Лінкі ўнівэрсальнага доступу

300 здымкаў пра 200 фэномэнаў Cевярынца


Павал Севярынец
Павал Севярынец

Паводле самога аўтара, гэтая кніга — пашыранае перавыданьне ранейшай ягонай працы “Нацыянальная ідэя”. У новым выданьні расказваецца пра 200 беларускіх фэномэнаў.

Кніга Паўла Севярынца “Люблю Беларусь” зьмяшчае больш за 300 фатаздымкаў. Аўтар амаль год шукаў іх для сваёй кнігі. Яшчэ два з паловай гады яму спатрэбілася, каб напісаць тэкст.

Павал распавёў: “200 найбольш вядомых фэномэнаў беларускай нацыянальнай ідэі пададзеныя тут з гледзішча хрысьціянства. Тая сутнасьць нацыянальнай ідэі, якая выражаная ў хрысьціянскіх сымбалях, культуры, духоўнасьці, беларускай зямлі, беларускіх асобах, склалася ў своеасаблівую энцыкляпэдыю”.

Павал Севярынец кажа, што сам час прадыктаваў яму неабходнасьць у такой кнізе:
Нідзе пад адной вокладкай я ня змог убачыць пераліку дасягненьняў, якімі варта ганарыцца беларусам.


“Для мяне, напрыклад, адсутнасьць такой кніжкі была выклікам, які вымусіў мяне пісаць. Нідзе пад адной вокладкай я ня змог убачыць пераліку дасягненьняў, якімі варта ганарыцца беларусам. Якімі? Напрыклад, БелАЗ”, беларускі біятлён, “Песьняры”, беларускі ручнік, беларускі бел-чырвона-белы сьцяг, гімн “Магутны Божа”, постаці Зянона Пазьняка, Станіслава Шушкевіча, Лява Сапегі…

Усё гэта сабрана пад адной вокладкай, і ў кожным з гэтых фэномэнаў я спрабаваў разгледзець тое, што іх яднае з нацыянальнай ідэяй“.

Кніга “Люблю Беларусь” шостая па ліку ў Севярынца. Раней былі “Ды-джэй Адраджэньня”, “Пакаленьне “Маладога фронту”, “Брату”, “Лісты зь лесу” і “Нацыянальная ідэя”.

Цяпер Павал Севярынец працуе над раманам пра Беларусь. Павал ня стаў расказваць, пра што будзе раман і якія падзеі будуць апісаныя ў ім, толькі сказаў, што гэта будзе не біяграфія, а выключна мастацкі твор. Рыхтуецца да выданьня й Севярынцава кніга “100 эсэ пра Беларусь”. Кніга будзе выдадзеная ў Польшчы ў перакладзе на польскую мову.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG