Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго накіруюць у працоўныя лягеры?


Скандальная заява Аляксандра Лукашэнкі пра стварэньне працоўных лягераў для нядбайных бацькоў — ці гэта толькі папулісцкая рыторыка, альбо яна можа стаць рэальнасьцю? Як могуць паўплываць на міжнародны імідж Беларусі такія заявы? Як аўтарытарныя рэжымы вырашаюць праблемы асацыяльных элемэнтаў? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць палітоляг Віталь Сіліцкі і старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Аляксандар Лукашэнка заявіў, што лічыць неабходным стварыць у кожнай вобласьці працоўныя лягеры для нядбайных бацькоў, якія ня хочуць сплачваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманьне дзяцей. „Калі яны будуць пастаўленыя ў такія ўмовы, яны тысячу разоў падумаюць: альбо ім жыць у ранейшых умовах, альбо будуць тут працаваць. Норму ня выпрацаваў — дзьве заўвагі, на трэцюю — у працоўны лягер, а там самыя жорсткія ўмовы“, — заявіў кіраўнік Беларусі. Першае пытаньне відавочнае: наколькі гэтая ідэя адпавядае правам чалавека, беларускай Канстытуцыі і заканадаўству?”

“Перарваная вельмі доўгая антыпапулісцкая паўза ў Лукашэнкі”


Алег Гулак
Гулак: “На маю думку, гэтая ідэя ніяк не адпавядае ані беларускай Канстытуцыі, беларускаму заканадаўству, ані тым стандартам правоў чалавека, якія падпісала і ратыфікавала Беларусь. Чалавека можна пазбаўляць волі толькі за злачынства, якое ён учыніць. Паводле беларускага крымінальнага кодэксу, пакіданьне дзяцей, недастатковы догляд за імі пакуль, дзякуй Богу, не зьяўляюцца злачынствам”.

Цыганкоў: “Апошнія месяцы афіцыйны Менск шмат гаворыць пра лібэралізацыю эканомікі. У Лёндане праводзіцца інвэстыцыйны форум, быў наняты лорд Бэл, каб паляпшаць імідж Беларусі. Ці ня могуць такія скандальныя заявы Лукашэнкі пра працоўныя лягеры сапсаваць усю гэтую працу?”

Віталь Сіліцкі
Сіліцкі: “Увогуле, можа. Але Лукашэнка выбірае прыярытэты. І зараз паводзіны кіраўніка дзяржавы — гэта своеасаблівы баромэтар таго, што адбываецца ў краіне і яе эканоміцы.

Перарваная вельмі доўгая антыпапулісцкая паўза ў Лукашэнкі. Ён пачаў зноў рабіць вэрбальныя захады, якія былі характэрныя для Лукашэнкі ўзору 1995-96 году. Ці пойдуць за гэтым дзеяньні, ці будуць кінутыя за краты карумпаваныя чыноўнікі, ці будуць стварацца працоўныя лягеры — гэта яшчэ пытаньне. Тут праблема разрыву рыторыкі і дзеяньняў. Але рыторыка вяртаецца, і гэта прыкмета таго, што Беларусь уваходзіць у цяжкія часы і Лукашэнка адчувае гэта”.

Цыганкоў: “Алег, а на вашу думку, працоўныя лягеры — гэта рэальна ў сёньняшніх беларускіх умовах?”

Гулак: “Я ўсё ж спадзяюся, што аргумэнты
Перш за ўсё трэба адмяніць танныя гарэлку і віно і думаць пра тое, чаму людзі сьпіваюцца.
Віталя будуць слушнымі. І тое, што казаў кіраўнік дзяржавы, ня будзе рэалізавана на практыцы. Аднак ёсьць небясьпека, што чыноўнікі, якія ўжо атрымалі загад, будуць рыхтаваць такія лягеры рэальна.

Сёньня для адмыслоўцаў відавочна, што гэты прэзыдэнцкі дэкрэт № 18 ”Пра дадатковыя меры па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядбайных сем’ях” ад 24 лістапада 2006 году — неэфэктыўны сам па сабе. Бо абраны кірунак — спрабаваць з тых людзей, якія скаціліся на сацыяльнае дно, садраць грошы на тых дзяцей, якіх яны нарадзілі і не забясьпечваюць, — гэта проста глупства.

Перш за ўсё трэба адмяніць танныя гарэлку і віно і думаць пра тое, чаму людзі сьпіваюцца. А не пра тое, як зь іх вырваць грошы, што ў прынцыпе немагчыма”.

“Для такіх рэжымаў галоўнае — гэта схаваць сьмецьце пад дыван”


Цыганкоў: “Віталь, як розныя аўтарытарныя рэжымы вырашаюць і вырашалі праблемы асацыяльных элемэнтаў? Хто першы прыйшоў да ідэі працоўных лягераў?”

Сіліцкі: “Па-першае, хачу сказаць, што ўрад нібыта ўжо абвясьціў пляны павышэньня цэнаў на гарэлку. Калі гэта адбудзецца, то гэта будзе крок у слушным кірунку.

Канцлягеры прыдумалі першымі бальшавікі, потым іхні досьвед перанялі фашысты. Звычайна для такіх рэжымаў галоўнае — гэта схаваць сьмецьце пад дыван. І калі ў Беларусі пачнецца такая барацьба з алькаголікамі — то гэта будзе менавіта такая матывацыя: схаваць праблему.

Каб вырашыць праблему п’янства ў беларускім грамадзтве, трэба мяняць грамадзкую культуру, стаўленьне да алькаголю. Тут ужо ня так і важна, аўтарытарны рэжым ці не. Трэба пазбаўляцца гэтага арыентальнага мысьленьня, якое нам навязваецца культурнай калянізацыяй. І гэта вельмі цяжка будзе зрабіць, маючы на ўвазе, якая ў нас цяперашняя ўлада, якая ў яе сутнасьць і культура”.

“Калі б беларуская дзяржава арыентавалася на павагу да людзей, падобныя заявы былі б немагчымыя”


Цыганкоў: “Як можа быць успрынята ў грамадзтве гэтая рыторыка Лукашэнкі? Наўрад ці большасьць людзей мае нейкія станоўчыя пачуцьці да нядбайных бацькоў”.

Сіліцкі: “Тут ня факт. Ведаеце гэтую вечную гісторыю, калі муж б’е жонку, а калі па яго прыходзіць міліцыя, то жонка кідаецца енчыць, каб не забіралі радзімага.
Людзі прагнуць простых рашэньняў.
Пры сёньняшнім стане грамадзкай культуры гэтыя захады не абавязкова будуць вельмі папулярныя. Хаця я не выключаю, што пэўныя колы насельніцтва, стары электарат Лукашэнкі, які пераважна жаночы — можа ўспрыняць гэта з захапленьнем”.

Гулак: “На маю думку, якраз дарэчы будзе ўзгадаць таталітарныя падыходы да вырашэньня праблемаў. Бо калі б беларуская дзяржава арыентавалася на павагу да людзей, улік інтарэсаў кожнай асобы, калі б асоба ўспрымалася як каштоўнасьць — то падобныя заявы і дзеяньні былі б немагчымыя.

А папулізм я бачу ў тым, што гэта спроба паказаць людзям простыя рашэньні складаных праблемаў. Людзі прагнуць простых рашэньняў, і на пэўным этапе гэтыя захады могуць здабыць падтрымку насельніцтва.

На жаль, сёньняшняя беларуская ўлада ня мае адказнасьці тлумачыць людзям, што складаныя праблемы ніколі ня маюць простых рашэньняў, трэба іх вырашаць складана і доўга. Для гэтага трэба мець адказнасьць перад будучыняй, а наша кіраўніцтва хоча яе пазьбегнуць”.


  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG