Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роля Беларусі ў транзыце расейскага газу перабольшана


Сёньня раніцай першыя кубамэтры расейскага прыроднага газу перасеклі расейска-ўкраінскую мяжу.


Пасьля двухтыднёвага газавага канфлікту паміж Масквой і Кіевам, закладнікамі якога сталі спажыўцы двух дзясяткаў эўрапейскіх дзяржаваў, паліва зноў пачало паступаць транзытам праз Украіну (праўда, ананімныя крыніцы сьведчаць, што ў першай палове дня прыродны газ за межы Ўкраіны так і ня выйшаў). Як гэтае замірэньне, прынамсі “папяровае”, адаб’ецца на транзыце газу празь Беларусь, аб’ёмы якога ад 1 студзеня істотна падвышаныя?

Пасьля спыненьня транзыту расейскага газу праз Украіну ў дзяржавы Заходняй і Цэнтральнай Эўропы першымі яго зноў атрымаюць спажыўцы ў балканскіх краінах, а таксама Турэччына і Малдова. У лепшым становішчы на гэтым тле заставаліся Польшча і Нямеччына, куды расейскі газ паступаў зь Беларусі.

Паводле прадпрыемства “Белтрансгаз”, ад пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту аб’ёмы перапампоўваньня празь Беларусь былі павялічаныя на 35 мільёнаў кубамэтраў штосуткі. Ці будуць адкарэктаваныя лічбы пасьля аднаўленьня ўкраінскага транзыту — пакуль не паведамляецца. У “Белтрансгазе” кажуць, што камандаў на пераход у ранейшы рэжым з Масквы не паступала. Прадстаўнік “Газпрому” Дзяніс Ігнацьеў у тэлефоннай размове абмежаваўся словамі, што ніякіх адмысловых распараджэньняў наконт гэтага няма:

“Ведаеце, на гэты момант наконт беларускага транзыту я нічога сказаць не магу. На жаль, пакуль канкрэтнай інфармацыі няма…”

Карэспандэнт: “З Украінай сытуацыя разьвіваецца ў плянавым парадку?”

“Так, пакуль усё адбываецца ў штатным рэжыме”.

Экспэрт у энэргетычных пытаньнях Станіслаў Гусак лічыць, што прынамсі некалькі дзён транзыт празь Беларусь можа захоўвацца ў цяперашнім фармаце — да таго часу, пакуль Масква не пераканаецца ў гатовасьці Кіева выконваць яе патрабаваньні. Аднак сам экспэрт лічыць, што расейскі бок “вядзе несправядлівую вайну” з Украінай:

Станіслаў Гусак
“Усё, што адбывалася паміж Расеяй і Ўкраінай — гэта працяг нядаўняй расейска-грузінскай вайны. Зараз Украіна фактычна знаходзіцца ў стане “халоднай вайны” з Расеяй. Бо інакш тыя стасункі, якія мы назіраем зараз, патлумачыць вельмі цяжка. Украіна ня мела ніякіх даўгоў перад Расеяй, нічога яны ня кралі; ніводная эўрапейская камісія не пацьвердзіла, што Ўкраіна нешта брала сабе. Таму шмат чаго надумана расейскімі палітыкамі менавіта дзеля таго, каб стварыць такую сытуацыю. Але з гэтай сытуацыі трэба вынесьці ўрокі і думаць, што рабіць. Галоўнае — нельга трымацца толькі на расейскім газе, важна мець дывэрсыфікацыю паставак”.

Як лічаць экспэрты, Расея карыстаецца тым, што бальшыня эўрапейскіх краінаў трапілі ў непасрэдную залежнасьць ад расейскіх паставак прыроднага газу. Паводле міжнароднага маніторынгу, Нямеччына імпартуе з Расеі больш за 40% агульнага гадавога аб’ёму прыроднага газу, Аўстрыя — 51%. Польшча палову спажыванага газу таксама набывае ў Расеі, Вугоршчына залежная ад расейскіх паставак на 60%, Турэччына — на 67%, Чэхія — на 80%. Славаччына, Баўгарыя, Босьнія і Герцагавіна амаль 100-працэнтна залежаць ад расейскага газу. З такой прывязкі, на думку спэцыялістаў, Расея карыстацца спаўна. Найперш гэта адлюстроўваецца ў не заўсёды адэкватных коштах на газ, якія высілкамі той жа Расеі ўдалося адвязаць ад коштаў на нафту. Па-другое, як у выпадку з Украінай, “Газпром” накідае кабальныя ўмовы дзяржавам-транзытэрам, фактычна не даючы магчымасьці падвышаць тарыфы за перапампоўваньне газу праз свае тэрыторыі.

На думку эканаміста Станіслава Гусака, значнасьць Беларусі ў транзытнай палітыцы Крамля беларускімі ўладамі перабольшваецца. Прапускная здольнасьць беларускай газатранспартнай сыстэмы абмежаваная, так што апошняя ніяк ня можа стаць альтэрнатывай украінскаму транзыту:
Беларусь максымум, што можа на сябе ўзяць — гэта працэнтаў 30

“Празь Беларусь немагчыма прапампаваць увесь той газ, што йшоў праз Украіну. Праз Украіну паступала ў Эўропу працэнтаў 80. Беларусь максымум, што можа на сябе ўзяць — гэта працэнтаў 30. Больш яна проста фізычна ня выцягне. Бо магутнасьці газаправоду ня хопіць, каб перапампоўваць больш газу ў Эўропу. Апроч таго, ёсьць напрамкі ў Вугоршчыну, Баўгарыю, Славаччыну і г.д., куды толькі праз Украіну можна сёньня паставіць газ. Таму, можа, будзе крыху меншай загрузка беларускага газаправоду, але ня думаю, што гэта неяк істотна адаб’ецца на гэтым пытаньні”.

Сёньня адноўлены толькі транзыт газу праз тэрыторыю Ўкраіны ў заходнія краіны. Аднак кантракт на пастаўку газу ўкраінскім спажыўцам паміж “Газпромом” і “Нафтагазам Украіны” па-ранейшаму ня ўзгоднены. Зрэшты, як і зь Беларусьсю — кошт на газ для Беларусі ў 2009 годзе так дагэтуль і не агучаны. Грамадзкасьці толькі даведзена, што да канца году цэны будуць зьніжаныя ўтрая, выйшаўшы ў сярэднім за год на “прымальны ўзровень”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG