Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: пікетоўцаў будуць судзіць 3 сьнежня


Сёньня на цэнтральнай плошчы Берасьця міліцыя спыніла несанкцыянаваны пікет сябраў апазыцыі. Трое ўдзельнікаў былі дастаўленыя ў аддзел міліцыі Ленінскага раёну.

Жанна Абрамава выйшла на пікет таму, што яе выселілі з кватэры, Юры Бакур і Іван Стасюк вырашылі падтрымаць яе ў знак салідарнасьці.

“Мы выйшлі на плошчу Леніна, бо ня згодныя з рашэньнем суду, — паведаміла проста з плошчы Жана Абрамава. — Я ў адчаі! Выбачайце, але мяне выкінулі на вуліцу. Мне няма куды ісьці!”


У першай палове дня міліцыя пад прымусам спыніла акцыю. Жанну Абрамаву, Юрку Бакура і Івана Стасюка вывелі з плошчы пад канвоем. Ад гэтага моманту сувязь з нашым радыё падтрымліваў берасьцейскі праваабаронца Юры Жыдовіч:



“Падпалкоўнік, старэйшы зь міліцыянтаў заявіў: „Пайду патэлефаную, што з вамі рабіць“. Калі вярнуўся, затрыманых пасадзілі ў спэцыяльны аўтамабіль і павезьлі ва ўправу міліцыі Ленінскага раёну”.

Там на Жанну Абрамаву, Юрку Бакура і Івана Стасюка склалі пратаколы. Іх абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету. Заўтра,3 сьнежня, іх справу разгледзіць суд Ленінскага раёну Берасьця.



Жанну Абрамаву, актывістку апазыцыі зь Берасьця, сёлета ў красавіку двойчы затрымлівалі па падазрэньні ва ўчыненьні крымінальнага злачынства (усе гэтыя справы пасьля былі спыненыя). У першым выпадку Жана Абрамаву трымалі ў пастарунку 61 гадзіну, другім разам — 72 гадзіны.

У лістападзе паводле рашэньня суду Маскоўскага раёну Берасьця Жанну Абрамаву выселілі з кватэры, не прапанаваўшы іншага жыльля. Суд пагадзіўся зь меркаваньнем ЖЭСу, што Жанна была прапісана ў дзяржаўнай кватэры паводле дамовы паднайму. А наймальніца, яе бабуля, памерла ў 2005 годзе, і ў такім выпадку дамова паднайму касуецца аўтаматычна.

Са словаў праваабаронцы Юры Жыдовіча, фактычна выселілі ня толькі Жанну, але і яе маці й дзьвюх сясьцёр — дарослую Інгу і шасьцігадовую хворую Марыяну.

Сям’я цяпер аспрэчвае правамоцнасьць рашэньня аб прымусовым высяленьні ў судзе вышэйшай інстанцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG