Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвэстфорум: разьлікі і ілюзіі


У Лёндане завяршыў працу Беларускі інвэстыцыйны форум. На афіцыйным узроўні паведамляецца, што беларуская дэлегацыя вяртаецца дадому з “важкім партфэлем” прапановаў.


Пры гэтым, аднак, ніякай канкрэтыкі — хто і колькі грошай гатовы ўкласьці ў беларускую эканоміку. Незалежныя экспэрты лічаць, што падчас фінансавага крызісу наўрад ці варта спадзявацца на вялікую цікавасьць замежных бізнэсоўцаў да Беларусі. Да таго ж на форуме прадстаўнікі афіцыйнага Менску апэлявалі ня столькі да гатовасьці кардынальных зьменаў заканадаўства, якое спрыяла б лібэралізацыі эканомікі, колькі да асабістых гарантый прэзыдэнта.

На выніковай прэс-канфэрэнцыі прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі заявіў: вынікі інвэстыцыйнага форуму перавысілі нават аптымістычныя спадзяваньні арганізатараў. Разьлічвалі на дзьве сотні зацікаўленых удзельнікаў, а квіткоў на мерапрыемства было прададзена ў паўтара раза болей. Праўда, колькі з прысутных было рэальна зацікаўлена ў эканамічных зносінах з Беларусьсю — не ўдакладняецца. Ускосна сказана пра зацікаўленасьць польскіх кампаній у будаўніцтве вугальнай станцыі ў Беларусі, пра перамовы з амэрыканцамі наконт магчымасьці наладзіць вытворчасьць аўтамабільных рухавікоў, а таксама пра вуснае пагадненьне з арабскімі бізнэсоўцамі, якія яшчэ раней выказалі цікавасьць да будаўнічай сфэры.

Экс-міністар зьнешніх эканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч лічыць, што наўрад ці бліжэйшым часам будуць кампэнсаваныя нават выдаткі на арганізацыю мерапрыемства, якія перавысілі 300 тысяч фунтаў. Паводле словаў экспэрта, заходнія бізнэсоўцы хоць і выяўляюць цікавасьць да неаcвоенага рынку, аднак наўрад ці масава пераарыентуюцца на Беларусь пры цяперашнім заканадаўстве:

Міхаіл Марыніч
“Насамрэч вельмі няўдалая сытуацыя. Сёньня людзі думаюць найперш пра сябе, пра свой бізнэс, пра захаваньне сваіх фінансаў. Бо непрадказальна, што будзе наперадзе. Тым больш, што для Беларусі сапраўдны крызіс надыдзе яшчэ пазьней. Таму была простая гаварыльня. Рэальныя вынікі могуць быць толькі пасьля таго, як стабілізуецца карціна сусьветнага крызісу. А тым больш — калі дагэтуль у нас няма стабільнага заканадаўства... Сёньня галоўнае для Беларусі — стварыць празрыстае заканадаўства, а на другім месцы — хутка давесьці гэтае заканадаўства да замежных інвэстараў. Чаго сёньня якраз і няма. А агучаная тая ж самая пазыцыя — прыяжджайце, прэзыдэнт вам усё гарантуе. Ня трэба гарантаваць, неабходна забясьпечыць зразумелае, празрыстае заканадаўства”.

Прадстаўляючы ў Лёндане некалькі дзясяткаў інвэстыцыйных праектаў у нафтахімічнай галіне, машынабудаваньні, перапрацоўцы, банкавай сфэры, беларускія ўрадоўцы асабліва націскалі на тое, што сусьветны крызіс, які падарваў эканомікі многіх разьвітых краінаў, не закрануў Беларусь. І гэта, паводле словаў віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова, якраз заслуга скрытыкаванага на Захадзе дзяржаўнага кантролю над сэктарам эканомікі. Як засьведчыў Кабякоў, цяпер такі досьвед бяруць на ўзбраеньне і іншыя дзяржавы.

Аналітык Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Дзьмітрый Крук лічыць, што ў любым выпадку Лёнданскі форум наўрад ці будзе мець імгненны вынік для Беларусі. На ягоную думку, фінансавы крызіс не ўтаймаваны, а для Беларусі горшыя часы, магчыма, яшчэ наперадзе. Зь іншага боку, інвэстары ў краіну могуць прыйсьці, але зь іншай мэтай — прыватызаваць стратэгічныя галіны, якія ў эпоху крызісных зьяваў, як правіла, істотна таньнеюць:

“Натуральна, што ў пэрыяд крызісу любы інвэстар перш за ўсё будзе думаць пра тое, як захаваць тыя прадпрыемствы, вытворчасьці, якія ў яго ёсьць на дадзены момант. Зь іншага боку, існуе такая думка, што інвэстар, які працуе на досыць працяглую пэрспэктыву, якраз становіцца больш актыўным у пэрыяд крызісу, спрабуючы набываць за больш даступныя кошты. І калі інвэстыцыйны праект разьлічаны на вельмі працяглы пэрыяд, то ў гэтым пляне ў прынцыпе на штосьці можна разьлічваць. Але пакуль якіясьці лічбы называць не вазьмуся. Патэнцыйна чакаць выгадаў можна, але пакуль гэта збольшага тэарэтычныя развагі. Дый наконт форуму ніякіх асаблівых вынікаў практычных ня чуў і нават ня ведаю — ці ёсьць яны ўвогуле?”

Адзін з аргумэнтаў, чаму замежнікам варта ўкладаць сродкі ў Беларусь, прывёў у надрукаваным акурат у дзень Беларускага інвэстыцыйнага форуму інтэрвію газэце “Financial Times”Аляксандар Лукашэнка. Паводле ягоных словаў, у Беларусі адсутнічае карупцыя — у такіх памерах, як на Захадзе ці ў іншых пасьлясавецкіх краінах: “Мы не распранаем інвэстараў, не патрабуем хабару чыноўнікам”. Пры гэтым ён адзначыў, што замежным інвэстарам у Беларусі гарантаваная “поўная падтрымка дыктатара гэтай краіны”. Аднак варта нагадаць, што якраз напярэдадні Лёнданскага форуму Беларусь скалануў адзін з найбольш гучных карупцыйных скандалаў: сам жа Лукашэнка зьвінаваціў у карупцыі шэраг высокіх чыноўнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG