Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Абяцаў прыстойнае жыцьцё — выконвай”


Агляд тэлефанаваньняў на ”Свабоду” за 8 сьнежня, панядзелак.


Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій ІІ будзе пахаваны ў Маскве ў аўторак, 9 сьнежня. На гэтую тэму выказваньне слухачкі:

“Аляксія ІІ называюць аб’яднальнікам праваслаўя. Было б добра аб’яднаць хрысьціян — сьвяткаваць Каляды і Вялікдзень разам, адной датай. А мажлівасьць такая была ў той год, калі праваслаўныя і каталікі Вялікдзень сьвяткавалі ў адзін дзень — так супала. Аляксій ня змог паступіцца імпэрскімі амбіцыямі”.

Незалежныя газэты “Наша Ніва” і ”Народная воля” вернутыя для распаўсюду ў кіёскі “Белсаюздруку”. Выказваньні на гэтую тэму.

Cпадар Мікола: “Вось прыемная навіна. І ў Нароўлі ў шапіку “Саюздруку” зьявілася “Народная воля”. Сёньня першы дзень. Думаю, зьявіцца яшчэ і ”Наша Ніва”.

Cпадар: “Вось трымаю ў руках сьвежы нумар „Народнай волі“, і там штотыднёвая праграма. Шаноўны спадар Сярэдзіч, вось у „Народнай волі“ вы надрукавалі такімі буйнымі літарамі праграму тэлебачаньня на наступны тыдзень. Ці не плянуеце вы на наступны тыдзень даць праграму тэлеперадач тэлеканалу „Белсат“? Бо ж друкуюць у іншых газэтах каналы Animal planet, Discovery, History, National Geografic?”

На пытаньне адказвае рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч:

“Калі „Белсат“ прапануе „Народнай волі“ праграму на тыдзень, мы абавязкова будзем яе друкаваць”.

Пра адмену надбаўкі за званьні для вайсковых пэнсіянэраў, а таксама пэнсіянэраў-міліцыянтаў — у наступных тэлефанаваньнях.

Cпадарыня, Менск: “Мне ні трошачкі не шкада супрацоўнікаў у пагонах, яны і так на асаблівым становішчы. Дадаў 200 даляраў і адразу адабраў. Гэта, вядома, брыдка. А чаму мы, настаўнікі, дактары, здавольваемся жабрачымі пэнсіямі і заробкамі? Няхай яны зараз абараняюць узурпатара”.

Cпадар: “Успомніў тэлефанаваньне маёра ў адстаўцы, вайскоўца, дзе ён скардзіўся, што ў яго пэнсія больш за 700 тысяч і даплата каля 300 тысяч беларускіх рублёў. Ён, напэўна, не разумее, як тым людзям, хто працаваў усё жыцьцё на зямлі, атрымліваць пэнсію 400 тысяч. Як ім жыць, калі ўжо ён скардзіцца?”

Пятро Сьцяпанавіч: “Я пазваніў на радыё „Свабода“ і канкрэтна сказаў, якую пэнсію атрымліваю як ваенны пэнсіянэр. Колькі дадалі і чаму зьнялі гэтую надбаўку. І што я пачуў ад радыёслухачоў? Зьнялі надбаўку — правільна зрабілі, зраўняць усім пэнсіі. Ня плакацца трэба, а патрабаваць таго, што абяцаў Лукашэнка. Абяцаў прыстойнае жыцьцё і квітнеючую Беларусь — выконвай. Ня можаш выканаць — сыходзь. Так трэба ставіць пытаньне”.

Cпадар Віктар: “Калі ласка, патлумачце розьніцу паміж бюджэтнікамі і дзяржслужачымі. Дзяржслужачыя атрымліваюць добрыя заробкі, пэнсіі, адпускныя і ў дадатак да адпачынку яшчэ 2—3 аклады. Патлумачце, калі ласка, для народу”.

На пытаньне адказвае юрыст Уладзімер Лабковіч:

“Ёсьць некаторая розьніца ў зьвязку з атрыманьнем сацыяльных ільгот. Для гэтага неабходна браць пэўную катэгорыю і пэўную асобу, глядзець на іх стаж працы, на кваліфікацыю і гэтак далей. Калі ж казаць агульна, то паміж гэтымі катэгорыямі можна ставіць знак роўнасьці”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Зьміцер Анішкевіч, Маладэчна: “Чаму ў некаторых аўтараў “Званкоў на „Свабоду“ такая паталягічная нянавісьць да Расеі? Усе мы не зьніштожаныя фашыстамі дзякуючы перамозе над Нямеччынай, дзякуючы Расеі, якая кавала гэтую перамогу. Перамога кавалася не на Менскім ці Харкаўскім трактарным заводах, а на Ўрале і ў Сыбіры. Як можна гэта ня ведаць і забыць? Як можна сёньня называць расейскіх салдат галаварэзамі?”

Cпадарыня: “Некалькім тысячам жыхароў Першамайскага раёну былі разасланыя заказныя лісты з такім тэкстам: „Адным са шляхоў рэальнай эканоміі зьяўляецца ўсталяваньне індывідуальных прыбораў уліку вады і г.д.“ Кошт адпраўкі заказнога ліста плюс капэрта — 780 рублёў. Вось такая ў нас эканомія і ашчаднасьць!”

Cпадарыня: “Як можна зносіць шапікі, калі гэта такая выгода для людзей. Каму гэта трэба — зносіць выгоду для людзей? Што гэта дае каму? Гэта брыдка, нядбайна”.

Дзед Міхась: “Хачу нагадаць карцінкі з жыцьця мястэчка Арэхаўск Аршанскага раёну, які завуць БелГРЭС. Правісаюць пліты ў Арэхаўскай школе імя Сьмірнова на трэцім паверсе, і трэснула зьверху сьцяна. Каго яна яшчэ пахавае? Добра, калі ноччу абваліцца. Вось такія развагі мае”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG