Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз перахоплівае ініцыятыву ў дачыненьні да Менску


Ігар Лялькоў
Ігар Лялькоў
Эўракамісія мае намер прапанаваць шасьці постсавецкім краінам — Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Ўкраіне — падпісаць пагадненьне пра асацыяцыю і стварэньне новай эўрапейскай эканамічнай зоны. Пагадненьне прадугледжвае стварэньне адзінай зоны свабоднага гандлю для разьвіцьця агульнага ўнутранага рынку. Ці можна назваць гэта новай стратэгіяй Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі? Як афіцыйны Менск можа адрэагаваць на такую ініцыятыву? Як да яе можа паставіцца Расея? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Ігар Лялькоў.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Дагэтуль паўнавартасны ўдзел Беларусі ў праграме ўсходняга партнэрства Эўразьвязу знаходзіўся пад пытаньнем. Наколькі цяперашняя прапанова Эўракамісіі мяняе стаўленьне Брусэлю да афіцыйнага Менску, наколькі ўвогуле важная і істотная гэтая прапанова?”

Лялькоў: Наколькі я разумею, афіцыйна гэтая прапанова пакуль не абнародавана (чакаецца, што яна будзе афіцыйна абнародавана 3 сьнежня). І калі яна будзе агучана, і там наўпрост будзе сказана, што гэта дзейнічае і для Беларусі без усялякіх папярэдніх умоваў, то гэта сапраўды нешта якасна новае.

Я лічу, што такая стратэгія Эўразьвязу можа ў значнай ступені спрыяць і зьменам унутры Беларусі. Тое, што ўмовай далучэньня да новай новай эўрапейскай эканамічнай зоны будзе прызнаньне юрысдыкцыі Эўрапейскага суду — калі Беларусь на гэта пагодзіцца, то ўнутры краіны можа ўтварыцца якасна новая сытуацыя”

Цыганкоў: “Як афіцыйны Менск можа адрэагаваць на такую ініцыятыву? Ці гатовы ён пайсьці на прызнаньне юрысдыкцыі Эўрапейскага суду?”

Лялькоў: “Гэта, відаць, залежыць ад таго, наколькі сапраўды цяпер сур’ёзная эканамічная сытуацыя ў Беларусі. Мы ня можам ведаць дакладна, наколькі сапраўды моцныя там праблемы. Менавіта эканамічныя чыньнікі будуць вырашаць, ці згодзіцца Менск на такія ўмовы. Бо ўваходжаньне ў эўрапейскую эканамічную зону з Эўразьвязам прадугледжвае нейкі папярэдні пэрыяд. У рамках падрыхтоўкі да ўваходжаньня Беларусь можа атрымаць дастаткова значную матэрыяльную дапамогу ад Эўразьвязу”

Цыганкоў: “Але ці ня зьявяцца пэўныя праблемы з гэтай ідэяй на ўсходнім накірунку? Як да гэтага можа паставіцца Расея, зь якой Беларусь, нібыта, знаходзіцца ў мытным саюзе?”

Лялькоў: “Тое, што ў гэтай прапанове Брусэлю пра Расею ўвогуле ня ўзгадваецца, адназначна гаворыць пра стратэгію Эўразьвязу на перахоп ініцыятывы ў дачыненьні да Беларусі. Я ня думаю, што гэта будзе вельмі пазытыўна ўспрынята Масквой, але зноў-такі пытаньне ў тым, наколькі Расея мае рэальныя рычагі ўплыву, найперш эканамічныя. Напэўна, Расея ўспрыме гэта нэгатыўна — але ці зможа яна гэтаму перашкодзіць, калі будзе цьвёрдае рашэньне на гэты конт беларускага кіраўніцтва? Мне не здаецца, што Масква мае настолькі моцныя рычагі ўплыву, што здолее рэальна перашкодзіць рашэньню беларускага кіраўніцтва”
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG