Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Крызіс прымушае рабіць крокі, каб спадабацца Эўразьвязу”


Сьвяткаваньне ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну, міжнародны фінансавы крызіс, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”. На пытаньні слухачоў адказваюць эканаміст Яраслаў Раманчук і палітык Аляксей Янукевіч.


Актывісты дэмакратычнага руху наведалі мясьціны Слуцкага збройнага чыну з нагоды сьвяткаваньня чарговай гадавіны паўстаньня. Выказваньне слухача на гэтую тэму:

Мікалай: “Дзякуючы Слуцкаму збройнаму чыну ў 1920 годзе зьявілася незалежная ад іншаземцаў тэрыторыя вольнай незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі, дзе народ узяў уладу ў свае рукі і абараняў сваю зямлю са зброяй у руках! А нашы сучасныя ўлады ўсімі сродкамі перашкаджаюць адзначыць гераічны ўчынак нашых продкаў. Ганьба і яшчэ раз ганьба!”

Наступныя выказваньні — на тэму эканамічнага крызісу.

Cпадар:

“Чутка, сярод масквічоў ходзіць прыбаутка.
Хутка канец сьвету, а крызісу ўсё нету.
Гэта на Русі, а добра, каб такая прыбаутка весела хадзіла і на Беларусі.
Казаў беларус-слухач, можа, трохі і хахмач”.

Cпадар: “Лукашэнка некалі казаў, што ён за беларускія грошы ўтрымлівае шэсьць гарадкоў, пабудаваных на нямецкія маркі, дзе пражывае каля 150000 расейскіх вайскоўцаў. Што беларускі банк плаціць ім пэнсіі, а на ўсё гэта выдаткоўваецца каля 6 мільярдаў даляраў. Вось чаму Расея прадае Беларусі танна газ. Што пра гэта могуць сказаць беларускія эканамісты?”

На пытаньне адказвае эканаміст і палітык Яраслаў Раманчук:

“Беларускі бюджэт не выдаткоўвае такіх грошай на расейцаў, бо ў бюджэце такіх грошай няма. Гэта проста не адпавядае рэчаіснасьці. Калі Расея ўтрымлівае тут нейкія свае часткі, то яна плаціць за іх сама. Толькі Беларусь не атрымлівае грошай за арэнду тэрыторыі”.

На эканамічную тэматыку і наступнае пытаньне:

Cпадар: “Калі нарэшце ў нас будзе пераднавагодні, перадкалядны распродаж тавараў для насельніцтва па зьніжаных цэнах? Ці магчыма гэта ў Беларусі?”

Адказвае палітык эканаміст і палітык Аляксей Янукевіч:

“І ў Беларусі гэтыя распродажы бываюць. Іншая рэч, што паводле іншага ўзроўню коштаў і зьніжак — чыста сымбалічна — на ўзроўні 10—15%. І так званы калядны распродаж адбываецца ўжо пасьля сьвятаў, калі моцна зьмяншаецца попыт на тавары. У краінах з рынкавай эканомікай, у нашых суседзяў — тых жа палякаў і літоўцаў — зусім іншая сыстэма. Там насамрэч перад сьвятамі робяцца вельмі вялікія зьніжкі. Я думаю, што да нас гэта дойдзе, калі нашая эканоміка будзе значна больш свабодная”.

Яшчэ адна тэма тэлефанаваньняў — змаганьне з карупцыяй у асяродку высокапастаўленых чыноўнікаў:

Cпадар: “Наш правадыр звольніў за карупцыю чатырох высокапастаўленых мянтоў. Ды за гэта трэба не звальняць, а судзіць, нягледзячы на званьні і пасады, з канфіскацыяй маёмасьці. Так робяць у тых краінах, дзе перад законам усе роўныя. А ў нас усё не па-людзку. Пасьля звальненьня гэтыя мянты пойдуць вуліцы месьці ці ў калгас за капейкі? Нічога падобнага! Ім дапамогуць знайсьці іншыя цёплыя месцы, дзе яны будуць па старой звычцы красьці”.

Міхась: “Усё гэта зроблена, на маё меркаваньне, каб расправіцца з тымі начальнікамі, якія былі прызначаны Шэйманам. Вось і ўся гаворка. Ніхто не зьбіраецца ваяваць ані зь якай карупцыяй”.

Cпадарыня: “Эўразьвяз вырашыў зьмяніць тактыку — падзяляць эканоміку і палітыку. Новую тактыку неабходна прымяняць да чалавека, у якога чыстыя рукі і чыстая душа. У сваіх “любоўных” абдымках Лукашэнка ў поўным сэнсе задушыў і Беларусь, і практычна ўсё беларускае. А колькі загубленых, зламаных жыцьцяў, лёсаў беларусаў! Загублена і зламана жыцьцё Казуліна, найразумнейшага чалавека, прафэсара. Ён яго выпусьціў з турмы, але ня зьняў судзімасьць. Да народу беларускага прымяніў тактыку прымусу любіць і паважаць яго, пра што сьведчаць ілжывыя працэнты на выбарах. А дазвол распаўсюду незалежных газэт — дык гэта вынік не Эўразьвязу, а крызіс чэша яму патыліцу і прымушае рабіць крокі, каб спадабацца Эўразьвязу”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG