Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі баяцца страціць працу


Беларускае кіраўніцтва цьвердзіць, што праявы ўсясьветнага фінансавага крызісу не даходзяць да краіны. А што думаюць наконт гэтага вядомыя ў Беларусі асобы? Ці адчуваюць яны на сабе, на сваіх сем’ях праявы крызісу?


Сябра сойму Партыі БНФ Валянціна Сьвяцкая кажа, што прадчувала небясьпеку фінансавага крызісу, калі ён толькі пачынаўся:

Валянціна Сьвяцкая,
фота — pbnf.org
“Якой бы моцнай, самастойнай і самадастатковай дзяржавай мы ні былі, усё роўна нас гэта закране. Мы ж — ня ў космасе.

А па-другое, і мяне, і маіх сваякоў гэта закранае таму, што найбуйнейшыя прадпрыемствы Менску зьбіраюцца скарачаць працоўныя месцы. І гэта закране ня толькі рабочых, але і інжынэраў. А ў мяне шмат сваякоў працуюць на трактарным і аўтамабільным заводах. І ўжо адчуваецца іх трывога, што яны могуць апынуцца ў сьпісе тых, каго скарачаюць”.

Сьвятлана Зелянкоўская,
фота — kupala-theatre.by
Актрыса тэатру і кіно Сьвятлана Зелянкоўская кажа, што пакуль ня бачыць нейкіх істотных зьменаў:

“Таму што мы правінцыйныя. Мы заўсёды адрозьніваліся, напрыклад, ад той жа Масквы. А што тычыцца закупаў буйных — прыкладам, вопраткі ці яшчэ чаго-небудзь,— дык я купляю гэта ў Маскве, Кіеве, ня ў Менску. Там усё лепшае: і выбар, і якасьць. Я не магу знайсьці тое, што мне патрэбна, тут, у Менску. Дый кошты ў нас неапраўдана вялізныя.

А што тычыцца крызісу, дык пакуль я ня бачу значных зьменаў. Як было, так і ёсьць”.

Сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган пра крызіс разважае на прыкладзе сваіх дзяцей:

Алена Скрыган
“Мае дзеці будуюцца. Ім патрэбны крэдыт, і яны ўзялі яго пад большыя працэнты, чым гэта было раней. Але ўсе гавораць пра тое, што ёсьць такія намёткі, што хутка ўзяць крэдыт і пад высокія працэнты будзе немагчыма. Нават на будаўніцтва, ня кажучы ўжо пра штодзённыя справы, як гэта было раней.

А калі банк не дае крэдыту, значыць, ён думае пра тое, што ў людзей ня будзе магчымасьці яго вярнуць. А гэта, як мне падаецца, найперш зьвязана з усясьветным фінансавым крызісам”.

Аляксандар Сасноў
Былы міністар працы, а цяпер экспэрт і дасьледчык Аляксандар Сасноў лічыць: да звычайных людзей крызіс яшчэ не дайшоў, а вось спэцыялісты яго надыход ужо адчуваюць:

“Нацыянальны банк вымушаны быў выдаткаваць вельмі значную суму на пакрыцьцё патрэбаў банкаў у валюце. А з гэтага вынікае, што банкам не хапае ўласных грошай, каб разьлічыцца са сваімі кліентамі. А паколькі бальшыня банкаў у нас дзяржаўныя, дык іх трэба ратаваць. І гэта наступствы першага этапу крызісу. Гэта — званочак!”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG