Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністра Навумава патрабуюць пакараць за “пальчыкі”


Агляд недзяржаўных мэдыяў за 12-ае студзеня.

“Народная воля” першай паведаміла пра патрабаваньне праваабаронцаў зь Беларускага хэльсынскага камітэту прыцягнуць да адказнасьці міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава. Праваабаронцы знайшлі парушэньні закону ў дзеяньнях міністра, які загадаў прымусова зьбіраць адбіткі пальцаў у грамадзянаў у межах расьсьледаваньня выбуху на праспэкце Пераможцаў 4 ліпеня. Адпаведны ліст БХК плянуе даслаць у пракуратуру Беларусі сёньня, 12 студзеня.

Інтэрнэт-выданьне “Салідарнасьць” згадвае пра супрацоўніцу газэты, вядомую беларускую журналістку Вераніку Чаркасаву, якая стала ахвярай забойства болей за 4 гады таму. Кажа рэдактар выданьня Аляксандр Старыкевіч:

“12 студзеня спаўняецца 50 гадоў з дня нараджэньня Веранікі Чаркасавай. Наша калега была зьверскі забітая ў кастрычніку 2004 году. Мы прысьвячаем ёй публікацыю, ў якой будзе расказана пра яе саму і пра тое, як расьсьледуецца, а дакладней не расьсьледуецца справа аб яе забойстве”.

Як беларусы адрэагавалі на раптоўную – ажно на 20% – дэвальвацыю беларускага рубля? Тыднёвік “Белгазета” зацікавіўся меркаваньнем людзей, якіх столькі разоў на вышэйшым ўзроўні пераконвалі ў тым, што “падману ня будзе”. Распавядае намесьнік рэдактара Віктар Марціновіч:

“Нумар прысьвечаны дэвальвацыі. Гэта тэма нумар адзін. Я асабіста ў сваім артыкуле дасьледую грамадзкую рэакцыю на гэту дэвальвацыю. Здаецца, усё было зроблена дакладна, вось і ўсе эканамісты, нават самыя лібэральныя, кажуць, што дэвальвацыя былы неабходная. Але вось нейкае прыкрае ўражаньне ад гэтага кроку ўраду засталося і я спрабую разабрацца, што ж так абурае?”

Яшчэ адзін нацыянальны тыднёвік “Белорусы и рынок” таксама дасьледуе тэму эканамічнага крызісу, які усё больш відавочна прапісваецца і ў Беларусі. Рэдактар выданьня Вячаслаў Хадасоўскі:

“Будзем пісаць пра крызіс, пра захады, якія прымае ўрад. Зьмесьцім рэпартаж пра тое, як разьмятаюць тавары з паліц ў крамах – пра ўсё гэта глупства, якое пачалося пасьля дэвальвацыі. Трэба зараз грунтоўна прааналізаваць усе гэтыя дзеяньні і тое, што яшчэ можа здарыцца”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG