьвюх паліклініках гораду басэйнаў, якія вельмі карысныя ў лячэньні хворых дзетак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG