Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Азэрбайджане спыняюць рэтрансьляцыю Свабоды


З новага году ў Азэрбайджане спыняецца вяшчаньне на нацыянальных частотах перадач Радыё Свабода, Голасу Амэрыкі і Бі-Бі-Сі.

Такое рашэньне прыняла сёньня Нацыянальная Тэлерадыёрада. Паводле заявы кіраўніка гэтай установы, мясцовыя законы патрабуюць, каб на нацыянальных частотах вяшчалі толькі тэле- і радыёстанцыі Азэрбайджану. Аднак назіральнікі выказваюць сумненьне ў юрыдычнай абгрунтаванасьці такога кроку.

Дырэктар Азэрбайджанскай службы Радыё Свабода Кенан Аліеў распавёў, як пасьля сёньняшняга рашэньня будзе выглядаць інфармацыйнае поле Азэрбайджану:


“Гэта, безумоўна, палітычнае рашэньне ўладаў пазбавіцца ад незалежных крыніцаў інфармацыі, над якімі яны ня мелі ніякага кантролю. Цяпер у Азэрбайджане большасьць газэт, тэлестанцый і іншых сродкаў масавай інфармацыі знаходзіцца пад непасрэдным кантролем уладаў. Замежныя радыёстанцыі заставаліся як бы апошнімі астраўкамі свабоды ў гэтай краіне. Выцесьніўшы гэтыя радыёстанцыі з ФМ-дыяпазону і зь сярэдніх хваляў, улады спрабуюць цалкам узяць пад кантроль інфармацыйную прастору краіны”.
Улады спрабуюць цалкам узяць пад кантроль інфармацыйную прастору краіны.


А вось меркаваньне Кенана Аліева аб тым, чаму рашэньне забараніць вяшчаньне ў Азэрбайджане Радыё Свабода, Голасу Амэрыкі і Бі-Бі-Сі прынятае менавіта цяпер:

“Калі паглядзець на храналёгію падзеяў, то можна зразумець, чаму ўлады менавіта цяпер стараюцца закрыць рэтрансьляцыю гэтых радыёстанцый. Нядаўна ў Азэрбайджане прайшлі прэзыдэнцкія выбары, на якіх практычна безальтэрнатыўна перамог Ільхам Аліеў. Яго перамога была гарантаваная Цэнтральнай выбарчай камісіяй і ўсёй уладнай машынай. Адразу ж пасьля выбараў пачалася новая кампанія за правядзеньне рэфэрэндуму ў Азэрбайджане для таго, каб скасаваць абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека.

Як вядома, канстытуцыя Азэрбайджану абмяжоўвае такую магчымасьць двума тэрмінамі па пяць гадоў. Кіруючая партыя прапанавала скасаваць абмежаваньне. Рэфэрэндум прызначаны на 18 сакавіка наступнага году, улады ня хочуць ніякай дыскусіі, каб усё прайшло пад кантролем – маўляў, усе "за". У такой сытуацыі адзінай пляцоўкай для свабоднага абмеркаваньня сытуацыі ў краіне заставаліся замежныя радыёстанцыі. І каб пазбавіцца ад іх, прынятае такое рашэньне. Сёньняшняе рашэньне пазбаўляе доступу да нашай інфармацыі 90 працэнтаў нашых слухачоў”.
Сёньняшняе рашэньне пазбаўляе доступу да нашай інфармацыі 90 працэнтаў нашых слухачоў.


З новага году перадачы Радыё Свабода на азэрбайджанскай мове будуць трансьлявацца толькі на кароткіх хвалях, праз спадарожнік і па інтэрнэце. Радыё Свабода, паводле шматлікіх незалежных дасьледаваньняў грамадзкай думкі, зьяўляецца самай папулярнай замежнай радыёстанцыяй у Азэрбайджане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG