Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсоўцы рыхтуюць “Марш пустых рондаляў”


Сёньня лідэр прадпрымальнікаў горада Баранавічы Мікалай Чарнавус паведаміў “Свабодзе”, што мясцовыя актывісты пачалі падрыхтоўку да масавай акцыі “Марш пустых рондаляў”.


“5 студзеня 2009 году ў 11:00 прыватныя гандляры накіруюцца ў Баранавіцкі гарвыканкам, трымаючы ў руках міскі, рондалі і лыжкі, — заявіў Мікалай Чарнавус. — Такім чынам мы прадэманструем чыноўнікам, што з-за іх вар’яцкага ўціску прадпрымальнікі страцілі сваю працу”.

Са словаў Мікалая Чарнавуса, прадпрымальнікі маюць намер ад 14-га студзеня штодзённа прыходзіць таксама і ў аддзел сацыяльнай абароны насельніцтва Баранавіцкага гарвыканкаму.

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” (зарэгістраванага ва Ўкраіне) Віктар Гарбачоў сёньня сказаў “Свабодзе”, што рашэньне баранавіцкіх прадпрымальнікаў знаходзіць падтрымку ў розных рэгіёнах Беларусі.

Першы апазыцыйны “Марш пустых рондаляў” адбыўся 22 лютага 1997 году ў Менску. Тады 300 жанчын, трымаючы ў руках міскі, рондалі і лыжкі, прайшлі ад плошчы Якуба Коласа да парку Горкага зь лёзунгамі: “Грошы, што ідуць на АМАП — дзецям на лекі”, “Мужыкі, падыміцеся з каленяў”, “Мы любім герояў, а не халуёў”.

XS
SM
MD
LG