Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камуналка падаражэе пасьля Новага году


У 2009 годзе чакаецца падвышэньне коштаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. Аднак чыноўнікі пакуль не гатовыя назваць канкрэтныя лічбы.


Міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Ўладзімер Белахвостаў запэўніў, што да канца году павышэньня тарыфаў на камунальныя паслугі не чакаецца. А з Новага году лічбы ў жыроўках вырастуць. Падаражэньне паслугаў прадугледжана бюджэтам.

Канкрэтныя прапановы камунальнікаў разглядаюцца зараз Міністэрствам эканомікі. Новыя тарыфы павінны быць зацьверджаныя да пачатку Новага году, а ўвядуць іх у дзеяньне пасьля 1 студзеня. Як і ў мінулыя гады, падаражэньне будзе тычыцца ў першую чаргу энэргапаслугаў: цеплавой і электрычнай энэргіі, газу.

Што да канкрэтных лічбаў і прапановаў, адказны чыноўнік Міністэрства ЖКГ не пажадаў назваць ня толькі сваё прозьвішча, але і даць хоць нейкую інфармацыю:
Абслугоўваньне стандартнай двухпакаёвай кватэры падаражэе прыкладна на 43 тысячы рублёў

“Камусьці захацелася даведацца, наколькі падаражэе! Усім даўно растлумачана, ва ўсёй прэсе — у “Советской Белоруссии”, “Народнай газеце”, домакіраваньні. Я лічу, каму трэба ведаць — сёньня якраз жыроўкі атрымалі, калі ўзьніклі пытаньні — павінны зьвяртацца ў ЖЭС. ЖЭС павінен да капеечкі ўсё патлумачыць. А Міністэрства не ўпаўнаважана адказваць на такія пытаньні”.

У інтэрвію “Народнай газеце”, апублікаваным 12 лістапада, міністар ЖКГ спадар Белахвостаў таксама не назваў дакладных лічбаў, але паведаміў, што, паводле разьлікаў спэцыялістаў, абслугоўваньне стандартнай двухпакаёвай кватэры падаражэе прыкладна на 43 тысячы рублёў. Аднак калі прыняць у разьлік эканомію з дапамогай лічыльнікаў вады і сыстэмы рэгуляваньня цеплавой энэргіі, падаражэньне можа не перавысіць 30 тысяч. Паводле словаў міністра, максымальная плата за двухпакаёўку з улікам электраэнэргіі і ўсіх відаў паслугаў ЖКГ у ацяпляльны сэзон складзе ня больш за 160 тысяч.

То бок пра рост камуналкі ня больш як на 5 даляраў у год, як абяцаў некалі кіраўнік дзяржавы, можна забыцца. Спрагназаваныя адмыслоўцамі 43 тысячы росту за двухпакаёўку — гэта каля 20 даляраў. Што да эканоміі, як раіць міністар, да прыкладу, цеплавой энэргіі за кошт рэгуляваньня, то гэтага самі жыхары рабіць ня могуць, бо ў Беларусі 95% жылога фонду — з так званым цэнтральным ацяпленьнем, кажа былы кіраўнік жыльлёва-камунальнай гаспадаркі сталіцы Іван Анташкевіч:

“У нас цэнтралізаваная сыстэма ацяпленьня і падачы гарачай вады і ў старых, і ў новых дамах. Рэдкае выключэньне, калі нават новыя дамы будуюцца з аўтаномным ацяпленьнем. А паколькі гэта так, усё ўнутры кватэры і дома залежыць ад цепласетак. Таму, што тычыцца рэгуляваньня, патрэбныя комплексныя захады па ўсім гэтым рэгуляваньні”.
Гэтай працай у нас ніхто сур’ёзна яшчэ не займаўся, акрамя дурных экспэрымэнтаў

На Захадзе ўжо даўно ставяць індыкатары на батарэі і рэгулятары на стаякі, кажа Іван Анташкевіч:

“І гэтай працай у нас ніхто сур’ёзна яшчэ не займаўся, акрамя дурных экспэрымэнтаў, якія правялі ў індывідуальных выпадках. Таму ні пра якае рэгуляваньне ўнутры кватэры няма пакуль і гаворкі. Мы знаходзімся літаральна ў нулявым пункце”.

Што да эканоміі вады, дык тыя, у каго дагэтуль не ўсталяваныя лічыльнікі, будуць плаціць пасьля Новага году паводле сабекошту. Зараз тарыф на ваду крыху большы, чым 320 рублёў за кубамэтар, а сабекошт набліжаецца да 1 тысячы за куб. Калі ўлічыць, што тарыфы на ваду могуць падвысіцца на 25%, без лічыльніка плаціць давядзецца істотна больш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG