Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Было на складзе — паслаў да дзядзі”


Былы генэральны дырэктар “Амкадору” Васіль Шлындзікаў пра магчымае вяртаньне бартэру: “Крый Божа! Я б не хацеў апынуцца на месцы дырэктараў, калі яны дажывуць да таго моманту, які перажылі мы”.

Падчас учорашняй сустрэчы з губэрнатарам Саратаўскай вобласьці Паўлам Іпатавым кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Сідорскі сказаў, што фінансавы крызіс вымушае вярнуцца да мэтадаў працы, прынятых у 90-я гады. Гэта — пралянгацыя плацяжоў да 90—100 дзён і бартэр. Паводле беларускага прэм’ера, “гэтыя мэтады будуць добрымі ва ўмовах фінансавага крызісу”.

Васіль Шлындзікаў — былы генэральны дырэктар вядомага ў Беларусі прадпрыемства “Амкадор” — тлумачыць, што такое пралянгацыя плацяжоў:

Васіль Шлындзікаў
“Гэта дзяржава дазваляе і ня будзе караць цябе за тое, што ты адгрузіў свой тавар, а грошай пакуль не атрымаў. Але гэта — не панацэя, не выратаваньне”.

Спадар Шлындзікаў кажа, што ў яго часы такі гандаль называлі: “Было на складзе — паслаў да дзядзі”. Гэта, згадвае былы генэральны дырэктар, задавальняла і дырэктараў, і вышэйшае начальства, у тым ліку і найвышэйшае. Бо фактычна яшчэ не прададзены тавар ужо не лічыўся ў складзкіх запасах. І на паперцы выглядала, што ўсе працуюць добра і склады не перапоўненыя.
Бартэр — гэта наагул... Уласна кажучы, гэта развал фінансавай сыстэмы.


Да бартэру стаўленьне Васіля Шлындзікава надзвычай адмоўнае:

“А бартэр — гэта наагул... Уласна кажучы, гэта развал фінансавай сыстэмы. Можна казаць, што спыняецца ўсё разьвіцьцё”.

Былы генэральны дырэктар тлумачыць, да чаго можа прывесьці бартэр:

“Гэта ж — сьпіраль. Ну, памяняў тавар. А падаткі ж трэба плаціць. А дзе ўзяць на іх грошы? А грошай на падаткі — няма. А калі няма, значыць, бюджэт не фармуецца. А калі бюджэт не фармуецца, што робяць? Друкуюць грошы. І разьвіваецца інфляцыя. Гэта — страшэнна. Крый Божа дайсьці да такіх мер”.

Васіль Шлындзікаў лічыць, што наступствы эканамічна-фінансавай палітыкі 90-х гадоў нічому не навучылі кіраўніцтва Беларусі. Як і тады, улады і цяпер спрабуюць штучна трымаць курс даляра:

“Тады спынілі курс даляра. А інфляцыя была 300%. А за банкаўскія крэдыты, калі ты іх своечасова не вяртаеш, трэба было плаціць 900%. Тады яны разарылі ўсю прамысловасьць, асабліва экспартную”.
Сыстэма бартэру дае магчымасьць кінуць у турму любога кіраўніка прадпрыемства


Васіль Шлындзікаў кажа: сама сыстэма бартэру дае магчымасьць кінуць у турму любога кіраўніка прадпрыемства. Дастаткова, каб сілавыя структуры палічылі, што ён наўмысна занізіў кошты свайго тавару альбо завысіў кошты таго, які набыў праз бартэр:

“Ну, нехта палічыць, што ты няправільна памяняў — шыла на мыла. Быццам нявыгдна. А ў варунках нашай рэальнасьці, калі праваахоўныя органы трактуюць эканамічныя законы і зьдзелкі вельмі вольна, дык мне падаецца, што гэта схема пад запаўненьне нашых турмаў кіраўнікамі прадпрыемстваў”.

Былы генэральны дырэктар “Амкадору” так кажа пра магчымы лёс цяперашніх кіраўнікоў прадпрыемстваў:

“Гэта крый Божа! Я б не хацеў апынуцца на месцы дырэктараў, калі яны дажывуць да таго моманту, які перажылі мы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG