Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі “Вольныя песьні”


Складанка аўтарскіх песьняў у якасьці каляднага падарунка — такі прыемны сюрпрыз чакаў сёньня увечары кожнага наведніка музычнай імпрэзы ў сядзібе БНФ.


Дзевятнаццаць твораў сямі выканаўцаў пад назовам “Вольныя песьні” выдаў музыка і прадусар Андрэй Плясанаў.

Вечарына распачалася выступам маладой, але ўжо досыць папулярнай сьпявачкі Тацяны Беланогай.

Зь вядомых аўтараў беларускай бардаўскай песьні яшчэ на дыску творы Зьмітра Бартосіка, Лявона Тышкевіча, Кастуся Герашчанкі і Андрэя Плясанава, які ініцыяваў, склаў, запісаў і выдаў дыск. Праца над ім працягвалася два гады.

Андрэй Плясанаў
Напачатку, як прызнаўся на прэзэнтацыі Андрэй Плясанаў, меркавалася, што такіх дыскаў будзе некалькі, таму на першы выбралі творы толькі згаданых ужо музыкаў. Але ўзьніклі праблемы як з пэрспэктывай працягу праекту, так і чыста творчага характару з кампанаваньнем першага дыску.

“Калі ўжо ўсё было зроблена ўсё роўна нечага не хапала. Тады я прапанаваў Юру Несьцярэнку. Юра прасьпяваў адну песьню, якая стала на сваё месца. І потым апошнім быў Уладзь Крумін з Горадні. Гэта наш малады, на мой погляд, вельмі таленавіты хлопец, у яго гурт “Здань” называецца. І я думаю, што ў іх яшчэ ўсё наперадзе. Запомніце — “Здань”.

Старшыня культурніцкай камісіі Партыі БНФ Франак Вячорка, віншуючы ўдзельнікаў прэзэнтацыі з выданьнем “Вольных песьняў”, сказаў, што бардаўская песьня ў найноўшай гісторыі Беларусі адыграла і працягвае адыгрываць выключную ролю:

“Беларускае нацыянальнае адраджэньне 80-х, а пасьля 90-х гадоў менавіта з гэтай песьні пачыналася. Узгадайце масавыя акцыі пратэсту, мітынгі, якія адбываліся на плошчы незалежнасьці, у купалаўскім сквэры — усе яны былі аздобленыя аўтарскай песьняй. Такія імёны як Сяржук Сокалаў-Воюш, Андрэй Мельнікаў, Зьміцер Бартосік былі натхняльнікамі людзей, якія прыходзілі на плошчы. Менавіта празь іхнюю песьню людзі прыходзілі да беларускай справы і да беларушчыны”.

Новыя твары на сцэне і ў залі пад час сёньняшняй імпрэзы пацьвярджаюць надзённасьць гэтай тэзы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG