Доктар геоляга-мінералягічных навук, прафэсар, заслужаныя дзеяч навукі Беларусі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, замежны член Расейскай акадэміі навук і член Амэрыканскага геафізычнага саюзу, ляўрэат дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі Радзім Гарэцкі зьяўляецца заснавальнікам беларускай школы тэктаністаў. Пасля заканчэньня Маскоўскай акадэміі нафты і газу працаваў у Геалягічным інстытуце Акадэміі навук СССР, а потым у Інстытуце геалягічных навук НАНБ, які ўзначальваў з 1972 па 1993 гады. У 1992—1997 гадах навуковец зьяўляўся віцэ-прэзыдэнтам НАНБ. Адзін са стваральнікаў тэктанічных мапаў Эўразіі, Беларусі, паўночна-заходняга краю Ўсходне-Эўрапейскай плятформы, старшыня Беларускага геалягічнага таварыства і галоўны рэдактар часопісу "Литосфера". Член Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Абіраўся прэзыдэнтам міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына". Імем Радзіма Гарэцкага названа некалькі відаў выкапнёвых арганізмаў.
Унучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч , старшыня дабрачыннага фонду “Сакавік” у інтэрвію “Свабодзе” сказала:
“Для нас ён заўсёды быў вялікім прыяцелем, і ня толькі для мяне асабіста, але і ўсёй нашай сям'і. Ягоны бацька сябраваў з нашай сям'ёй праз многія гады. Сама я ведаю Радзіма вельмі добра, бо мы разам былі ў адной машыне, калі паехалі ў падарожжа на сьвяткаваньне ўгодкаў БНР. І мы праехалі Нямеччыну, Ангельшчыну. Гэта вельмі цяжка быць у адной машыне, але з Радзімам гэта было вельмі цудоўна, і я ўдзячная яму за гэтае пажарожжа, мы ўспамінаем заўсёды наша падарожжа. Зь ім было вельмі лёгка, вельмі ўтульна, ніколі не было ніякіх спрэчак. Ён хоць і трошкі старэйшы, але мы ніколі не бачылі, каб ён стамляўся, ці каб ён паказваў, што ён хацеў бы быць галоўным. Мы ўсе былі роўныя, і было вельмі добра, і на многія гады засталася да яго такая павага. І ад усяго шчырага сэрца мы віншуем яго з гэтым сьвятам".
У інтэрвію БелаПАН старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч назваў Радзіма Гарэцкага "нацыянальным інтэлігентам-адраджэнцам". Паводле слоў А.Пашкевіча, Р.Гарэцкі зьяўляецца "сапраўдным патрыётам і грамадзянінам-беларусам са знакамітага і праслаўленага роду Гарэцкіх, вядомым у Беларусі і сьвеце вучоным, арыгінальным і тонкім мастаком слова і літаратарам, успаміны якога нядаўна былі апублікаваныя ў польскім альманаху "Тэрмапілы".
Разам з тым, як зазначыў старшыня СБП, Радзім Гарэцкі зьяўляецца актыўным грамадзкім дзеячам, які пастаянна клапоціцца аб адраджэньні нацыянальнай культуры, аб захаваньні спадчыны клясіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. "Акрамя таго, Радзім Гарэцкі — гэта шчыры, мяккі, цёплы, далікатны, шляхетны старэйшы сябар-дарадчык, які дастойна прайшоў светлыя і цяжкія дарогі жыцця. І сёньня яго мудры вопыт дапамагае маладым беларусам трымацца на сваёй зямлі", — сказаў А.Пашкевіч.

