Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд недзяржаўных СМІ 11 сьнежня



“Вечерний Брест” распавядае пра новы паварот у справе аб скрадзеных аўтамабілях, у якой фігуруюць былыя супрацоўнікі мытні і ДАІ. На тэрыторыю краіны незаконным шляхам па фіктыўных дакумэнтах трапіла больш за 50 аўтамабіляў, якія былі скрадзеныя ў краінах Эўропы. Дзяржаве нанесена страта ў 2 мільярды 206 мільёнаў. Абласная пракуратура апратэставала даволі мяккія прысуды, вынесены Маскоўскім раённым судом 22 абвінавачаным. Справу будзе разглядаць Берасьцейскі абласны суд.

Сяргей Вазьняк
Газэта “Товарищ”публікуе артыкул “Адна рука дала, другая забрала”. Распавядае галоўны рэдактар газэты Сяргей Вазьняк:

“Сілавым структурам у кастрычніку далі надбаўку да заробкаў — 300 — 400 тысяч, а ў лістападзе адабралі. Наша выданьне робіць выснову, што была спроба, так бы мовіць, подкупу сілавых структур і падзяка за іх падтрымку на выбарах, а зараз умяшаўся такі нюанс, як ўсясьветны фінансавы крызіс, і гэту надбаўку адмянілі”.

“Вольнае Глыбокае”. Глыбоччына займае першае месца сярод сельскіх раёнаў Віцебскай вобласьці па колькасьці прадпрымальнікаў. У райцэнтры адбыўся бізнэс-сьняданак. Распавядае журналіст Уладзімер Скрабатун:

“Прыехала зь Віцебску кіраўніцтва грамадзкага аб’яднаньня „Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў“. На бізнэс-сьняданак былі запрошаны глыбоцкія камэрсанты. Аднак ня ўсе з запрошаных прыйшлі, пабаяліся. А ўсяго ў Віцебскай вобласьці па стане на кастрычнік 2008 года 30170 прадпрымальнікаў, 6087 камэрцыйных структур, 251 прадпрыемства з замежнымі інвэстыцыямі”.

Сьветлагорскі “Ранак-плюс” уздымае праблему — як змагацца з даўжнікамі? У горадзе амаль 1300 сем’яў ня плацяць за камунальныя паслугі, а сума агульнай запазычанасьці больш за 500 мільёнаў рублёў, сёньня ў судзе знаходзіцца 110 пазоваў, 130 злосным неплацельшчыкам ужо адключылі ваду, амаль 800 — электраэнэргію.

Што рабіць, “Калі вас хочуць звольніць?” Комсомольская правда”в Белоруссии” дае карысныя парады, як паводзіць сябе ў складанай сытуацыі, калі працадаўца хоча разарваць кантракт, скараціць, звольніць па артыкуле.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG