Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыягназ — “перасьвяткаваў”


Шматдзённыя навагоднія сьвяты адбіваюцца на здароўі беларускай нацыі не найлепшым чынам, — сьведчаць мэдыкі. На погляд адмыслоўцаў, галоўная прычына — у злоўжываньні алькаголем. Але і багаты, шчодры стол таксама робіць сваю справу. А калі сьвяты сканчаюцца, працаздольнасьць аднаўляецца яшчэ прынамсі тыдзень, — робяць выснову спэцыялісты.

Тэлефаную ў адну з шараговых паліклінік Менску з пытаньнем, наколькі цяжка ў пасьлясьвяточны пэрыяд патрапіць да дактароў. У рэгістратуры сказалі, што ажыятаж пасьля шматдзённых навагодніх выходных — звыклы і штогадовы сэзон.

“Працы дадалося. Заўсёды, калі нейкія працяглыя сьвяты, яе дадаецца. І калядныя-навагоднія сьвяты — таксама. Таму што ў большасьці выпадкаў гэта ўсё — у нецьвярозым стане… Вельмі шмат усялякіх траўмаў, пераломы рэбраў, таму што рэбры вельмі лёгка зламаць — упасьці дастаткова. Цяпер, пасьля сьвятаў, найбольшы прыём да дактароў пэўных спэцыяльнасьцяў — траўматолягі, хірургі (абмаражэньні, засынаюць у сьнезе), ЛОР-дактары, да тэрапэўтаў — процьма людзей”.
Заўсёды, калі нейкія працяглыя сьвяты, працы дактарам дадаецца


Пераяданьні сьвяточныя таксама маюць уплыў на колькасьць хворых, кажа мая суразмоўца. Бо спажываньне далікатэсаў дадаецца да сэзонных абвастрэньняў хранічных хваробаў страўніка. А ледзь не двухтыднёвыя сьвяткаваньні з надмерным ужываньнем алькаголю зьніжаюць імунітэт. Прынамсі, такую думку выказаў наведнік менскай паліклінікі Максім. Цяпер ён ужо закрывае бюлетэнь — хварэў на ангіну. Лічыць, што прычына — у паніжаным сьвятамі імунітэце:

“З-за таго, што бадзяньні, гуляньні, перапіваньні і іншыя пераяданьні, — натуральна, захварэў. Ну, мне асабіста падаецца, што гэта імунітэт здаў… Гэта занадта доўгія выпрабаваньні для яго. П’янкі ж, па сутнасьці, пачынаюцца задоўга да ўласна Новага году… І мне здаецца, што гэта б’е па імунітэце — адпаведна пачынае народ хварэць. Прынамсі, па сваіх сябрах мяркую — ведаю, што вельмі шмат людзей цяпер захварэла”…

Паніжаны імунітэт спрыяе сэзонным прастудным захворваньням. Але нэўролягі, нэўрапатолягі маюць справу з наступствамі менавіта алькагольных злоўжываньняў, кажа нэўрапатоляг з Магілева Васіль Аўраменка. І паўтараецца гэта з году ў год:

“Чым даўжэйшыя сьвяты, тым часьцей здараюцца ўскладненьні ад злоўжываньня алькагольнымі напоямі. Калі першыя дні — 31 сьнежня, 1-га студзеня — паступаюць найперш з праблемамі атручэньняў алькаголем, то потым, праз 4-5 дзён, калі злоўжываньне спынілася ці аслабла, — тады зьвяртаюцца зь іншымі наступствамі: псыхозамі алькагольнымі, белымі гарачкамі, — крышку іншая ўжо паталёгія, але прычына іх тая самая. Хворых у такія часы, вядома, становіцца больш, значна больш”.

На думку Васіля Аўраменкі, зьява гэта найперш сацыяльная.
Шмат людзей між Новым годам і станам татальнага ап’яненьня ставіць знак роўнасьці.
Вялікая колькасьць людзей паміж Новым годам і станам татальнага ап’яненьня ставіць знак роўнасьці:

“Гэта наша бяда. З-за хворых гэткага сэзоннага пэрыяду нестае месцаў нармальным хворым — элемэнтарна месцаў у бальніцах не хапае. Даводзіцца імі займаць койкі, займаць месцы… Гэта праблема агульная — і нашай сыстэмы аховы здароўя наагул, і бальніц у прыватнасьці, і ня толькі бальніц. Дастала гэта, па шчырасьці. Народ сьвяткуе, як умее — напіваецца да белых коней, таму што вось так ён умее”…

На інтэрнэт-форуме ў дыскусіі будучых мам карыстальніца gala выказала наступную думку: “Я працую зь цяжарнымі жанчынамі, дасьледуючы на паталёгіі. Дык вось відавочная сувязь паміж знаходжаньнем розных паталёгіяў і часам зачацьця ў гэтыя самыя перад-пасьлянавагоднія сьвяты. Таму што ровень алькаголю ў арганізьме тлумачыць як неабароненыя сэксуальныя кантакты, гэтак і стан арганізму на той момант…”

Апроч фізіялягічных наступстваў для арганізму, ёсьць яшчэ і псыхалягічны аспэкт, кажа спэцыяліст у кадравай палітыцы Міхаіл. Працаздольнасьць чалавека пасьля працяглых выходных моцна слабее, а справы нагрувашчваюцца. Таму рызыка моцных працоўных стрэсаў узрастае:

“Пасьлясьвяточная атмасфэра яшчэ доўга захоўваецца ў настроі чалавека, і таму
Рэзкі пераход пасьля сьвятаў да працы — даволі цяжкі для арганізму.
рэзкі пераход пасьля сьвятаў да працы — асабліва цяжкой працы, якая нагрувасьцілася падчас сьвятаў у вялікім аб’ёме — даволі цяжкі для арганізму і ў фізіялягічным, і тым больш у псыхалягічным сэнсе…”

Таму, на погляд спэцыяліста, першыя працоўныя дні пры магчымасьці лепш прысьвяціць плянаваньню і арганізацыі будучых дасягненьняў:

“Першыя дні пасьлясьвяточныя лепей прысьвяціць напісаньню плянаў на тыдзень, арганізаваць сваю працу на будучыню. Гэта больш канструктыўна, чым адразу кідацца ў бой і спрабаваць зьвярнуць горы…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG