Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь ігнаруе рашэньні ААН


Камітэт у правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў прыняў да разгляду скаргу гомельскага апазыцыянэра – кіраўніка Гомельскай філіі “Руху “За свабоду” Ўладзімера Кацоры. Пра гэта стала вядома зь ліста, які прыйшоў з Жэнэвы, дзе месьціцца гэты аанаўскі камітэт.

Юрыст і праваабаронца Леанід Судаленка дапамагаў Уладзімеру Кацору афармляць усе неабходныя дакумэнты. Ён і распавядае “Свабодзе” пра сутнасьць справы:

“У лютым мінулага году Ўладзімер Кацора падрыхтаваў і распаўсюдзіў улётку пра прыезд у Гомель Аляксандра Мілінкевіча. Калі да яго прыйшлі міліцыянты і спыталіся: “Гэта твая ўлётка?” – ён адказаў, што так, зрабіў на асабістым прынтары. Яго адразу забралі, склалі пратакол пра парушэньне закону аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў і далі сем сутак адміністрацыйнага арышту”.

Усе спробы дамагчыся прававой абароны ад дзеяньняў улады для Ўладзімера Кацоры, які дайшоў ад раённага да Вярхоўнага суду Беларусі, не далі станоўчага выніку. І тады актывіст вымушаны быў зьвярнуцца ў ААН. Ён патрабуе прызнаць парушэньне сваіх правоў на правядзеньне мірнага сходу.

Юрыст Судаленка гаворыць, што рашэньні камітэту ААН, прынятыя на карысьць розных асобаў з Беларусі, дагэтуль не выконваюцца. Так было, прыкладам, са справамі Віктара Карняенкі, Міхаіла Пастухова, Леаніда Сініцына ды іншых, падкрэсьлівае Леанід Судаленка:

“Але ж дзяржава не рэагуе. Ужо ёсьць пад 20 рашэньняў Камітэту, якія да сёньняшняга дня не выконваюцца. Беларусь мае міжнародныя абавязкі. З аднаго боку, яна ратыфікавала Міжнародны пакт пра грамадзянскія і палітычныя правы. А з другога боку, яна ж яго і не выконвае”.

Юрыст Валянцін Стэфановіч кажа: ён асабіста адчуў ігнараваньне беларускімі ўладамі рашэньняў Камітэту ААН. Яшчэ ў 2007 годзе ў Жэнэве вырашылі: дзейнасьць праваабарончага цэнтру “Вясна”, у якім працаваў спадар Стэфановіч, спынена з парушэньнямі заканадаўства:

“У гэтым аанаўскім мэханізьме абароны правоў чалавека Беларусь удзельнічае. І мала таго, што ўлады абавязаныя выконваць рашэньні Камітэту. Яны яшчэ абавязаныя даваць справаздачу пра выкананьне Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Але Беларусь і тут не выконвае свае абавязкі – ужо два тэрміны прайшлі. А сёлета наступае чарговы тэрмін”.

Вяртаючыся да справы Ўладзімера Кацоры, варта адзначыць: толькі цягам апошніх двух гадоў яго арыштоўвалі 5 разоў. За кратамі гомельскі актывіст правёў 47 сутак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG