Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакраты маўчаць, “каб ня спудзіць працэс”


Хельга Шміт<br/><br/>
Хельга Шміт<br/><br/>
Сёньня Менск наведала Хэльга Шміт — кіраўніца палітычнага аддзелу Генэральнага сакратарыяту Рады Эўразьвязу. Брусэль даверыў ёй весьці непасрэдныя перамовы ў Беларусі на тэму паляпшэньня дачыненьняў паміж Менскам і Брусэлем.

Арганізатар гэтага візыту — амбасада Францыі ў Беларусі. Менавіта гэтая краіна ачольвае цяпер Эўразьвяз. І амбасада, і спадарыня Шміт ад камэнтароў устрымліваюцца. Такія паводзіны яны тлумачаць тым, што гэта місія тэхнічная, а ўсе перамовы ідуць у закрытым рэжыме.

Аднак можна меркаваць, што сёньня гаворка вялася пра пяць галоўных палажэньняў, якія Эўразьвяз сфармуляваў адносна Беларусі. Іх называў нядаўна кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Гольцапфэль на сустрэчы зь беларускімі журналістамі:

“Ёсьць пяць наступных пунктаў. Па-першае, Беларусь павінна заставацца краінай, у якой няма палітычных зьняволеных. Таксама павінны быць зробленыя пэўныя захады ў галіне сродкаў масавай інфармацыі. Эўразьвяз заахвочвае Беларусь працягваць дыялёг зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ на прадмет рэфармаваньня выбарчага заканадаўства. Наступны пункт тычыцца статусу недзяржаўных арганізацыяў і паляпшэньня ўмоваў іх дзейнасьці. І пяты пункт — ён такі больш агульны: гарантаваць свабоду сходаў і палітычных асацыяцыяў”.

Ускосным пацьверджаньнем, што перамовы вяліся вакол гэтых тэмаў, служыць і склад прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, якіх запрасілі на размову з Хэльгай Шміт. Гэта старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка, праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Алег Гулак, журналісты Андрэй Дынько і Ёсіф Сярэдзіч.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька пасьля заканчэньня перамоваў сказаў “Свабодзе”, што бакі дамовіліся не рабіць камэнтароў для прэсы:

“Сустрэча была канструктыўнай, мы гаворым на адной мове. Але вось што тычыцца дэталяў, дык ёсьць дамова — калі працэс ідзе (а ён патроху ідзе), то важна яго ня спудзіць. Няхай ён ідзе пакрысе”.

Сёньня Хэльга Шміт сустракалася таксама з намесьніцай кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальляй Пяткевіч і намесьнікам міністра замежных спраў Валерыем Варанецкім. Яны абмяркоўвалі тыя ж самыя праблемы. Анатоль Лябедзька так камэнтуе візыт прадстаўніцы Эўразьвязу:

“Я з задавальненьнем адзначу, што той парадак дня, які абмяркоўваецца на сустрэчах і з прадстаўнікамі ўлады, і з намі, — гэта ёсьць нішто іншае, як паўтарэньне тых кошыкаў, якія сфармаваныя Аб’яднанымі дэмсіламі. Гэта пацьвярджаецца ўжо шэрагам фактаў. Калі сюды прыяжджаюць замежныя чыноўнікі, яны пераважна абмяркоўваюць пяць кірункаў. Чатыры зь іх якраз і ёсьць тое, што прапаноўвалася Аб’яднанымі дэмсіламі”.

Спадарыня Шміт завяршыла свой візыт сустрэчай з кіраўнікамі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу, якія акрэдытаваныя ў Беларусі.
http://gdb.rferl.org/105F3C17-47A7-4C89-A3CF-63018B50CDC3_.jpg
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG