Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адлічаныя студэнты віншуюць унівэрсытэт зь юбілеем


Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова адзначыў дзевяноста пятыя ўгодкі свайго існаваньня. Навучальную ўстанову зь юбілеем павіншаваў Аляксандар Лукашэнка.


Ён у 1975 годзе скончыў тут гістарычны факультэт. Ягоныя віншаваньні пераказаў калектыву й студэнтам міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў. Ён таксама тут вучыўся, а потым два гады, ад 2001 да 2003 году, быў рэктарам. Да юбілею аднак не давучыліся трое моладзевых актывістаў. Тацяну Шамбалаву, Расьціслава Панкратава ды Яўгена Бойку сёлета адлічылі з унівэрсытэту. Што яны зычаць яму і што набылі для сябе, пакуль вучыліся?

Тацяну Шамбалаву, Расьціслава Панкратава і Яўгена Бойку, паводле афіцыйнай вэрсіі, адлічылі нібыта за парушэньне дысцыпліны й нездавальняючую пасьпяховасьць у вучобе. Але самі актывісты цьвердзяць, што сапраўдная прычына – у іх грамадзкай дзейнасьці, якую катэгарычна не прымала кіраўніцтва ўнівэрсытэту.

Рэгіянальная каардынатарка незарэгістраванага аб’яднаньня Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя Тацяна Шамбалава была самай маладой удзельніцай сёлетніх выбараў у палату прадстаўнікоў. Свой удзел у выбарах актывістка і лічыць прычынай, па якой яе адлічылі з унівэрсытэту.

На гістарычным факультэце Тацяна Шамбалава адвучылася тры гады. Унівэрсытэт, зазначае былая студэнтка, даў ёй шмат ведаў:

“Навучыў таксама зь людзьмі больш ладзіць. Цаніць і захапляцца тымі навукоўцамі, тымі выкладчыкамі файнымі, шыкоўнымі які працуюць ва ўнівэрсытэце. Што пажадаць? Каб прыйшла свабода, калі ні выкладчыкі, ні студэнты ня будуць баяцца правесьці паралель зь нейкім гістарычным часам, зь нейкай іншай краінай з тым, што сёньня адбываецца ў нашай краіне”.

Тацяна Шамбалава зьбіраецца паступаць у замежнае ВНУ на завочную форму навучаньня. Кідаць грамадзкай дзейнасьці яна не зьбіраецца, як і зьяжджаць зь Беларусі.

Маладафронтавец Расьціслаў Панкратаў адвучыўся на факультэце замежных моваў адзін год. Актывіст цьвердзіць, што пасьля першага месяца вучобы ва ўнівэрсытэт прыходзілі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі і дапытвалі яго ў службовым памяшканьні рэктарату. Тады ж яго папярэдзілі: “Ня кінеш апазыцыйнай дзейнасьці – вучыцца ва ўнівэрсытэце ня будзеш”. У верасьні студэнта адлічылі.

Расьціслаў Панкратаў адразу пасьля адлічэньня заяўляў, што будзе паступаць у яго зноў, аднак цяпер перадумаў:

“У нас сыстэма адукацыі дужа дрэнная. Таму нічога новага я за першы год не даведаўся. Ёсьць шмат унівэрсытэтаў, дзе сыстэма адукацыі лепшая, чым у нашым унівэрсытэце, таму вырашыў, што аднаўляцца ня буду. Шмат выкладчыкаў проста прыходзяць на лекцыі й нічога новага для студэнтаў не апавядаюць”.

Актывіст зычыць перадусім рэктару быць больш цярпімымі да студэнцкага іншадумства. Вучыцца ён зьбіраецца за мяжой.

Актывіста не зарэгістраванага руху “Рушэньне” студэнта трэцяга курса гістарычнага факультэту Яўгена Бойку адлічылі з ўнівэрсытэту на пачатку 2008 году “за шматлікія пропускі заняткаў”.

Актывіст зычыць студэнтам і выкладчыкам быць больш самакрытычнымі:

“Каб людзі разумелі, што тая якасьць адукацыі, якая ёсьць – яна яшчэ далёкая ад ідэалу, што яшчэ ёсьць куды расьці. Напрыклад, на нашым факультэце пануе такое меркаваньне, што ў нас самы клясны ўнівэрсытэт, у нас тут наагул усё самае кляснае. Але насамрэч гістарычны факультэт – адзін з самых такіх горшых можа быць што да якасьці тых спэцыялістаў, якія выходзяць пасьля гэтай адукацыі”.

За два дні афіцыйных юбілейных мерапрыемстваў унівэрсытэт атрымаў шмат падарункаў. Так, міністэрства адукацыі падарыла ўнівэрсытэту кампутарную клясу, а магілёўскі гарвыканкам – хакейную форму для стварэньня ўнівэрсытэцкай каманды. Падарункі ўнівэрсытэт атрымаў таксама ад міністэрства абароны Беларусі й расейскіх гасьцей. Ці віншавалі найстарэйшую ў Беларусі навучальную ўстанову ўнівэрсытэты з іншых краінаў – афіцыйна не паведамлялася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG