Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пара мяняць коней на пераправе”


Слухачы абмяркоўваюць рэгістрацыю руху “За свабоду”, міжнародны фінансавы крызіс, становішча з правамі і свабодамі грамадзян у Беларусі, а таксама іншыя тэмы.


Міністэрства юстыцыі зарэгістравала рух “За свабоду”, які ўзначальвае вядомы палітык Аляксандар Мілінкевіч. Рэгістрацыя ўдалася з чацьвёртай спробы. Камэнтар слухача:

Спадар:

“Аж з чацьвёртага заходу
Юстыцыя зарэгістравала рух “За свабоду”.
Мілінкевічу, Карняенку, Губарэвічу і іншым сябрам трэба многа рабіць,
Каб беларусам свабоду здабыць.
Беларусы гадамі прывыкалі зь Леніным, Сталіным ды іншымі д’ябламі жыць,
А каб са свабодай дружыць,
Трэба ўсім грамадзтвам камунізм асудзіць.
Помнікі ўсім д’яблам зваліць, зрабіць па-простаму,
А на іх месцы паставіць помнік Касьцюшку ці Каліноўскаму.
Казаў беларус, у каго бацька пры Ёсіфе-грузіне хадзіў у лапцях ды рызіне,
Але яго раскулачылі і на поўнач разам зь сям’ёй паміраць адправілі”.

У наступных тэлефанаваньнях слухачы абмяркоўваюць міжнародны фінансавы крызіс і ягоны ўплыў на эканамічнае становішча ў Беларусі.

Спадарыня: “Лукашэнка сказаў, што ў нас няма крызісу, усе заводы працуюць, людзі не ў адпачынках. А страшна паслухаць, што робіцца. Яны панаядаўшыся, іх крызыс не закране. А людзі пакутуюць: пэнсіі капеечныя, заробкі таксама. Як далей жыць людзям? Пара ўжо мяняць коней на пераправе”.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Зь першага студзеня ўлады плянуюць павысіць плату за камунальныя паслугі. А пра павелічэньне заробку, пэнсіі, стыпэндыі ніхто нават і ня ўзгадвае, спасылаючыся на эканамічны крызіс. Сорам і ганьба даводзіць людзей да жабрацкага становішча!”

Ларыса, Менск: “Крызіс дабраўся да нашай краіны, а інакш не магло і быць. Мы доўга надзімаліся, а калі пухір доўгі час надзімаць, ён павінен лопнуць. Недальнабачная палітыка — наступаць на дробны бізнэс. А павінна быць наадварот: гэтыя людзі самі забясьпечваюць сябе. І зараз яны будуць”.

Лявон, Ашмяны: “Ці магчыма ў Беларусі пасьля Новага году дэнамінацыя беларускага рубля? Ці будуць адкідацца нулі?”

На пытаньне адказвае эканаміст Міхась Залескі:

“Чаму пасьля Новага году? Гэта можа быць у любы момант: заўтра, празь пяць гадоў. Гэта зусім не эканамічнае пытаньне. Трэба ведаць, хто ў нас кіруе краінай. А дэнамінацыя ў любой краіне праводзіцца згодна з рашэньнем пэўных кіраўнікоў у тых выпадках, калі абарачэньне любой валюты робіцца запаволеным альбо нязручным — з тае прычыны, што наміналы сталіся занадта вялікімі”.

Журналіст ірацкага тэлеканалу падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Багдадзе кінуў чаравікам у прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша. Выказваньні на гэтую тэму:

Спадар: “Усе зараз смакуюць нядаўні выпадак з Джорджам Бушам. Я чамусьці ўспомніў даўнейшы выпадак. У Расеі ў Мікіту Міхалкова лімонавец кінуў грушыну ці апэльсініну. І на ўсю краіну паказалі, як таго хлопчыка схапіла ахова і Мікіта Міхалкоў сваім пантофлем — ды яму ў твар. Ну што гэта? Можа, сапраўды, чым вышэй чалавек, тым большы ён мярзотнік? Ну, а Буш што? Прамаўчаў, ды ўсё. Сапраўдная дэмакратыя”.

Працягваем праграму наступнымі выказваньнямі:

Спадар, Асіповічы: “Хацеў бы зьвярнуцца да амбасады Грузіі ў Беларусі. У нас шмат у каго стаяць спадарожнікавыя талеркі і ёсьць канал, які ідзе толькі на грузінскай мове. Добра было б субтытры на беларускай мове, ці лепш нават на ўкраінскай”.

Спадарыня: “Адна слухачка “Свабоды” сказала: “Мы стаміліся жыць у пастаянным страху”. Гэтым усё сказана. Мы не жывем у свабоднай краіне. У нас прыгон у розных праявах, бяспраўе, неабароненасьць паўсюль, як атручаны туман, нават думаць свабодна нельга. І, як выказаўся чыноўнік адпаведнага ведамства для аб’ектыву БелСату, невыязныя і тыя, у каго нетрадыцыйныя погляды. А якія цяпер погляды традыцыйныя? Як у памешчыка: адзін памешчык і адзін прыгон”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG