Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новыя” грошы: ад Усяслава Чарадзея да Пятра Машэрава


Чуткі пра магчымую дэнамінацыю беларускага рубля падштурхоўваюць да актыўнасьці людзей, якія маюць наўпроставае ці ўскоснае дачыненьне да грашовай сыстэмы краіны.

Так, на інтэрнэт-старонцы фінансавага парталу www.infobank.by зьявілася партрэтная галерэя на банкнотах, якія ў тэорыі маглі б замяніць цяперашнія разьліковыя адзінкі. Аўтар гэтага дызайнэрскага праекту-прапановы грашовых купюраў — Усевалад Юргенсан, які стала супрацоўнічае з нумізматычным парталам “Ізрой” (belcoins.com).

Спэцыялісты парталу www.infobank.by невыпадкова прадублявалі выявы банкнотаў з нумізматычнага сайту — сёньня лёс беларускага рубля хвалюе ня толькі фінансістаў:

“Гэта ў пэўнай ступені мастацкі піяр. Мастак менавіта такім чынам бачыць выявы новых купюраў, і гэта яго ні да чога не абавязвае. Прынамсі, гэта не застанецца незаўважаным на той хвалі чутак, якія ідуць наконт дэнамінацыі і г.д.”

Усевалад Юргенсан і раней экспэрымэнтаваў у грашовым “полі”. Зьмяшчаў на разьліковых білетах беларускія краявіды, гістарычныя мясьціны. Але на пачатку 2008 году засеў за партрэтную сэрыю выбітных прадстаўнікоў Беларусі. У выніку зьявіліся купюры наміналам ад 3 да 1000 рублёў.

Вось жа, на 3-рублёвай банкноце зьмешчаны партрэт князя полацкага Ўсяслава Чарадзея. На 5-рублёўцы — яшчэ адзін полацкі князь, Валодша-Ўладзімер. На банкноце ў 10 рублёў — Вялікі князь літоўскі Гедымін. На дваццацьпятцы — Вітаўт Вялікі. Купюру ў 50 рублёў упрыгожвае партрэт канцлера ВКЛ Льва Сапегі. На “сотцы” — лідэр паўстаньня 1863-1864 гг. Кастусь Каліноўскі. На купюры ў 250 рублёў — Раман Скірмунт, старшыня ўраду БНР у 1918 годзе. Завяршае грашовую галерэю з наміналам у 1000 рублёў Пётар Машэраў, колішні першы сакратар ЦК КПБ.

Мне ўдалося знайсьці аўтара новага накірунку ў мастацтве — “грашовага партрэтызму”. Усевалад Юргенсан, непрафэсійны мастак. Ён не хавае, што робіць усё з асабістай цікавасьці да актуальнай тэматыкі. За партрэтную галерэю ўзяўся на пачатку 2008 году. Паказальна, што са сваімі прапановамі ў Нацыянальны банк не зьвяртаўся. Пытаюся: ці ня крыўдна працаваць у стол?

“Ну чаму? А раптам хто ўбачыць! Я думаю, і спэцыялісты Нацбанку таксама ў інтэрнэт заходзяць, глядзяць, вывучаюць, таму нічога ня выключана. Але накіраваць праект у Нацбанк пакуль ідэі не было, хоць, можа, потым і зьявіцца”.

З шэрагу гістарычных дзеячаў, прапанаваных для грашовых выяваў, крыху “выбіваецца” Пётар Машэраў, які адзін прадстаўляе і савецкую, і цяперашнюю Беларусь. Аднак мастак усё ж лічыць галерэю завершанай:

“Проста тут адлюстраваная ўся гісторыя — ад раньніх вякоў да сучаснасьці. Таму любы пэрыяд — толькі частка нашай гісторыі. То бок я не падзяляю гісторыю на „тую“ і „гэтую“. У гэтым выпадку выбудаваны выключна храналягічны парадак”.

Грашовую тэму ў мастацтве Ўсевалад Юргенсан распрацоўвае некалькі гадоў. Пачынаў ад выяваў скарбаў, знойдзеных у беларускай зямлі, а завяршыў галерэю новым сымбалем Беларусі — Нацыянальнай бібліятэкай.

Які дызайнэрскі ўзор ён лічыць найбольш удалым?

“Як на мяне, то найлепшы праект — апошні, які, праўда, яшчэ не завершаны. Гэта рымэйк „зайчыкаў“ у сучасным дызайне”.

Распрацоўка ўзораў беларускай валюты пачалася адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. Працавалі ў гэтым кірунку розныя вядомыя мастакі. У якасьці пераходных грошай зьявіліся так званыя “зайцы”, якіх дагэтуль узгадваюць у якасьці “гістарычнага непаразуменьня”. Паралельна вялася праца над будучай паўнавартаснай валютай.

У 1992 годзе нямецкая кампанія “Giesecke & Devrient” на замову Нацыянальнага банку Беларусі надрукавала беларускія рублі. У тым жа годзе ў Менску была выпушчаная экспэрымэнтальная партыя беларускіх талераў. На купюрах ад 1 да 100 рублёў былі зьмешчаныя выявы Францішка Скарыны, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Алаізы Пашкевіч. На талерах наміналам ад 100 да 1000 таксама прысутнічалі выбітныя асобы: Рагвалод і Рагнеда, Канстанцін Астрожскі, — і малюнкі знакавых для Беларусі гістарычных падзеяў.

Аднак пакуль тагачасныя кіраўнікі змагаліся з інфляцыяй, якая імкліва зьядала вартасьць “зайцоў”, новыя ўлады катэгарычна забракавалі і талеры, і прапанаваныя выявы гістарычных асобаў на купюрах. Ад 1994 году беларускія грошы друкуюцца ў Расеі на фабрыцы “Гознак”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG