Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Платнымі паслугамі па крызісе


Старшыня Бабруйскага гарвыканкаму Дзьмітры Бонахаў заклікаў пашыраць платныя паслугі ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы, мэдыцыне, адукацыі, спорце.


Гэта, на ягоную думку, дазволіць знайсьці сродкі на сацыяльныя патрэбы. Але ці будуць у людзей грошы, каб плаціць за такія паслугі? У гэтыя дні прадпрыемствы гораду адпраўляюць сваіх работнікаў у вымушаныя адпачынкі, бо склады затавараныя, а абаротных сродкаў няма.

З новымі патрабаваньнямі Дзьмітры Бонахаў выступіў на сэсіі гарсавету, які разглядаў гарадзкі бюджэт на 2009 год. Кіраўнік гарадзкой вэртыкалі запатрабаваў:

“Больш укараняць платныя паслугі ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы, мэдыцыне, адукацыі, культуры й спорце. Больш актыўна прадаваць з аўкцыёнаў зямельныя дзялянкі і нерухомасьць”, — цытуюць выказваньне старшыні гарвыканкаму афіцыйныя крыніцы.

Былы дэпутат Бабруйскага гарсавету Алесь Чыгір цьвердзіць, што гэтыя патрабаваньні сьведчаць пра складаную эканамічную сытуацыю ў горадзе, а ўлада ня мае канкрэтнага пляну, як адолець праблемы, таму рэагуе як можа:

Алесь Чыгір
“Прымаючы такія валюнтарысцкія рашэньні, яны, наадварот, гэтыя праблемы яшчэ болей пагаршаюць. І самае галоўнае, яны нэрвуюць і без таго знэрваваных людзей. Амаль што на ўсіх прадпрыемствах бабруйскіх людзі адчулі, што ёсьць праблемы. Але зноў кіраўніцтва гэтых прадпрыемстваў не даводзіць людзям, што гэта за праблемы, як доўга яны яшчэ будуць, што думае пра іх кіраўніцтва і як яны зьбіраюцца выходзіць з гэтай сытуацыі. Проста людзей адпраўляюць у адпачынкі да сёмага студзеня”, — зазначае Алесь Чыгір.

Папоўніць бюджэт дапаможа, на думку Дзьмітрыя Бонахава, і выкананьне дырэктываў прэзыдэнта:

“Ва ўмовах сусьветнага фінансавага крызісу застаецца актуальнай і нават узрастае ў некалькі разоў дырэктыва нумар тры прэзыдэнта. У якой гаворыцца пра тое, што мы павінны ашчаджаць ня толькі паліўна-энэргетычныя рэсурсы. Мы сёньня павінны думаць пра эканомію ўсіх рэсурсаў.”

Гарадзкі бюджэт дэпутаты зацьвердзілі. Згодна зь ім, гаспадарнікі павінны ў наступным годзе вырабіць прамысловай прадукцыі на трынаццаць працэнтаў, а спажывецкай — на пятнаццаць працэнтаў больш, чым у 2008-м.

Алесь Чыгір сумняваецца, што зацьверджанае дэпутатамі будзе выканана:

“Калі ў горадзе ёсьць праблемы, дык трэба спачатку вызначыць, што гэта за праблема, адкуль яна ўзялася. Даць дыягназ гэтай праблемы. Далей павінен быць плян, стратэгія вырашэньня гэтых праблемаў. А ўжо пасьля павінны быць зробленыя канкрэтныя захады — як павінны гэтую праблему вырашаць.

Паводле афіцыйнай інфармацыі на складах прадпрыемстваў вобласьці назапашана болей за 77 працэнтаў гатовай прадукцыі ад сярэднемесячнага аб’ёму. Бальшыня прадпрыемстваў мае праблемы са збытам прадукцыі і цярпіць ад нястачы абаротных сродкаў. Папаўняць жа іх праблематычна, бо банкі не даюць крэдытаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG