Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін пачынае “з чыстага аркуша”


Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін

Аляксандар Казулін, які заявіў на паседжаньні Цэнтральнага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) пра выхад са складу гэтай партыі, зьбіраецца пачаць паездкі па Беларусі.


З партыі выйшлі таксама Ўладзімер Нісьцюк, Аляксей Кароль і іншыя.

Аляксандар Казулін у інтэрвію карэспандэнту “Свабоды” заявіў, што выйшаў з партыі, але пакінуў за сабой пасаду яе ганаровага старшыні, каб не губляць сувязяў з партыйцамі. Ён сказаў, што “падвёў рысу пад мінулым, пад пэўным этапам у сваім жыцьці”. І пачынае яго “з чыстага аркуша”.

“У мяне ёсьць вопыт ужо ў многіх галінах, таму я лічу, што гэты вопыт можа спатрэбіцца ў будучыні. І таму зараз я свабодны. А калі ты маеш поўную свабоду — гэта вельмі важна. Я застаюся ў жыцьці, а жыцьцё пакажа”.

Спадар Казулін адзначыў, што мае прэтэнзіі да некаторых асобаў у БСДП(Грамада), але ня хоча апускацца да асабістага.

“Я ж прыйшоў у партыю не таму, што дамагаўся нейкіх пасад. А калі мяне паклікалі дапамагчы партыі. Цяпер ёсьць новае кіраўніцтва. У гэтага кіраўніцтва ёсьць свае думкі, памкненьні, пажаданьні. Ну, а займацца нейкімі дробнымі разборкамі, інтрыгамі, — я ніколі гэтага не рабіў. І ствараць нейкую канфліктную сытуацыю ў партыі не зьбіраюся. Я заўсёды кансалідаваў людзей.

Таму ў мяне няма ніякіх пытаньняў да спадара Ляўковіча. Я лічу, што партыя сама ў стане разабрацца з тым, што адбываецца. Так, я падкрэсьліў, што ў партыі зараз крызіс, зь якім партыя павінна станоўча разабрацца. Але гэта ўжо справа тых людзей, якія знаходзяцца ў партыі”.

Пра свой выхад з БСДП (Грамада) заявілі таксама Аляксей Кароль, Уладзімер Нісьцюк і Вольга Казуліна. Старшыня партыі Анатоль Ляўковіч заявіў, што роля спадароў Караля і Нісьцюка заўсёды была дэструктыўнай, таму для арганізацыі гэта рашэньне пазытыўнае.

Анатоль Ляўковіч
“Ну, а тое, што Аляксандар Казулін сышоў з партыі, — гэта пацьвярджае, што было заканамерным тое, што яго не пераабралі на старшыню на апошнім зьезьдзе. Насамрэч Аляксандар Уладзіслававіч так і ня стаў сацыял-дэмакратам. Калі ён знаходзіўся ў турме, ён двойчы зьвяртаўся да сяброў партыі, што трэба мяняць кіраўніцтва партыі. Ён яшчэ з турмы падтрымаў ідэю стварэньня фракцыі ў партыі. Але фракцыі яны так і не стварылі. І таму адсюль, відаць, такая лягічная кропка”.

Уладзімер Нісьцюк, які быў сябрам БСДП (Грамада) цягам 13-ці гадоў, заявіў, што падзяляе погляд спадара Казуліна на сытуацыю ў партыі:

Уладзімер Нісьцюк
“Разбураны партыйныя арганізацыі, з партыі выштурхнуты шмат актывістаў, якія гадамі працавалі ў партыі. Рэальны стан партыі такі, што цяпер гэта ня крызіс. Гэта абвал. Галоўнае ў тым, што я не падзяляю той стыль, якія сёньняшняе кіраўніцтва праводзіць у жыцьцё. Па-першае, у партыі зараз аўтарытарны стыль кіраўніцтва”.

Паводле спадара Нісьцюка, Казулін зрабіў вельмі мужны і разумны крок.

“Казулін аб'явіў учора на ЦК, што ён будзе езьдзіць па рэгіёнах, сустракацца зь людзьмі. Ён хоча сам асабіста адчуць пульс жыцьця Беларусі. Яго будзе цікавіць думка ня толькі актывістаў апазыцыйных партый, але і думка людзей, якія не займаюцца палітыкай. Гэта палітык дзяржаўнага маштабу, і ён сябе знойдзе ў новай якасьці. Я на яго месцы таксама тую здраду, якая адносна яго адбылася, нікому не дараваў бы”.

Нагадаем, 3 жніўня ў Менску прайшоў пазачарговы зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). На ім меркавалася зацьвердзіць патэнцыйных кандыдатаў ад партыі для ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах. Аднак зьезд ператварыўся з тэхнічнага ў поўнафарматны.

Было пераабрана партыйнае кіраўніцтва. Новым старшынём партыі стаў Анатоль Ляўковіч, які дагэтуль быў выканаўцам абавязкаў старшыні. За яго кандыдатуру прагаласавалі 53 дэлегаты, супраць — 22. Аляксандра Казуліна, які яшчэ знаходзіўся ў турме, зрабілі ганаровым старшынём партыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG