Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працоўная эміграцыя: за і супраць


Гастарбайтэры на маскоўскай вуліцы
Гастарбайтэры на маскоўскай вуліцы

Да рашэньня ўсё кінуць на радзіме і падацца на заробкі ў замежжа падштурхоўвае, як правіла, нездавальняючая эканамічная сытуацыя ў краіне. Пражыць на 400 даляраў сярэдняга заробку пры імклівым росьце цэнаў усё больш складана. Колькі беларусаў працуюць за мяжой? У якія краіны зьяжджаюць ў пошуках лепшай долі, колькі зарабляюць? Плюсы і мінусы працоўнай эміграцыі.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёлета са студзеня па верасень пры пасярэдніцтве сталічных юрыдычных фірмаў на часовую працу за мяжу выехалі 3132 жыхары краіны. Бальшыня — 46,6% накіравалася працаваць у ЗША, 45,4% — у Расею. Там беларусы працуюць высокакваліфікаванымі спэцыялістамі на будоўлях і ў прамысловасьці, а ў Амэрыцы — у асноўным, у якасьці некваліфікаваных работнікаў гандлю, сфэры паслугаў.

Намесьнік начальніка Дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун падае такія лічбы:

“Мы канстатуем: штогод афіцыйна выяжджае каля 6 тысяч. Гэта празь ліцэнзіятаў, якія маюць ліцэнзіі на права працаўладкаваньня за мяжой грамадзянаў Беларусі. А неафіцыйная лічба… Ну што значыць „выяжджаюць“? Ёсьць і сэзонныя працы. Ён выехаў на 3 месяцы, папрацаваў і вярнуўся назад. Міністэрства працы праводзіла выбарачныя абсьледаваньні хатніх гаспадарак. І было вызначана — каля 100 тысяч грамадзянаў Беларусі выяжджалі за мяжу для ажыцьцяўленьня працоўнай дзейнасьці самастойна”.

Міхал Залескі
Такім чынам, дзясяткі, сотні тысяч едуць на заробкі неафіцыйна. Прасьцей за ўсё — у Расею, Украіну: няма візавых перашкодаў. Эканаміст Міхал Залескі дасьледаваў праблему і вывеў сваю сыстэму падліку працоўных эмігрантаў:

“Уліку ні ў нас, ні ў Расеі няма. Я раблю ацэнку праз колькасьць асуджаных: у Расеі — 1800—2000 за год грамадзянаў зь беларускімі пашпартамі. І па іншых краінах, калі браць асуджаных за мяжой, можна зрабіць выснову: сярэднегадавых работнікаў, то бок поўнасьцю занятых у год — 300—350 тысяч чалавек. Але гэта ня значыць, што 350 тысяч у год — гэта адны і тыя ж людзі. Нехта прыяжджае, нехта зьяжджае, нехта прабудзе 2 тыдні, нехта 5 гадоў. Хаця перагортваецца людзей, віртуальна туды-сюды, можа выскачыць лічба і ў паўтара мільёны чалавек”.

У Ганцавічах закрыліся амаль усе прадпрыемствы, працы няма, і мясцовыя жыхары даўно ўжо праклалі сьцяжынкі ў Расею. Зьяжджаюць цэлымі вёскамі на часовыя, сэзонныя працы. Тамтэйшы жыхар Пётар Гузаеўскі кажа:

“Грошы яны там зарабляюць, і неблагія. За гэтыя гады многія зь іх сталі ўжо высокакваліфікаванымі спэцыялістамі. І таму іхныя паслугі карыстаюцца попытам. Прывозяць і па 2 тысячы, і па 2,5 тысячы даляраў у месяц. Бывае і болей. Але бывае і такое, што яны вяртаюцца без капейкі”.

Пінчук Мікалай езьдзіў у Архангельскую вобласьць на будаўніцтва катэджаў:

“Мы працавалі ў гаспадара і праз знаёмых уладкоўваліся. Плацілі нам па 1 тысячы даляраў у месяц. Па наc меркаваць нельга.
Хто так, на авось, хоча ехаць — я ня раю: можна прыехаць без штаноў.
Хто так, на авось, хоча ехаць — я ня раю: можна прыехаць без штаноў. Расея — краіна вельмі складаная цяпер”.

Што да геаграфіі працаўладкаваньня беларусаў, сфэраў дзейнасьці, Міхал Залескі кажа:

“Кваліфікацыя розная. Расея, Масква — гэта высокакваліфікаваныя спэцыялісты і будаўнікі. Заходняя частка Расеі, нафтаздабыча — кваліфікаваныя рабочыя і будаўнікі. На Захад — дзеўкі. Мы ж ніхто дзевак ня лічым: кожная сёмая дзеўка, затрыманая нямецкай паліцыяй за парушэньне заканадаўства аб прастытуцыі — беларуска. Ну і розных прафэсій людзі больш далікатных — і мэдычны пэрсанал, розныя. Але ўліку няма”.

Пятро Гузаеўскі з Ганцавічаў разважае: з аднаго боку, людзі прывозяць грошы ў сям’ю. Але называе і шмат адмоўных фактараў працоўнай эміграцыі:

“Цяжка ўжо палічыць, колькі там дзясяткаў, а можа і соцень людзей ужо загінула, хтосьці траўмы атрымаў. Кагосьці забілі з-за гэтых грошай, кагосьці абрабавалі, калі яны ехалі з грашыма. Быццам бы і ў сям’ю яны прыносяць грошы, але складаецца і так, што людзі вымушаныя і тут, і там заводзіць сям’ю. Ён там жыве, сюды прыяжджае — ня можа кінуць дзяцей і жонку. Лёс там вымушае, хоць гэта і не па хрысьціянскіх традыцыях. А тое, што там цяжка, што там за так грошы ня плацяць — гэта я магу на
Складаецца і так, што людзі вымушаныя і тут, і там заводзіць сям’ю.
сваім вопыце пацьвердзіць”.

Што грошы “за так” нідзе не плацяць, пацьвярджае і Барыс Дубоўскі, які легальна, празь Міністэрства працы, езьдзіў працаваць у Партугалію

“Мы будавалі гіпэрмаркеты, узводзілі сьцены і столь з гіпсакартону. Я атрымліваў 1 тысячу ў эскуда, 1800 даляраў, з камандзіровачнымі выходзіла больш. Але працавалі гадзін па 12, і нават па 15”.

У Беларусі каля 50 фірм маюць ліцэнзіі МУС на працаўладкаваньне за мяжой. У асноўным яны накіроўваюць на працу высокакваліфікаваных спэцыялістаў — напрыклад, выкладчыкаў, праграмістаў, навукоўцаў. Колькасьць людзей, якія едуць працаваць легальна — мізэрная ў параўнаньні зь неафіцыйнай эміграцыяй. Да таго ж, Расея, Украіна, Польшча, Нямеччына, Літва, ЗША — далёка ня поўны пералік краінаў, куды едуць у пошуках лепшай долі беларусы, прычым, абсалютна не абароненыя, бяспраўныя, кажа эканаміст Міхал Залескі:

“Колькі людзей ужо загінула. І б’юць, і паляць, і зьдзекуюцца. І многія, сапраўды, як рабы трапляюць. Гэтыя людзі абсалютна сацыяльна безабаронныя. Ніхто ня хоча плаціць за іх сацыялку. Таксама ніхто ня хоча плаціць за людзей, якія на захад едуць. Мы не бяром людзей, якія сунуцца ў Эміраты. Мы не бяром тую катэгорыю людзей, якія хаваюцца за расейскімі вайсковымі авантурамі: вось нядаўна быў зьбіты ў Іраку АН-24, беларускі барттэхнік загінуў. І ў Руандзе, і ў С’ера-Леонэ, і на Цэйлёне — дзе толькі іх няма”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG