Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Пушкін: “Трэба любіць свой народ...”


Мастак Алесь Пушкін, зьбіты пару дзён таму хуліганамі, замест пакараньня за крымінальнае злачынства прызначыў ім пакаяньне ў царкве.

15 лістапада мастака Алеся Пушкіна ў вёсцы Бобр Крупскага раёну цяжка зьбілі 5 мясцовых хуліганаў. Прычынай агрэсіі стала беларуская мова. Міліцыянты, якія прыехалі на званок Алеся Пушкіна, затрымалі хуліганаў, але Алесь Пушкін ня стаў пісаць заяву, каб супроць іх завялі крымінальную справу, а прапанаваў ім прыйсьці назаўтра ў мясцовую царкву і пакаяцца. Усе ў нядзелю прыйшлі ў царкву вёскі Бобр і прынялі таемства пакаяньня.

Алесь Пушкін госьць нашага ранішняга жывога эфіру.


Шупа: Першае пытаньне – як ваша здароўе, як вы сябе адчуваеце?

Пушкін: Ужо лепей, але баляць грудзі, ныркі. Ну, яшчэ гематомы на твары трошачкі ёсьць, але гэта ўжо цярпіма...

Шупа: Паведамленьне пра здарэньне на нашым сайце зьявілася ўчора пад вечар, але ўжо сабрала нямала чытацкіх водгукаў, і ў большасьці чытацкіх камэнтароў выказваецца зьдзіўленьне і нават захапленьне вашым хрысьціянскім учынкам – вы запатрабавалі для іх не пакараньня, а пакаяньня ў царкве. У які момант узьнікла такое рашэньне?

Пушкін: Гэта восеньскае маркотнае надвор'е і гэтае жахлівае здарэньне... Я ў міліцыі перапісаў адрэсы і прозьвішчы гэтых маіх землякоў – усе яны са станцыі Бобр-4 і адзін – жыхар Барысава. І я папрасіў старшага лейтэнанта міліцыі, які быў начальнікам дзяжурства ў той момант, каб мяне завезьлі дамоў – ужо позна, 19 гадзін, і я нічым не дабяруся з Крупак да Бабра. Бо пасьля гэтага здарэньня нас усіх завезьлі ў раённы аддзел унутраных спраў для ўсіх неабходных працэдур – апазнаньня і гэтак далей.

І вось, паглядзеўшы на гэтых хлопцаў, я падумаў адразу, калі ўжо адыйшла злосьць, пыл бойкі, і я падумаў, што наша бязьлюдзьдзе, нашыя неасьветленыя вуліцы, бабулькі і чырванатварыя мянты, пустыня, закінутыя дамы, закінуты край, Усходняя Беларусь – гэта яскравая сытуацыя для Ўсходняй Беларусі. І гэтыя п'яныя людзі, якім па 18-20 гадоў, старэйшаму 21, які, дарэчы, вучыўся ў школе міліцыі ці вучыцца – Шынкевіч, беларус...

І я тады кажу асобна таму міліцыянту, кажу – было б добра ім даць шанец. Нам трэба, каб нашыя дзяўчаты выходзілі замуж, нам трэба, каб будаваліся нашыя дамы, садзіліся дрэвы. І таму, кажу, давайце так: заўтра ў 9.30 каб яны былі з бацькамі ў царкве на
Гэта наша бязьлюдзьдзе, неасьветленыя вуліцы, бабулькі і чырванатварыя мянты...
ранішняй літургіі. Калі яны прыйдуць – добра, застануцца без судзімасьці. Калі ня прыйдуць – тады я ўжо сам асабіста вазьму на сябе цяжкую ролю “караюшчай дзясьніцы Госпада”.

Шупа: Ці вы пасьля ўсяго гэтага бачыліся з героямі гэтай гісторыі? Як яны адрэагавалі на тое, што адбылося?

Пушкін: Учора прыяжджала здымачная група “Белсату”, і мы пайшлі да аднаго з гэтых герояў. Лёша Біруля, 20 гадоў, высокі – 172 сантымэтры ростам, дужы хлопец, які, дарэчы, лепш за ўсіх бегаў і даганяў мяне і моцна піхаў, а тады ўжо астатнія набягалі і піналі нагамі. І вось зайшлі мы да яго ў хату – так зьнянацку, адразу. Там нас сустрэла веруюшчая праваслаўная маці, якая думае аб Царстве Нябесным – яна, дарэчы, ходзіць у нашу Бобрскую царкву. Там было яшчэ двое яго братоў і сясьцёр маленькіх, ад розных мужоў. Яны беларусы, але прыежджыя.

І вось я кажу – Лёша Біруля дома? Яна, ад нечаканасьці, яшчэ не пасьпеўшы падрыхтавацца кажа: “Так, дома”. Ну вось, ён выходзіць, мы настаўляем камэру, запальваем сьвятло, і я задаю пытаньне – Лёша, ну ты герой, цяпер зараз пакажуць па скрынцы, па “Белсату”, скажы калі ласка – чаму ты такі жорсткі? І вось тут разгубленасьць гэтага чалавека, ён там пачынае гаварыць: “Ды я вас ня знаю, ды я вас ня біў, ды я нічога...” І гэта пасьля споведзі, калі я напісаў адмову ад узбуджэньня крымінальнай справы.

Ну а потым я яму такія наіўныя пытаньні пачаў задаваць – “А дзе ў вас партрэт Максіма Багдановічіа? А чаго вы ня любіце беларускую мову?” На што маці праваслаўная кажа: “А мы не вешаем портреты людзей живых и мёртвых у себя дома, у нас только иконы...”

Шупа: А што гавораць людзі ў Бабры пра гэтае здарэньне?

Пушкін: Ну пра гэта, вядома, ведаюць. Першая акалічнасьць тая, што гэтая хлопцы, канешне, мяне ня ведалі. Гэта праўда. Вырасла новае пакаленьне – яму абсалютна ня трэба мастацтва. Усе хадзілі ў Бобрскую школу, дзе дырэктрысай была лютая ненавісьніца
Ракеты выведзеныя, а жонкі гэтых ваенных і гэтыя ваенныя засталіся ў Беларусі.
беларускай мовы і культуры Шэкун Яўгенія Аляксееўна. Яна – жонка расейскага акупанта падпалкоўніка Шэкуна, які абслугоўваў ракеты СС-20, якія Шушкевіч вывеў з базы “Крупкі-2”.

Ракеты выведзеныя, а жонкі гэтых ваенных і гэтыя ваенныя засталіся ў Беларусі. Яны ва ўсіх такіх маленькіх гарадках Беларусі, асабліва Ўсходу, пазаймалі ўсе гэтыя пасады – дырэктароў школ, інструктараў раённых аддзелаў культуры, начальнікаў аддзелаў культуры, загадчыкаў сацыяльных службаў. Мужы іхныя, адстаўнікі, як заўсёды – ахоўнікі, мянты, прадпрымальнікі. І вядома, больш чым за восем гадоў яе дырэктарства вось такія вырасьлі хлопцы.

Шупа: Алесь, ці ваш мэтад змаганьня са злачыннасьцю – унівэрсальны?

Пушкін: Ну, першае тут – іхузрост, другое – гэта мой народ, і я зрабіў сьвядомы выбар жыць тут, у Бабры. Гэта маё мястэчка, дзе жылі мае прадзед і дзед, і я, і вось, мой Міколка. 20 дзетак у дзіцячым садку, 144 вучні ў школе, 78% жыхароў нашага мястэчка - састарэлыя людзі.

Таму маё рашэньне было такое – нас мала, таму я павінен берагчы гэтых людзей, каб яны станавіліся нармальныя, даць ім шанец. А потым Гасподзь разьбярэцца – можа, праз дваццаць гадоў яны ацэняць гэты ўчынак. Але на дадзены момант я ня ведаю, як яны там усё гэта перажывуць, тым больш той, хто вучыцца ў школе міліцыі – Шынкевіч Сяргей. Але любіць народ свой трэба, і сьвядомы выбар – я буду жыць тут і далей.

Трэба жыць і думаць, што вера – не на словах, а ў справах. Гэта трэба заўсёды памятаць, зло перамагаць дабром, даброталюбіе і непамятазлобіе – усе гэтыя паняцьці павінны ў хрысьціянаў быць у рэальным жыцьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG