Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Абмарозкі” ў шпіталь трапляюць нападпітку


У Беларусі ўначы слупок тэрмомэтра апускаецца да мінус 20 градусаў. У шпіталях зьявіліся першыя пацыенты з абмаражэньнямі. Як маразы і сьвяты адбіліся на здароўі беларусаў, як спрацавалі камунальныя службы?

Загадчык апёкавага аддзяленьня бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі Менску Міхаіл Галіноўскі распавёў, што ў ноч з 7 на 8 студзеня толькі ў апёкавы цэнтар прывезьлі 13 чалавек. Некаторыя зь лёгкімі абмаражэньнямі, але ёсьць і вельмі сур’ёзныя выпадкі:

“У нашым аддзяленьні знаходзіцца зараз 7 чалавек зь цяжкімі абмаражэньнямі. Трэцяя і чацьвёртая ступені – абмаражэньні, якія пацягнуць за сабой ампутацыю рук і ног”.

Часьцяком з абмаражэньнямі паступаюць у аддзяленьне бяздомныя, так званыя бамжы, але гэтым разам ва ўсіх ёсьць дом, прапіска, сям’я, кажа Міхаіл Галіноўскі:

“Гэта не бамжы. Але бальшыня – у стане алькагольнага ап’яненьня”.

Лекар Міхаіл Галіноўскі падкрэсьлівае, што нападпітку чалавек губляе кантроль і адчувальнасьць, а першымі ад марозу пакутуюць пальцы рук і ног і наагул, канечнасьці. Палова зімы яшчэ наперадзе, таму мэдык ў выпадку пераахаладжэньня дае такую параду:

“Адразу ж зьвяртацца ў апёкавы цэнтар. З тае прычыны, што пакуль тканка яшчэ халодная, яе яшчэ можна выратаваць, аднавіць кровазварот. І ампутацыі можна пазьбегнуць. А калі дома пачынаюць расьціраць, адаграваць – і ўзьнікаюць праблемы”.

Што да надзвычайных здарэньняў на вадаёмах, за першыя дні Новага года трагічных выпадкаў не было, бо усталяваліся даволі моцныя маразы. А вось пры канцы сьнежня выратавальнікі некалькі разоў выяжджалі на раку Сьвіслач у Менску ратаваць людзей. А днямі выратавальнікам давялося апэратыўна адрэагаваць на выклік дзяцей, распавёў прэсавы сакратар Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Віталь Навіцкі:

“Была чайка, якая ўмерзла ў лёд, яе выратавалі і даставілі ў “Фаўну гораду” на Гурскага”.

А ў Менскай вобласьці пры канцы сьнежня чатыры чалавекі загінула, кажа інспэктар Менскага абласнога Ўпраўленьня выратаваньня на водах Анатоль Сушчэня:

“Гэта рыбакі. У Мядзельскім раёне загінула 3 чалавекі, і адзін – у Маладзечанскім. Усе дарослыя людзі. Спрабавалі рыбачыць на лёдзе, які ня тое, што не вытрымлівае, а наагул, так бы мовіць, прамойны. Мы паступаем вельмі жорстка, выганяем, нават міліцыю выклікаем. Можа, жыць застанецца”.

Што да нейкіх няштатных сытуацыяў у камунальных службаў, прэсавы сакратар Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Віталь Навіцкі запэўніў:

“З цепласыстэмамі, энэргасыстэмамі нічога ня здарылася, пакуль не было ніякіх надзвычайных здарэньняў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG