Для будаўніцтва беларускай АЭС абраная астравецкая пляцоўка. Яна знаходзіцца на літоўскім памежжы, за 30 км ад возера Нарач. Генэральным падрадчыкам стане расейскае прадпрыемства “Росатом”.
Спадар: “Для пачатку будаўніцтва АЭС трэба спытаць згоды ўсяго насельніцтва Беларусі. Рэфэрэндум. Бо падобныя падарункі ад роднага ўраду мы маем. Чарнобыль, усеагульная мэліярацыя, жывёлагадоўчыя комплексы і інш.”
У часе нядаўняга візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву беларускі бок папрасіў чарговы крэдыт на 100 мільярдаў расейскіх рублёў. Мы працягваем атрымліваць тэлефанаваньні на гэтую тэму.
Спадар: “Бярэ Лукашэнка крэдыты ў Расеі, і хай бярэ. Ён хітры, як старшыня калгаса, і разумны, як камсамольскі прапагандыст. Яшчэ на пачатку сваёй дзейнасьці ён прапанаваў паставіць Беларусь у адносінах з Расеяй, як Ізраіль і ЗША. Расея даруе нам тры мільярды. А калі сур'ёзна, статыстыкі павінны ўключыць у свае паказчыкі запазычанасьць краіны і запазычанасьць на аднаго жыхара”.
Спадар, Барысаў: “З далёкіх часоў ніколі не было такіх мараў. Па дадзеных Белстата, даўгі беларусаў 14,5 мільярдаў даляраў. І яшчэ просім. І гэтыя даўгі цяжка носім. Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч кажа: “ВВП на 10 адсоткаў расьце, а даўгі на сорак. Калі не прыняць мераў, мыльная бурбалка стане вялікіх памераў. Даўгі растуць і растуць, бурбалка абавязкова можа лопнуць. Перад Новым годам не хачу пужаць, але пра гэта трэба казаць”.
Спадарыня: “Мая вельмі блізкая знаёмая неяк сказала: “Мая маці так шмат гаворыць і так мала робіць, як наш прэзыдэнт”.
17 сьнежня ў Варшаве прайшоў канцэрт “Зь любоўю зь Беларусі”. 26-га тэлевэрсію імпрэзы паказаў канат ОНТ. Водгукі на гэтую падзею:
Ільля Копыл: “Толькі што скончыўся канцэрт беларускай эстрады ў Варшаве. Як прыемна было слухаць! Амаль усе песьні прагучалі на роднай беларускай мове, некалькі на польскай. Як высьветлілася, і амбасадар Беларусі ў Польшчы спадар Латушка дасканала ведае родную мову і вельмі прыгожа размаўляе на ёй без усялякіх паперак. Незразумела, чаму ж гэтыя самыя артысты, сьпевакі ў сябе на Радзіме сьпяваюць на чужой расейскай мове. Калі б яны сьпявалі беларускія песьні на беларускай мове, іх папулярнасьць значна вырасла б як на радзіме, так і за мяжой. Вядоўца Люся Лушчык таксама карысталася роднай мовай. А вось у сябе на радзіме 24 сьнежня раніцай у тэлеперадачы яна размаўляла з каталіцкім сьвятаром. Люся задавала пытаньні на расейскай мове, але сьвятар адказваў толькі на беларускай мове”.
Сёньня мы таксама атрымалі такое тэлефанаваньне:
Спадар Зіноўеў: “Думаю, што Ірына Казуліна прымусіла выпусьціць палітвязьняў. І чалавек году — яна. Хачу павіншаваць з Калядамі рэдакцыю і падзякаваць за цікавыя перадачы”.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.