Яму належаць праекты шмат якіх мураваных будынкаў у цэнтральнай частцы гораду — былой мужчынскай клясычнай гімназіі (цяпер галоўны корпус Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту), шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі, жылых дамоў на вуліцы Пушкіна й ля скрыжаваньня вуліц Кірава й Першамайскай, Свята-Нікольскай царквы, а таксама касьцёла ў Рэчыцы.
Нарадзіўся Станіслаў Шабунеўскі 2 сьнежня 1868 году ў вёсцы Скароднае Мазырскага ўезду Менскай губэрні (цяпер Ельскі раён Гомельскай вобласьці). Род Шабунеўскіх вядомы ў Беларусі з 16 стагодзьдзя.
Бацька будучага архітэктара быў паштовым службоўцам, і таму сям’я ня раз пераяжджала зь месца на месца. Шабунеўскія жылі ў Пінску, Бабруйску, Слуцку.
У 1891 годзе Станіслаў паступіў у Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт на аддзяленьне матэматыкі, але пасьля першага курсу перавёўся ў Інстытут грамадзянскіх інжынэраў, дзе рыхтавалі архітэктараў.
Празь пяць гадоў малады інжынэр прыехаў у Гомель і заняўся інжынэрным уладкаваньнем гораду.
Таленавітага дойліда арыштавалі ў 1931 годзе па ілжывым даносе за нібыта прыналежнасьць да праватрацкісцкай контрарэвалюцыйнай арганізацыі. Асудзілі на дзесяць гадоў і саслалі на Беламорканал. Там ён і памёр. Рэабілітаваны пасьмяротна ў 1989 годзе.
У памяць пра знанага архітэктара сёньня моладзевае культурніцкае аб’яднаньне “Талака” ладзіць пешую экскурсію пад назваю “Гомель Станіслава Шабунеўскага”.
