Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навагоднія пажаданьні дэпутату – ня толькі лаянка


Дэмакратычныя актывісты Гомеля падрыхтавалі адмысловае навагодняе віншаваньне ў выглядзе пажаданняў выбарцаў дэпутату Палаты прадстаўнікоў у Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №33 Аляксандру Шаўко.

Пажаданьні дэпутату актывісты зьбіралі яшчэ ад лета — з тым, каб так званыя абраньнікі ад народу не намінальна прадстаўлялі раён, а дасканала ведалі ягоныя праблемы й спадзяваньні выбарцаў.

Ініцыятарам акцыі быў рэгіянальны прадстаўнік стваранай партыі Свабоды й прагрэсу Пятро Кузьняцоў:

“Выбарцы Цэнтральнага раёну даслалі нам для перадачы дэпутату Шаўко дзясяткі лістоў са сваімі спадзяваньнямі й чаканьнямі. Выявілася, што ў першую чаргу іх хвалююць праблемы, зьвязаныя з мэдычным абслугоўваньнем насельніцтва ў Цэнтральным раёне і ўвогуле станам мэдыцыны ў краіне. У густанаселеным мікрараёне № 17 няма нават дзіцячай паліклінікі, хаця ў гэтым мікрараёне некалькі дамоў заселеныя шматдзетнымі сем’ямі паводле адмысловай праграмы Саўміну.

Людзі патрабуюць, каб дэпутаты вярнулі льготы. Каб не сядзелі ціха, не хаваліся за сьпіны прэзыдэнта і ўрадоўцаў, а больш працавалі ў акрузе зь людзьмі, з канкрэтнымі праблемамі. Адна жанчына наагул прапанавала дэпутату пражыць на дапамогу па догляду за дзіцем, якую атрымлівае сям’я, дзе муж звольнены з працы”.

Спадар Кузьняцоў кажа, што на адрас дэпутата ёсьць лісты з адкрытай лаянкай. Людзі зьняверыліся і раяць лепей даслаць ім праграму тэлевізіі — тое рэальнае, што сапраўды могуць зрабіць народныя абраньнікі.

Усе атрыманыя лісты актывісты наважаны перадаць у новым годзе дэпутату Шаўко, магчыма, нават у парлямэнце:

“Калі ўжо так склалася, што знайсьці нашага дэпутата ў акрузе фактычна немагчыма, то мы плянуем сфармаваць дэлегацыю ў выглядзе ўрачыстага картэжу й паехаць у Менск у парлямэнт, дзе паспрабаваць перадаць гэтыя пажаданьні асабіста дэпутату Аляксандру Шаўко.

Я й нашая ініцыятыўная група жадаем дэпутату вялікага плёну ў ягонай працы. І каб у кожным пад’езьдзе кожнага дому ягонай Цэнтральнай акругі было месца, куды ён прыйдзе й выслухае ўсё праблемы й пажаданьні выбарцаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG