Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рамашэўская: Найлепшая каманда, у якой я працавала


Госьця “Начной Свабоды” -- Агнешка Рамашэўская, дырэктарка спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат”, які ўжо год вяшчае з Польшчы на беларускай мове.



СВАБОДА НА БЕЛСАЦЕ



Валер Каліноўскі: Добры вечар, спадарыня Агнешка! Рады вас чуць. Лічу сябе вашым знаёмым. Асабіста я вас не бачыў, але можа памятаеце, мы цягам цэлага дня ў сьнежні 2005-га шмат гаварылі па тэлефоне, калі вас затрымалі ў аэрапорце Менск, і беларускі КДБ трымаў вас, карэспандэнта польскага тэлебачаньня, цэлыя суткі ў аэрапорце, каб потым дэпартаваць на радзіму. Свабода тады паведамляла пра гэта.

Агнешка Рамашэўская: Гэта я памятаю вельмі добра, гэта было амаль дакладна тры гады таму, 13 сьнежня 2005 году. Так што я гэта вельмі добра памятаю і памятаю вашыя тэлефанаваньні, якія тады крыху падтрымлівалі мой дух.

Каліноўскі: Скажыце, а вы дагэтуль застаяцеся неўязной у Беларусь?

Рамашэўская:
Прызнаюся, што я не спрабавала зьвяртацца па візу, мяркуючы, што ўладам трэба даць нейкі час. Спрабавала дамовіцца на сустрэчу з амбасадарам Беларусі ў Польшчы спадаром Латушкам, але ён не меў часу са мною сустрэцца. Не меў часу ну проста месяцамі, і я так падумала, што калі спадар амбасадар зусім ня мае часу са мной сустрэцца, то гэта вельмі верагодна значыць, што я візы не атрымаю. Але мяркую, што ў наступным годзе, я, магчыма, паспрабую папрасіць візу і паехаць у Беларусь. Увогуле прызнаюся, я не хацела атрымаць адмовы ў візе, але цяпер мяркую, што можа і варта зьвярнуцца.

Каліноўскі: Але хвалям са спадарожніка Сырыюс не патрэбныя беларускія візы, і вашую працу могуць бачыць тысячы беларусаў. А хто яшчэ ня бачыў раім ўсталяваць спадарожнікавыя антэны. Скажыце, што цікавага на вашым канале можна пабачыць у чацьвер, 18 сьнежня?

Рамашэўская: Па-першае, запрашаем паглядзець "Аб'ектыў", галоўны выпуск навін будзе а 21-й, апрача таго пакажам канцэрт альтэрнатыўнай беларускай музыкі, які быў запісаны ва Ўкраіне, будзе яшчэ дакумэнтальны фільм, крымінальны сэрыял, праграму аб матарызацыі, якую рыхтуе "Дойчэ Вэле". Асабліва ж запрашаю паглядзець дакумэнтальны фільм "Чатыры сымбалі" з нашага цыклю "Без рэтушы".

Каліноўскі:
Спадарыня Агнешка, увогуле, як вы ацэньваеце колькасьць вашых гледачоў цяпер, пасьля таго, як канал год выходзіць у эфір”.

лічбу 200 тысяч чалавек, якія калі-небудзь сутыкаліся з каналам "Белсат", цягам года мы дасягнулі без правядзеньня вялікай рэклямнай кампаніі, як гэта бывае на нармальным, вольным мэдыя-рынку
Рамашэўская:
Калі ацэньваць паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, бо пакуль толькі так можам рабіць ацэнкі, то доступ да нашага каналу маюць, нас глядзелі каля 200 тысяч чалавек. Гэта вельмі шмат для такога кароткага прамежку часу нашай дзейнасьці. Мяркую, што лік людзей, якія глядзяць наш канал сыстэматычна, меншы. Перакананая, што ён будзе стала расьці. Але трэба прызнаць, што гэтую лічбу ў 200 тысяч чалавек, якія калі-небудзь сутыкаліся з каналам "Белсат", цягам года мы дасягнулі без правядзеньня вялікай рэклямнай кампаніі, як гэта бывае на нармальным, вольным мэдыя-рынку. Мы такіх магчымасьцяў не мелі -- такім чынам гэта цалкам добры вынік. Сапраўды някепскі.

Каліноўскі:
Давайце далей пабудуем нашую гутарку у форме размовы з вашымі гледачамі. Як бы завочнай: мы знайшлі людзей, вядомых у Беларусі і не толькі, якія глядзяць ваш тэлеканал, і якія выказваюць вам парады, неяк ацэньваюць якасьць вашай працы. Вы ж будзеце рэагаваць на іх. Вось жыхары Горадні, адказваючы на пытаньне, чаго ім не хапае на дзяржаўных беларускіх тэлеканалах, з большага кажуць, што на дзяржаўных тэлеканалах няма праўды, шмат прапаганды, а музыкі, цікавых забаўляльных праграм мала. Белсат можа ім прапанаваць альтэрнатыву, задаволіць іх пажаданьні?


Рамашэўская: Відавочна, будзем спрабаваць. Але яшчэ не нарадзіўся чалавек, які б задаволіў кожнага. Мы разумеем, што ўсім таксама ня будзем падабацца. Але адно можам абяцаць пэўна: у нас ня будзе прапаганды, і гэта я кажу вельмі сур'ёзна. Хаця я часта сутыкалася з такой зьявай на Беларусі, што людзі ставяцца таксама зь недаверам і да інфармацыі, якая зьяўляецца адрознай ад афіцыйнай. Людзі ўвогуле навучыліся недаверу да любога роду падачы інфармацыі, разумеюць, што гэта вось дзяржаўная, а гэтая апазыцыйная. Але гэта не так: інфармацыя або праўдзівая або непраўдзівая...

Мы будзем старацца падаваць праўдзівую інфармацыю, такую, як ёсьць.А тое, што гэта камусьці карысна, ці не -- гэта сапраўды не наша праблема, а праблема тых, хто стварае факты і падзеі. Што да музычных праграм, то аб іх у нас была адна з нашых першых думак. Адна з апытаных казала, што дзяржаўным беларускім тэлеканалам "грошай не хапае". Тым больш і нам не хапае, бо гэта вельмі дарагія праграмы.

Дакумэнтальны фільм -- гэта фактычна кароль тэлебачаньня, няма нічога больш важнага за яго, бо ён паказвае рэчаіснасьць з дапамогай камэры
Але ў рамках таго, што можам, мы стараемся прэзэнтаваць як беларускую незалежную музычную сцэну, так і сусьветную. Вельмі дарагія ліцэнзіі, вытворчасьць таксама -- яна патрабуе шмат камэраў і сьвятла, дэкарацыяў... Але мы стараемся, разумеем, што патрэбная ўсьмешка, патрэбна крыху весялосьці, сатыры, і не толькі палітычнай... Там быў яшчэ такі голас, што дзяржаўныя тэлеканалы крыху нудныя... Так, я таксама атрымала такое ўражаньне, гледзячы каля паўгода беларускія дзяржаўныя тэлеканалы. Гэта было так страшна нудна, жудасна нудна. Справа не толькі ў прапагандысцкім зьмесьце...

Мы ж стараемся ня быць нуднымі, паказваць і цікавыя для розных катэгорый гледачоў мастацкія фільмы, і дакумэнталістыку. Дакумэнтальны фільм -- гэта фактычна кароль тэлебачаньня, няма нічога больш важнага за яго, бо ён паказвае рэчаіснасьць з дапамогай камэры. І мы спадзяемся, што гэта будзе цікава для гледачоў.

Каліноўскі: Вядомаму музыку Лявону Вольскаму на вашым канале падабаецца перакладныя фільмы і сэрыялы, зусім не такія на такія, як на беларускіх дзяржаўных і расейскіх тэлеканалах. А вось што эфэктыўнасьці працы, то ў яго наступнае пажаданьне:

Вольскі:
Мне падаецца, што правільны кірунак можа быць дададзены доступам да масы людзей. Калі досыць вялікая колькасьць людзей гэта глядзіць, то гэта выдатна, а калі не даходзіць да шырокіх масаў насельніцтва. то гэта ня вельмі добра

Каліноўскі: Што вы робіце спадарыня Рамашэўская, каб пашырыць свой доступ да масы людзей?

Рамашэўская: Што ж, хачу сказаць, што праўда ў тым, што гэта не мы будзем здабываць доступ да людзкой масы, гэта людзі мусяць атрымаць доступ да нас. Гэта не так, што прыляціць нейкая лятаючая талерка і яна ў нейкі момант зробіць так, што беларусы будуць іначай думаць, і зьменіць уладу на Беларусі альбо памяняе сыстэму...

Відавочна, што ёсьць нейкія зручныя ці нязручныя ўнутраныя ўмовы ў Беларусі, але аб астатнім людзі рашаюць самі. І кожны, хто б меркаваў, што хтосьці зробіць гэта за беларусаў, мусіць пагадзіцца, што так ня будзе. Мы як тэлебачаньне будзем старацца быць даступнымі, будзем імкнуцца паінфармаваць людзей, зацікавіць іх, каб нас глядзелі... І я перакананая, што раней ці пазьней людзі будуць нас глядзець, бо мы зьяўляемся адзіным беларускамоўным тэлеканалам, і ў сувязі з тым, думаем, што нашая якасьць будзе папраўляцца з кожным месяцам і з кожным годам. Мы не зьяўляемся ініцыятывай створанай па паўгода ці год, людзі далей будуць да нас далучацца.

Аднак гэта не мы павінны да іх дастукацца, гэта яны павінны нас пачаць глядзець, а калі не захочуць, то выявіцца, што ініцыятыва гэтая не зьяўляецца патрэбнай альбо пасьпяховай. Тады канал трэба будзе закрыць праз нейкі час. Гэта сапраўды залежыць ад людзей.

Каліноўскі: Вядомы беларускі тэлевізыйнік Леанід Міндлін, перакананы што за год вяшчаньня прыкметны рост якасьці праграм, што канал, які працуе фактычна ў андэграўндзе, мае пэрспэктыву і будучыню. Але ён мае і рэкамэндацыю:

Пакуль што самая эфэктыўная піяр-акцыя была зробленая беларускім КДБ, калі ён правёў ператрусы ў супрацоўнікаў
Міндлін:
Калі нейкая парада, то ім трэба больш займацца ўласным піярам, каб пра іх больш ведалі. Зараз каля 60 працэнтаў сатэлітных антэнаў, гэта, тыя якія прымаюць спадарожнік "Сырыюс", на якім ідзе гэты канал, таму больш трэба гледача зацікаўліваць. Пакуль што самая эфэктыўная піяр-акцыя была зробленая беларускім КДБ, калі ён правёў ператрусы ў супрацоўнікаў. Мне падаецца, што такая рэкляма ім дапамагла, але трэба займацца і ўласнай рэклямай.

Каліноўскі: Ці ёсьць у вас пляны пашырэньня рэклямнай кампаніі, зразумела, што бігборды ў Менску вы не выкупіце, але ж нейкія магчымасьці ёсьць?

Рамашэўская:
Так безумоўна, маем пляны, расьпісаныя ўжо на цэлы год, як мы будзем старацца дайсьці да патэнцыйных гледачоў. Маем надзею, што мы не будзем разьлічваць на КДБ, хаця ж трэба згадаць, як калісьці ў Польшчы казалі, што калі чалавек не ведае, што рабіць, то ўлада штосьці дурное выдумае. Такія шанцы мы таксама маем. Але гэта жартам. Сур'ёзна ж гаворачы, зазначу, што мы плянуем некалькі інфармацыйных кампаній у розных месцах. Але ня буду выдаваць падрабязнасьці. Магу абяцаць спадару Міндліну, што гэта мы разумеем як важнейшую мэту і задачу: знайсьці доступ да шырокай аўдыторыі і палепшыць якасьць свайго вяшчаньня.

Каліноўскі: Між тым палітык і былы палітвязень Мікола Статкевіч даволі сумнеўна ацэньвае магчымасьці для хуткага росту аўдыторыі каналу “Белсат”.


Статкевіч:
Было чаканьне цуду, зьявіцца і пачнуць глядзець і гэта зьменіць сытуацыю ў краіне. Але насамрэч цуда не адбылося, таму што інфармацыі вельмі багата цяпер. Ёсьць шмат каналаў, а каб глядзець Белсат, патрэбныя нейкія намаганьні, а маса ўжо адвучылася рабіць намаганьні ў пошуках інфармацыі, бо ў яе ўвесь час інфармацыю запіхваюць. Але я думаю, што аўдыторыя будзе расьці паступова, як будзе набірацца вопыту сам канал, і думаю, што неўзабаве ўзьнікне попыт на альтэрнатыўную інфармацыю. Бо калі ў краіне сацыяльная сытуацыя спакойная больш-менш, то людзі шукаюць забаўляльную інфармацыю, а як сытуацыя пачынае пагаршацца, то людзі пачынаюць шукаць тлумачэньні і выйсьці. Думаю, што гэты канал яшчэ будзе запатрабаваны.

Каліноўскі: Спадарыня Рамашэўская, вы пагаджаецеся з тым, што спадар Статкевіч фактычна аднёс Белсат да так званых крытычных СМІ, якія запатрабаваныя ў пэрыяды крызісаў, палітычных ці эканамічных? Ці ўсё разьлічвае на больш шырокую ролю ў мэдыя-прасторы?

Рамашэўская: Мяркую, што сапраўды ў цяжкіх пэрыядах СМІ маюць большую запатрабаванасьць, гэта канешне, праўда. Аднак мы не зьяўляемся выключна інфармацыйным СМІ. Інфармацыю ў Беларусі цяпер можна здабыць з многіх іншых крыніц, існуе інтэрнэт, радыё, газэты... Больш важна, што тэлебачаньне прыбліжае падзеі да чалавека, стварае іх твар, апрача таго тэлебачаньне ўвогуле і нашае ў прыватнасьці імкнецца стаць плятформай для грамадзкай дыскусіі, чаго бракуе цяпер у Беларусі. Мы ўвогуле хочам быць плятформай для зацікаўленьня гледачоў грамадзкім жыцьцём у розны аспэктах. А ўвогуле я падзяляю думку спадара Статкевіча, што цуды на гэтым сьвеце адбываюцца рэдка.

Каліноўскі: А асьветнік і кінадакумэнталіст Уладзімер Колас мяркуе, што аўдыторыя Белсату будзе расьці паралельна з ростам якасьці вашых праграм:


Колас:
Па тым патэнцыяле, які ён набірае, перадусім кадравым патэнцыяле, гэта маладыя кадры, моладзь, якая хоча навучыцца, засвоіць гэтую прафэсію, па тым энтузіязьме, які адчуваецца ў гэтай моладзі, можна спадзявацца што ён вырасьце ў нармальны паўнавартасны канал. Хаця, безумоўна, ня трэба мірыцца з нейкімі шэрымі рэчамі, пасрэднымі, якія таксама зараз ёсьць, і гэта відавочна. Я думаю, што гэта як раз праца Рады Белсата, якая нядаўна была створаная. Яна паспрыяе павышэньню і мастацкага і інфармацыйнага ўзроўню Белсату.

Каліноўскі: Спадарыня Рамашэўская, ці ня мірыцеся вы з шэрымі і пасрэднымі рэчамі, як рэкамэндуе спадар Колас, ці такіх у вас няма?

Рамашэўская: Спадар Колас -- гэта сапраўдны настаўнік, я чую ягоны тон, ягонае жаданьне нешта паправіць... Так відавочна, мы ўвесь час ўласна з гэтым змагаемся, з шэрымі рэчамі... Але мяне цешыць тое ж, што і яго: я бачу талент нашых маладых супрацоўнікаў і цэлы час малюся, каб ім хапіла моцы і адвагі. Сапраўды мне гэта вельмі важна, важна, каб гэта не было полымя, якое загарэлася і пагасла... Я працую на тэлебачаньні 16 гадоў, і скажу, што ў настолькі адказным і матываваным калектыве я яшчэ не працавала. Гэта хіба найлепшая каманда, у якой я калі-небудзь працавала. Тут напэўна ўплывае і матывацыя. Маю надзею, што мы дамо рады гэтым драбнейшым рэчам, гэтай шэрай рэчаіснасьці.

Каліноўскі: Дарэчы, як вы ацэньваеце магчымасьці супрацоўніцтва з Грамадзкай радай Белсату, створанай у Беларусі, на чале з Генадзем Бураўкіныім?

у такой Радзе павінны быць перадусім інтэлектуалы
Рамашэўская:
Мы вельмі задаволеныя, што гэтая Рада зьявілася. Ведаю, што ў інтэрнэце былі самыя розныя думкі, у тым ліку нэгатыўныя: а навошта, для чаго... Але мы вельмі задаволеныя, я асабіста давала запрашэньне для групы незалежных інтэлектуалаў сапраўды важных для беларускай культуры. Нам патрэбна нітка сувязі, нам патрэбныя парады, патрэбна пэўнае люстэрка. Гэта не значыць, што мы будзем на 100 працэнтаў выконваць усё, што нам скажа Рада, бо для гэтага ёсьць рэдакцыя, якая стварае праграму. Але так ці іначай нам патрэбная моцная падтрымка на Беларусі: гледачы, сацыялягічныя цэнтры, выбітныя інтэлектуалы. Я даўно думала, што такую раду трэба стварыць. Вельмі баялася, што атрымаецца нешта палітычнае, але зрэшты нам важны і голас прадстаўнікоў палітычных партыяў, вельмі важна, што яны могуць нам сказаць і мы хацелі б быць зь імі ў кантакце. Але ў такой Радзе павінны быць перадусім інтэлектуалы.

Каліноўскі: Спадарыня Рамашэўская, такім чынам мы паслухалі меркаваньні і рэкамэндацыі Белсату вядомых у Беларусі людзей, а цяпер а вось у апытаньні на гарадзенскіх вуліцах некаторыя людзі гаварылі, што гэта апазыцыйны канал, што шмат беларускай мовы і толькі пра Беларусь і мала пра астатні сьвет?

Мы разумеем, што нас так будуць трактаваць, як апазыцыйны канал, што ад гэтага не ўцячы... Што ж да таго, што мы -- канал, які вяшчае па-беларуску, то сапраўды гэта так, гэта нашая мэта, і гэтым мы адрозьніваемся ад усіх іншых даступных у Беларусі каналаў, якія вяшчаюць па-расейску
Рамашэўская:
Што да перакананьня, што мы зьяўляемся апазыцыйным каналам, то я ўжо крыху аб гэтым казала. Тут ёсьць такі дуалізм у беларускай думцы, што калі гэта не ўрадавае, дык апазыцыйнае. Калі ўрад кажа, што сьцяна зялёная, а апазыцыя, што чырвоная, то ніхто й не пытае, якая яна на самой справе. Мы ж стараемся паказаць, якой яна ёсьць сапраўды. Мы ж разумеем, што нас так будуць трактаваць, як апазыцыйны канал, што ад гэтага не ўцячы... Што ж да таго, што мы -- канал, які вяшчае па-беларуску, то сапраўды гэта так, гэта нашая мэта, і гэтым мы адрозьніваемся ад усіх іншых даступных у Беларусі каналаў, якія вяшчаюць па-расейску. Гэта наш плюс. Я ў гэтым глыбока перакананая. Тое, што мы зашмат перадаём аб Беларусі,-- я пагаджаюся, што мы павінны паказваць болей і пра сьвет. Але трэба яшчэ пераканаць нашых маладых калег, якія робяць праграму і якія зьяўляюцца досыць беларусацэнтрычнымі. Яны сканцэнтраваныя на Беларусі. Можа быць, мы павінны крыху болей выходзіць навонкі, гэта нялёгка, але мы будзем спрабаваць паказваць праграмы, напрыклад, аб Эўропе. Але відавочна, што на кожную тэзу ёсьць антытэза. Можа нехта кажа, што зашмат аб Беларусі і мала аб Эўропе, але калі мы паказвалі, як жывуць пэнсіянэры ў Бэльгіі ці ў Галяндыі, дык нам кажуць: Што вы нам паказваеце жыцьцё пэнсіянэра ў Галяндыі, пакажыце, як жыве пэнсіянэр у Сьвіслачы. Гэта адбываецца з кожным СМІ, уключна з тэлебачаньнем, а можа і перш за ўсё тэлебачаньнем.

Эфір 18 сьнежня



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG