Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканцы любяць рэфэрэндумы ня менш, чым беларусы


У дзень прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ў некаторых штатах адбываліся мясцовыя рэфэрэндумы наконт розных, часам кур'ёзных пытаньняў.

Аказваецца, амэрыканцы любяць рэфэрэндумы ня менш за беларусаў. Адно што агульнанацыянальныя рэфэрэндумы там не праводзяцца. А вось мясцовыя — колькі заўгодна, кожныя чатыры гады.

У амэрыканскай рэчаіснасьці тэрмін referendum наогул адносіцца да галасаваньня, якое прапануецца ўладай (выканаўчай або заканадаўчай). А вось мясцовыя рэфэрэндумы, арганізаваныя зь ініцыятывы выбарнікаў — пра што тут ідзе гаворка — носяць някідкую назву ballot initiative або ballot proposition (выбарчая ініцыятыва або выбарчая прапанова).

У Каліфорніі і трох іншых штатах выбарнікі ў дзень 4 лістапада падтрымалі ініцыятыву забараніць аднаполыя шлюбы.

У штаце Вашынгтон прайшла прапанова, каб дазволіць эўтаназію, гэта значыць, даць лекарам дазвол на дапамогу невылечна хворым скончыць жыцьцё самагубствам. Раней такі дазвол быў дадзены рэфэрэндумам у суседнім штаце Орэган.
Жыхары Сан-Францыска адкінулі прапанову, каб мясцовай станцыі ачышчэньня вадасьцёкаў надаць імя прэзыдэнта Джорджа Буша-малодшага.

А вось у штатах Каларада і Паўднёвая Дакота выбарнікі адкінулі прапановы ўвесьці суворыя абмежаваньні на аборты.

Акрамя гэтакіх сапраўды грамадзка значных і спрэчных пытаньняў, на суд грамадзкасьці былі вынесеныя і больш лёгкія. На прыклад, жыхары Сан-Францыска адкінулі прапанову, каб мясцовай станцыі ачышчэньня вадасьцёкаў надаць імя прэзыдэнта Джорджа Буша-малодшага.

Усе гэткія прапановы маюць адну супольную прыкмету — калі іх падтрымаюць выбарнікі, яны становяцца мясцовым (штатным) законам.

Джон Самплз, амэрыканскі экспэрт у самаўрадавых пытаньнях, сказаў нашаму радыё, што ініцыятывы мясцовых рэфэрэндумаў, якія ўпершыню зьявіліся ў ЗША каля 100 гадоў таму, дапамагаюць выбарнікам удзельнічаць у дэмакратычным працэсе ў тых выпадках, калі заканадаўчыя органы ігнаруюць іхныя інтарэсы.

А што, калі на мясцовым рэфэрэндуме прыймаецца закон, які яўна парушае правы чалавека? Самплз адказвае:

„У выпадках, калі большасьць непасрэдна ўводзіла закон, які парушаў правы чалавека, часта ўмешваліся суды і абаранялі гэтыя правы. У мінулым неспакой з прычыны парушэньня правоў чалавека не знаходзіў сур’ёзнага апраўданьня, таму што падтрымка большасьці для нейкай ініцыятывы не зьяўляецца апошнім словам у палітычнай сыстэме, а толькі адным з крокаў”.

А вось палітоляг Пітэр Скэры з Бостанскага каледжу сказаў Радыё Свабода, што хоць і практыка мясцовых рэфэрэндумаў павінна застацца як сваеасаблівы „клапан бясьпекі” для грамадзкай незадаволенасьці заканадаўствам, то ўсё ж такі пісаньне і прыманьне законаў наогул павінна быць пакінута прафэсійным заканадаўцам, якія разумеюць, што пішуць і што прымаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG