Віктар, прадпрымальнік: “На інфармацыю абмежаваныя правы. Для большасьці даступны толькі погляд дзяржавы, а да альтэрнатыўных поглядаў доступу няма. Вось тую ж „Свабоду“ не даюць нармальна слухаць, учора спрабаваў на сярэдніх хвалях злавіць — ледзь атрымалася. А інтэрнэт у нас у сто разоў даражэйшы за Эўропу”.
Малады мужчына: “Я працую ў такой сфэры і жыву гэтак, што на мае правы дзяржава не ўплывае. Для мяне ўсё добра”.
Супрацоўніца фірмы: “Вось са свабодай мітынгаў і дэманстрацый у нас праблемы. Калі людзі хочуць сабрацца, дык калі і дазваляюць, то мала людзей, бо баяцца”.
Студэнт: “Становішча пагаршаецца. Узяць хаця б папярэджаньне, што забараняецца сеяць паніку адносна крызісу і за гэта нібыта будуць штрафаваць. Усё ж людзі павінны мець права выказаць сваё меркаваньне”.
Працаўнік зь Віцебску: “Недахопаў ва ўсіх ёсьць, але мы зь імі змагаемся. Добра тое, што ідзем у кірунку, каб было лепей. Стабільнасьць ёсьць, бясьпека, упэўненасьць у будучыні”.
Афіцэры памежных войскаў. Маёр: “Правы чалавека? Не, камэнтаваць ня будзем”.
Падпалкоўнік: “Усё ў нас добра. Прыбяры ты гэты мікрафон, я сьпяшаюся”.
Алег, прадпрымальнік: “Нашы праваахоўныя органы не заўсёды прытрымліваюцца закону і збольшага не выконваюць нашы правы. Маю на ўвазе найперш міліцыю”.
Малады працаўнік: “Магло б быць лепей, але ня гэтак дрэнна, як у якім Іраку. Бясьпека добрая, але прадпрымальнікам маглі б даць больш свабоды”.
Уладзімер, пэнсіянэр: “Вельмі-вельмі дрэнная, традыцыйная з часу ГУЛАГу. Вось тады было такое пакараньне, як „паражэньне ў правах“. Гэтак і зараз. Хто крытыкаваў, быў у апазыцыі, таго і працы пазбавілі, і з вучобы адлічылі, ды іншыя пакараньні”.
Вікторыя, працаўніца: “Калі шчыра, ня вельмі добра. Узяць, прыкладам, тое, што зараз выклікаюць людзей у міліцыю, бяруць адбіткі пальцаў у сувязі з расьсьледаваньнем па выбуху. Калі чалавеку нічога ня выставілі, то якія могуць быць адбіткі пальцаў? А вось маіх сваякоў гэта тычылася”.
Маладая жанчына: “Можа і нядрэнна, у нас жа абароненыя правы спажыўца”.
Супрацоўніца фірмы: “У нас правы чалавека збольшага выконваюць, калі яны не закранаюць правоў аднаго вялікага чалавека… Але што да судовай сыстэмы, то месцамі яна працуе нядрэнна”.
Інжынэр сярэдняга веку: “Як бы мы ні галасавалі, вынік будзе адзін і той жа. Падтасоўка ідзе безумоўна. Што да мітынгаў? Зараз, калі Эўропа крыху націснула, іх крыху і дазваляюць, але ўсё роўна яны ж усе пад кантролем”.





