Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым вабіць беларусаў экстрэмальны турызм?


Антыўрадавая пратэстоўцы ў бангкоцкім аэрапорце
Антыўрадавая пратэстоўцы ў бангкоцкім аэрапорце
Супрацьстаяньне апазыцыі і ўраду ў Тайляндзе закранула ня толькі ўнутраныя інтарэсы краіны, але і сотні тысяч замежных турыстаў. У сувязі з блякаваньнем пікетоўцамі галоўных аэрапортаў для многіх вакацыі незаплянавана расьцягнуліся. Аднак ахвотных адпачыць у экзатычным Тайляндзе калі і паменела, то зусім неістотна. Прынамсі, сярод беларусаў, расейцаў, украінцаў практычна няма тых, хто адмаўляецца ад тураў. Чаму людзей не палохае экстрэмальны турызм?

Як лічаць псыхолягі, галоўны аргумэнт на карысьць паездкі ў праблемны рэгіён — нежаданьне ўносіць карэктывы ва ўжо расплянаванае падарожжа. Пры гэтым шмат хто кіруецца досыць сумнеўнай лёгікай — мяне гэта не закране. Дый страчваць грошы на вяртаньні квіткоў і пуцёвак ня хочацца.

Мянчук Віталь разьмінуўся ў Бангкоку зь мітынгоўцамі роўна на тыдзень. Нават крыху шкадуе, што не ўдалося стаць саўдзельнікам палітычных жарсьцяў. Аднак ён ня верыць, што тайцы давядуць справу да сытуацыі, калі турысты насамрэч будуць асьцерагацца ехаць у Тайлянд. Як кажа суразмоўца, без замежнікаў абарыгены будуць кінутыя на самавыжываньне:

“З Бангкоку мы выляталі 16 лістапада, таму ніякага асаблівага шуму і не было. Увесь бэдлам пачаўся дзесьці чысла з 23-га. Мы ўвогуле былі ў Патаі, і турысты, і мясцовыя былі ў абсалютнай гармоніі. Ніякіх нават намёкаў на якіясьці дэманстрацыі. Людзі жывуць, практычна ўсе займаюцца гандлем — хто морапрадуктамі, хто рэчамі. Плюс таксі, натуральна, салёны масажныя, нейкія забаўляльныя цэнтры, мясцовыя клюбы. Амаль усе залежаць ад турызму і толькі з турыстаў у асноўным і жывуць. І на пляжы ўсюды ідзе продаж — какосы, іншая садавіна, гародніна. Рэчы прадаюць: акуляры, шорты — усё, што хочаш, можаш набыць наўпрост на пляжы. Паліцыя крыху ганяе, але ўсё роўна ўмудраюцца хадзіць, нешта прадаваць”.

Між тым пэўнасьці ў адносінах паміж уладай і грамадзянскай супольнасьцю ў Тайляндзе няма. Прадстаўнікі некаторых партый заявілі, што бяруць толькі тайм-аўт на дзень народзінаў караля Пуміпона Адульядэта. Гэты дзень, 5 сьнежня, адзначаецца як нацыянальнае сьвята Тайлянду. Аднак калі пераемнікі адхіленага ад улады прэм’ер-міністра пачнуць праводзіць старую палітыку, лётнішчы ды іншыя транспартныя артэрыі краіны зноў могуць быць заблякаваныя.

Як кажа яшчэ адзін аматар адпачынку ў колішнім Сіяме, прадпрымальнік Аляксандар, цяпер шмат што залежыць менавіта ад пазыцыі караля. Аднак і ён наўрад ці мае ўладу над тымі, хто намагаецца пазбавіць краіну “ляўраў” ледзьве не галоўнага ў сьвеце сэкс-палігону:

“Там насамрэч усе сьвята шануюць караля, яны ўсе гуртуюцца вакол яго з нацыянальнай ідэяй. Хоць калі я гадоў пяць таму там быў, ён ужо ў той час стары быў, усюды ягоныя партрэты яшчэ маладога — на грашах, на вуліцах. Па вялікім рахунку, тайцы ніколі ні пад кім не былі. Унутры яны ўсё вырашалі і ціха-мірна жылі. Прычым мэтанакіравана рабілі стаўкі на турызм, зараблялі грошы. Ніколі не забудуся, зь якім імпэтам наш гід ставіўся да турыстаў, увогуле да турызму як галіны. І тое, што там адбылося, сьведчыць пра адно: значыць, і дагэтуль былі нейкія нэгатыўныя ўнутраныя працэсы, але толькі цяпер яны выліліся вонкі. Не выключаю, што пэўныя сілы, мясцовыя фэміністы такім чынам змагаюцца супраць сэкс-індустрыі. Бо шмат каму надакучыла бачыць Тайлянд сэксуальным прыдаткам плянэты”.

Старшыня Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмэйстар лічыць, што пакуль ёсьць прапановы наведаць той ці іншы куток сьвету, будуць і ахвотныя туды ехаць. А што да форс-мажору, то ад яго не застрахаваны ніхто. Можна прыгадаць разбуральнае цунамі сьнежня 2003 году, якое абрынулася на Паўднёва-Ўсходнюю Азію, пахаваўшы больш за 300 тысяч жыхароў рэгіёну і шматлікіх турыстаў:

“Турызм — гэта рызыковая дзейнасьць. І ў залежнасьці ад розных сытуацый, якія пэрыядычна ўзьнікаюць у сьвеце, турызм можа быць зусім непрадказальным. Мы можам дзесьці зыходзіць з разуменьня „гарачых пунктаў“, якіхсьці традыцый і мэнтальнасьці народу. Але ўгадаць наперад нешта складана. А ў дадзеным кантэксьце, я думаю, Тайлянд зьяўляецца рэгіёнам вельмі прывабным з гледзішча турызму, і ўрад гэтай краіны будзе рабіць усе неабходныя захады, каб як найхутчэй урэгуляваць сытуацыю”.

Для некаторых беларусаў турыстычная паездка расьцягваецца на гады.
Не сакрэт, што шмат якія арганізаваныя групы не далічваюцца людзей, калі надыходзіць час пакідаць краіну.
Не сакрэт, што шмат якія арганізаваныя групы не далічваюцца людзей, калі надыходзіць час пакідаць краіну. І гэта тычыцца ня толькі Заходняй Эўропы. Ганна з Баранавічаў прыехала ў Эгіпет на тыдзень, а жыве і працуе ў прэстыжным гатэлі Хургады ўжо некалькі гадоў. На радзіму ніхто асабліва вярнуцца не прымушае, а прыстасавацца да мясцовых рэалій было ня цяжка:

“Цяпер гэта ўжо прэстыжна. Проста трэба ведаць мову (а лепш некалькі) і трымацца мясцовых традыцый. І гэта іх задавальняе цалкам. Як толькі пачынаеш кантактаваць — бяз працы не застанесься. Мяне за „рэцэпшн“ паставілі літаральна на другі дзень, як я тут зьявілася. На мяне прыкінулі форму, як я буду глядзецца на „дэску“. Сказалі, што нармальна, іх задавальняе. Трэба сказаць, што мы атрымліваем больш грошай, чым мясцовыя. Можа, яшчэ і таму, што ў нас эўрапейскае аблічча, бліжэйшае замежным турыстам. Народу гэта падабаецца. Апроч таго, моваў у нашым багажы больш. У прынцыпе, мяне ўвогуле бралі для працы з расейцамі, але я працую з усімі, ня толькі з расейцамі”.

Як кажа кіраўнік беларускага турыстычнага парталу holiday.by Андрэй Барашка, турыстычныя прыярытэты беларусаў умоўна можна падзяліць на некалькі складнікаў. Найперш, традыцыйны яшчэ ад савецкіх часоў адпачынак на чарнаморскім узьбярэжжы — з дрэнным сэрвісам і перанаселенымі пляжамі. Па-другое, куды больш якасныя вакацыі ў “здраўніцах” Турэччыны ці Эгіпту — ці не напалову занятых расейскамоўнай публікай. Па-трэцяе, нязначная колькасьць, якая езьдзіць па Заходняй Эўропе з экскурсійнымі мэтамі. І нешта іншае, што не трапляе ў згаданыя катэгорыі:

“Трэба разумець наступнае: ёсьць краіны са складаным візавым рэжымам, але якія з задавальненьнем наведваюць турысты ў вялікай колькасьці. Гэта, напрыклад, і Карэя, калі браць паўночную яе частку. І Іран, і той жа Тайлянд. Я называю не геапалітычных сяброў Рэспублікі Беларусь, я называю краіны, якія прывабныя з пункту гледжаньня турызму. Іран уваходзіць у дзясятку найбольш цікавых з гледзішча гісторыка-архітэктурных помнікаў у сьвеце. Візу туды атрымаць — не скажу, што складана, але ня так проста. І тым ня меней краіны гэтыя наведваюцца турыстамі, і мясцовыя СМІ сьцьвярджаюць: рост турпатоку выключна павялічваецца. Але гэта краіны, якія разьмяшчаюцца ў іншым геаінфармацыйным асяродку. Гэта зусім іншая геапалітыка”.

У сярэдзіне лістапада ў Менску прайшла спэцыялізаваная выстава, якая традыцыйна акрэсьлівае пэрспэктывы турбізнэсу на найбліжэйшы сэзон. Як кажа рэдактарка газэты “Туризм и отдых” Лілія Кобзік, сёлета кірмаш жаданьняў прайшоў без ажыятажу — як ніколі раней не бывала. На кагосьці паўплываў сусьветны фінансавы крызіс, хтосьці вырашыў зьмяніць
Многія кіраўнікі турфірмаў прызнаюцца: нейкія грошы давялося прыхаваць, каб стварыць гэткую „праслойку тлушчу“, каб перазімаваць.
звыклы фармат і нарэшце дакрануцца да прыгостваў Беларусі:

“Крызіс у той жа Расеі ці на замежных заходніх рынках праяўляе сябе па-рознаму. Расейцы, наадварот, пачалі больш езьдзіць, каб такім чынам укласьці грошы. У нас жа рынак сьцішыўся, прытаіўся і чакае разьвязкі. Нават многія кіраўнікі турфірмаў прызнаюцца: нейкія грошы давялося прыхаваць, каб стварыць гэткую „праслойку тлушчу“, каб перазімаваць. Бо ў зьвязку з рознымі курсамі, з валютай у турфірмаў узьніклі вялікія праблемы пры разьліках з партнэрамі. Гэта накладаецца на агульную актыўнасьць, таму і выстава такая была „прэсная“, і наведнікаў няшмат прыйшло, і ўвогуле мала партнэраў прыехала з-за мяжы да нашых турфірмаў. Складанасьці ёсьць, і гэта відавочна. Нельга адмаўляць гэтага”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, штогод за мяжой адпачываюць блізу 1 мільёна беларусаў. Аднак прагназуецца, што з улікам ня лепшых эканамічных пэрспэктываў выязныя магчымасьці будуць істотна зьніжаныя.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG