Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларускі касьцёл — у цяжкім становішчы"


Тадэвуш Кандрусевіч
Тадэвуш Кандрусевіч
Год таму, 10 лістапада 2007 году, адбылася цырымонія афіцыйнага ўступленьня на пасаду мітрапаліта менска-магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. З гэтай нагоды сёньня арцыбіскуп сустрэўся з журналістамі і паведаміў: каталіцкі касьцёл у Беларусі знаходзіцца ў вельмі цяжкім матэрыяльным і пэрсанальным становішчы.

Тадэвуш Кандрусевіч
удакладніў, што цяжкае матэрыяльнае становішча — гэта нястача будынкаў касьцёлаў і цяжкасьць з атрыманьнем дазволаў на іх будаўніцтва:

“Мне гэта не заўсёды зразумела. Да прыкладу, бываюць такія адказы ад уладаў, што, маўляў, у вас мала вернікаў: 20 вернікаў — напісалі ў адным адказе. Гэта ня што іншае, як толькі хлусьня. Бо калі мы кажам пра тое, што ў нас каля 15% ад колькасьці вернікаў — каталікі, то вельмі лёгка палічыць, колькі іх ёсьць”.

На сёньня ў архідыяцэзіі 110 парафіяў, 30% зь іх ня маюць сваіх касьцёлаў. Таксама траціна сьвятароў, якія тут працуюць, — грамадзяне замежных краінаў, запрашаць якіх улады таксама не жадаюць:

“Мне цяжка зразумець, чаму нам не дазваляюць, каб прыехалі сьвятары з-за мяжы. Я добра разумею і падзяляю клопат дзяржавы пра тое, каб былі мясцовыя сьвятары. Аднак не вінаваты каталіцкі касьцёл у тым, што
Тут цягам 70 гадоў не было сэмінарыі, скуль могуць ўзяцца сьвятары так хутка?
тут цягам 70 гадоў не было сэмінарыі, то скуль могуць узяцца сьвятары так хутка? Тым больш сёньня ў працэсах глябалізацыі вельмі цяжка сабе ўявіць, што можна абысьціся толькі сваімі сіламі. Паглядзіце, хто зьяўляецца трэнэрам футбольнай каманды, хакейнай каманды? Гэта людзі з-за мяжы”.

Таксама адной зь цяжкасьцяў ёсьць тое, што беларускі каталіцкі касьцёл мала вядомы ў сьвеце. Таму цягам году служэньня мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча быў арганізаваны тэлемост “Менск-Ватыкан”, міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі ў Івянцы і тэлемост з Сыднэем, а таксама некалькі міжнародных канфэрэнцыяў. Адна зь іх, “Слова Божае жывое і дзейснае”, адбудзецца ў найбліжэйшыя выходныя дні, — кажа ксёндз Аляксандар Амяльчэньня:

“Будуць даклады рознага характару: будуць госьці з Польшчы, Расеі і нашы беларускія дакладчыкі. Бо мы хочам даведацца найперш пра наш беларускі кантэкст”.

З часу кананічнага ўступленьня на пасаду мітрапаліта менска-магілёўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча краіну наведаў дзяржаўны сакратар яго сьвятасьці папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіё Бэртонэ. Гэты візыт праходзіў як на дзяржаўным, так і на рэлігійным узроўнях, і адбыўся ўпершыню ў гісторыі Беларусі.

З ініцыятывы арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Менску адбыліся сымпозіюмы, прысьвечаныя 150-годзьдзю аб’яўленьняў Маці Божай у Люрдзе, а таксама 30-годзьдзю абраньня папам Яна Паўла ІІ. Таксама была ўведзеная традыцыя калядных сустрэчаў з журналістамі, навукоўцамі і дзеячамі культуры, выкладчыкамі і выхавальнікамі, архітэктарамі і будаўнікамі, мэдычнымі работнікамі і хворымі, а таксама зь вязьнямі.

Як паведаміў Тадэвуш Кандрусевіч, адным з прыярытэтаў у дзейнасьці касьцёлу будзе далейшая праца ў міжнародных і міжканфэсійных стасунках, праца з моладзьдзю і заахвочваньне пакліканьняў, а таксама разьвіцьцё каталіцкіх мас-мэдыяў.



Цягам году служэньня ў Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча 20 дыяканаў былі пасьвечаныя ў сьвятары. У 2008-2009 гадох у духоўных сэмінарыях краіны навучаюцца 102 сэмінарысты, 18 зь якіх — навучэнцы першага курсу.

Паводле апошніх зьвестак, рыма-каталікі складаюць 15% вернікаў краіны. Каталіцкі касьцёл у Беларусі падзелены на 4 дыяцэзіі, у якіх дзейнічаюць 464 парафіі. Вернікі Беларусі маюць 450 храмаў, зь якіх 295 вернутыя дзяржавай. Акрамя таго, будуюцца 37 сьвятыняў. У касьцёлах Беларусі нясуць служэньне больш за 400 сьвятароў, зь іх амаль 50% — замежныя грамадзяне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG