Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская норма: адно паліто на 8 гадоў


З Новага году беларускі ўрад вызначыў новы памер мінімальнай заработнай платы — 229 700 рублёў. Падвышэньне памеру мінімальнага заробку, паводле лёгікі ўраду, дазваляе абараніць прыбыткі нізкааплатных катэгорыяў працаўнікоў.

Галоўны спэцыяліст па сувязях з грамадзкасьцю Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіна Трафіменка тлумачыць, што такое мінімальны заробак:

“Мінімальная заработная плата — гэта гарантыя дзяржавы кожнаму чалавеку, незалежна ад таго, дзе ён працуе — чыноўнік ён, у прыватнай фірме, у камэрцыйнай, фэрмэр — ніжэй за гэты памер ніхто ня мае права плаціць чалавеку. То бок гэта да абвалу рубля ніякага дачыненьня ня мае, тут няма ўзаемазавязкі. То бок ніжэй за гэтую суму, не спасылаючыся ні на якія крызісы, ні на іншыя аб’ектыўныя ці суб’ектыўныя прычыны, ніхто ня мае права плаціць”.

Такім чынам, менш за 230 тысяч беларусам ня маюць права плаціць. Адкуль бярэцца гэтая лічба?

Міхал Залескі
Эканаміст Міхал Залескі патлумачыў, што ў Беларусі дамінуе афіцыйны нарматыўны падыход да вымярэньня ўзроўню беднасьці. Ён грунтуецца на стандартах мінімальнага спажывецкага бюджэту, пражытковага мінімуму і спажывецкага кошыка ў адпаведнасьці з “Законам аб пражытковым мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь”. А структура мінімальнага спажывецкага кошыка грунтуецца на так званых рацыянальных нормах спажываньня, якія зьмяняюцца адвольна, кажа Міхал Залескі:

“Харчаваньне 37% у ім займае, адзеньне, абутак — 24%, мэбля, посуд, канцтавары — 14, транспарт, сувязь — 9, жыльлёва-камунальныя паслугі — 4%, бытавыя паслугі — 3, мэдыцына і лекі — 2, астатняе — 49. Рэальна доля харчаваньня ў сыстэме спажывецкіх выдаткаў насельніцтва, паводле Міністэрства статыстыкі, 10 гадоў таму была 58%, а зараз — хіба ўсе 65%, калі ня болей пасьля Новага году.

Карэспандэнтка: “Фактычна большую частку беларусы праядаюць…”
80% беларускіх сем’яў 75% сваіх грошай траціць на харчаваньне


“Так, праядаюць. 80% беларускіх сем’яў 75% сваіх грошай траціць на харчаваньне. І таму гэты так званы спажывецкі кошык, у якім 37% на харчаваньне паводле нарматываў выдаткавана, носіць штучны характар”.

Паводле агульнапрынятых нарматываў, калі больш за палову сямейнага бюджэту ідзе на харчаваньне, сям’я лічыцца малазабясьпечанай. Але ў параўнаньні з 2000 годам малазабясьпечаных у Беларусі стала значна менш, кажа Галіна Трафіменка:

“Узровень малазабясьпечанасьці альбо беднасьці (гэта паняткі раўназначныя) зьнізіўся ў краіне ў 3,8 раза. У 2007 годзе ўдзельная вага насельніцтва, у якога сярэднедушавы бюджэт ніжэй за пражытковы мінімум — а сёньня ён роўны 223 600 рублёў — склала 7,7% супраць 41,9% у 2000 годзе”.

Але вернемся да нарматываў, разьлікаў спажывецкага кошыка. На аплату камунальных паслугаў, паводле нормаў, павінна ісьці 4%. Але аплата звычайнай дзьвюхпакаёўкі за сьнежань складае ня менш за 100 тысяч. Па прамысловых таварах, адзеньні — тут таксама шмат дзіўнага. Да прыкладу, паводле нормаў, адно зімовае паліто чалавек носіць 8 гадоў, боты — 5. Безумоўна, ня ўсе могуць апранацца ў модных буціках. Вядома, можна харчавацца бульбай і буракамі з капустай, а можна — морапрадуктамі, рыбай, арэхамі і далікатэсамі. Эканаміст Міхал Залескі прааналізаваў нормы, якія былі ў савецкі час і якія існуюць цяпер, і супаставіў іх з рэальным спажываньнем:
Паводле нормаў, адно зімовае паліто чалавек носіць 8 гадоў, боты — 5


“У 1975 годзе рацыянальная норма была — бульбы 97 кіляграмаў, малака — 405 кг, мяса — 82 кг. А во 1999 годзе рацыянальныя нормы сталі такія: бульбы — 132 кг, малака — 120 кг, мяса — 54 кг. А рэальнае спажываньне — бульбы мы ямо 180 кг, малака — 240 літраў, а мяса мы зьядаем 60 кг. То бок атрымліваецца, што мы спажываем больш за рацыянальную норму, але менш за савецкую. Дык дзе тут рацыяналізм?”

Што кажуць людзі, якія атрымліваюць мінімальныя заробкі і пэнсіі?

Спадарыня: “Я шматдзетная, у мяне чацьвёра дзяцей. А сёньня я думаю, хто мне купіць паесьці і лекі…”
Пазбавілі апошніх ільготаў, пазбавілі ўсяго


Спадарыня: “Я сёньня схадзіла на экскурсію на Камароўскі рынак. Цэньнікі мяне вельмі зьдзівілі… У маім узросьце трэба есьці больш рыбы, больш малочных прадуктаў. Рыбу наагул немагчыма купіць — надзвычай дорага! Пазбавілі апошніх ільготаў, пазбавілі ўсяго. І тое, што абяцаюць пэнсію ўзьняць — гэта будзе незаўважна. Яна ж не пакрые дэвальвацыю…”

Ну, а якія заробкі ў краінах замежжа? Паводле Эўрастату, самы высокі мінімальны заробак — у Люксэмбургу: 1610 эўра. У лідэрах Ірляндыя, Нідэрлянды, Бэльгія, Францыя — там мінімальны заробак большы за 1300 эўра. Што да суседзяў, мы патэлефанавалі журналістам ва Ўкраіне, Літве, Польшчы.

Украінскі журналіст Юры Сьвірко кажа, што ва Ўкраіне, паводле афіцыйнага курсу, мінімалка прыкладна такая ж, як і во Беларусі — каля 80 даляраў:

“З 1 сьнежня 2008 году мінімальная зарплата стала 605 грыўняў, а з 1 красавіка будзе 625 грыўняў. Афіцыйны курс — 7,7 грыўняў за даляр. Рэальны курс зараз — 9,5. То бок пражыць на гэтыя грошы цалкам немагчыма”.

Карэспандэнтка: “А як выжываюць пэнсіянэры, малазабясьпечаныя?”

Сьвірко: “У Кіеве яны атрымлівалі пэўныя надбаўкі ад гарадзкіх уладаў, усялякую дапамогу да сьвятаў, час ад часу нейкія харчы. Акрамя таго, ва Ўкраіне вельмі моцная „шэрая“ альбо „чорная“ эканоміка. Народ зарабляе, хто дзе можа. Я бачу шмат пэнсіянэраў, якія працуюць кандуктарамі ў грамадзкім транспарце. Вось так і жывуць…”

Журналістка Польскага радыё Яланта Сьмялоўска кажа пра сытуацыю ў Польшчы:

“Мінімалка па сёньняшнім курсе эўра — гэта 308 эўра. 1276 злотых. Жыць на яе можна, але гэта выжываньне, а не нармальнае жыцьцё. Значную частку з гэтага трэба выдаткаваць на аплату кватэры, электраэнэргіі. Застаецца няшмат на нармальнае жыцьцё, на харчаваньне. І людзі, якія атрымліваюць мінімальную зарплату, яны ўсё аддаюць на выжываньне. Гэта сумна, але гэта так”.

Намесьнік галоўнага рэдактара газэты Lietuvos Rytas Марыюс Лаўрынавічус распавёў, які мінімальны заробак у Літве:

“800 літаў мінімальны заробак, гэта 232 эўра”.

Карэспандэнтка: “У Літве на гэтую суму можна пражыць?”

Лаўрынавічус: “Ну як тут адказаць? Я, напрыклад, цяжка сабе ўяўляю, але ёсьць людзі, якія на гэта жывуць. Пратэстныя настроі вельмі моцныя, але ў Літве ня вельмі любяць людзі актыўна пратэставаць, усё больш на кухнях”.

Такім чынам, мінімальны заробак беларуса можна параўнаць толькі з украінскім. У Польшчы ён у пяць разоў большы, чым у Беларусі, у Літве — большы ў чатыры разы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG