Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Эканамічная свабода ня можа існаваць без палітычнай”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 15 сьнежня, панядзелак.

Прадпрымальнікі з розных рэгіёнаў Беларусі правялі ў Менску шэсьце і мітынг на знак пратэсту супраць ініцыяванай уладай зьмены ўмоваў працы ад 1 студзеня 2009 году. Выказваньні на гэтую тэму:

Cпадар: “Слухаў я вас, паважаныя прадпрымальнікі, і дзіву даваўся. Багата хто кажа, што мы, маўляў, апалітычныя, абы было як рабіць. Дык вось што я вам скажу. Свабода эканамічная ня можа існаваць без свабоды палітычнай”.

Cпадар: “Я прапаноўваю гэтым “дзялкам” не ісьці на мітынг, а ехаць за мяжу, там зарабіць валюту. І няхай прыяжджаюць адтуль хоць на джыпе, хоць на самалёце. А ў нас хапае ўсяго свайго, у тым ліку машын, камбайнаў і г.д. Вось наша меркаваньне”.

Далей слухач задае пытаньне:

Cпадар: “Скажыце, калі ласка, якая моладзевая сіла на сёньняшні дзень здатная падняць нацыю? Хіба хрысьціянскія дэмакраты, ці яшчэ, можа, нехта з так званых “новых беларусаў”?”

Адказвае сябра аргкамітэту для стварэньня партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Аляксей Шэін:

“На маю думку, ёсьць толькі адна сіла, якая здольная памяняць сытуацыю — гэта сам беларускі народ. І няма ніякай палітычнай сілы, якая можа сказаць, што так, мы націсьнем на ўладу. Такой сілы самой па сабе няма. Я думаю, што лепшыя лекі ад такога расчараваньня — узяць і нешта пачаць рабіць самому”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Cпадар Барысаў: “Крызісу гамон ідзе. Ёсьць крызісы дзяржавы і асабліва яе ўлады. Калі грошы ідуць у кішэні алігархаў, карпарацый, іх рахункі за мяжой. А ў цэлым на сьвеце, на плянэце, у Штатах, у Эўропе крызіс хутка пачне ісьці на спад, долу. А ў нас, беларусаў, ён заўсёды будзе ісьці ўверх, угору”.

Cпадар: “Спадары карупцыянэры! Не перажывайце. Крыху папракнуў вас Аляксандар Рыгоравіч, але ўсе будзеце на свабодзе, на сваіх пасадах далей займацца сваімі справамі, таму што ў вас вельмі багаты досьвед”.

Дзьмітры Анікіевіч, Маладэчна: “Калі мы — саюзная дзяржава, а ня флюгер, то чаму да гэтай пары не прызналі незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі? Усе мы, а не высокапастаўленыя чыноўнікі, у выніку панясём страты, страты эканамічныя ад такой дыпляматыі”.

Cпадар: “Лукашэнка хай паглядзіць, як на Магілёўшчыне і на Віцебшчыне людзі жывуць — дарог няма, людзі бяз хлеба месцамі сядзяць — не падвязуць. Вось яго цацанкі-абяцанкі. Так і будзем жыць у Лукашэнкавым сінім тумане”.

Мірон Сьмелы: “Сьветлай памяці Андрэя Дзьмітравіча Сахарава. Яго галоўныя тэзы будуць жыць у вяках. Заявіў ён усёй прэсе аб сваім прагрэсе, і каб было ў нас спазнаньне пра мірнае існаваньне. І, канечне, гучна, пры ўсім народзе — аб інтэлектуальнай свабодзе”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG