Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лошыцы прайшла акцыя памяці ахвяраў сталінізму


Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ правялі прымеркаваныя да Дзядоў шэсьце і мітынг у Лошыцы. Да крыжа “Ахвярам бальшавіцкага тэрору” ў Лошыцкім яры ўдзельнікі памінальнай імпрэзы ўсклалі бел-чырвона-белыя кветкі і запалілі сьвечкі.

Ушанаваць памяць рэпрэсаваных удзельнікі акцыі прыйшлі зь транспарантамі, а таксама бел-чырвона-белымі сьцягамі і кветкамі. У Лошыцкі яр яны рушылі з традыцыйнага месца збору каля Палацу культуры “Лошыцкі”.


Карэспандэнтка: “Ці ўпершыню вы прымаеце ўдзел у такой акцыі?”

Спадар: “Не, я заўсёды прыходжу сюды, каб гэтая трагедыя, якая здарылася зь беларускім народам ў 30-гадах, ніколі-ніколі не паўтарылася на нашай зямлі”.

“У калёне да лошыцкага крыжа ў памяць ахвяраў бальшавіцкага тэрору людзі рознага веку: сталыя і шмат моладзі. Чаму вы тут цяпер?”

Юнак: “Бо лічым, што трэба ўшаноўваць памяць людзей, якія загінулі за Беларусь”.

Юнак: “Менавіта ў гэтым раёне Менску некалі жылі мае продкі, яны пацярпелі ад рэпрэсіяў, і ня выключана, што ляжаць у гэтым яры”.


Карэспандэнтка: “У вас у руках бел-чырвона-белыя кветкі – зразумела ж, што невыпадкова...”

Спадарыня: “Натуральна, што не, бо гэта колеры маёй радзімы... Мая дачка Тацяна Шапуцька цяпер знаходзіцца ў турме за ўдзел у акцыі “Камунізм пад трыбунал”. Таму гэта таксама й салідарнасьць з маёй дачкой”.

Шэсьці і мітынгі каля крыжа “Ахвярам бальшавіцкага тэрору” ладзяцца ад пачатку 1990-х, калі адкрылася праўда пра масавыя расстрэлы ў яры каля Лошыцкага парку, дзе пахаваныя тысячы бязьвінна закатаваных. Мітынг распачаўся гімнам “Магутны Божа” і прывітальным словам Зянона Пазьняка, якое зачытаў адзін зь лідэраў партыі Валеры Буйвал:

“Працягваюцца нашыя Дзяды. Сёньня мы ў Лошыцы, на месцы былога яру, дзе ў 1937 годзе расейскія НКВДысты расстрэльвалі людзей. Так склалася нашая цяжкая гісторыя, што перадусім мы мусім захаваць памяць пра генацыд. Гэта вельмі важна для разьвіцьця і нацыянальнага адраджэньня народу”.

Крыж ля месца пахаваньняў

Удзел у акцыі памяці ў Лошыцы ўзялі такія вядомыя людзі, як палітык Вячаслаў Сіўчык, прадпрымальнік Аляксандар Макаеў, які пра свой удзел сказаў наступнае:

“Я ледзь пасьпеў, ехаў аўтобусам, і людзі пыталіся: а што гэта за дэманстрацыя. І я ім казаў, што тут масава забівалі беларусаў. Людзі ня ведалі, ім было цікава. Таму сёньняшняя акцыя – яна вельмі карысная для беларускага грамадзтва”.

Адзін зь сяброў партыі і актыўных удзельнікаў пабудовы мэмарыялу ў Курапатах Уладзімер Юхо перакананы, што праўда пра закатаваных у Лошыцы таксама будзе вядомая шырокай грамадзкасьці, а памяць аб забітых будзе належна ўшанаваная:

“Гэта, як і Курапаты – сьвятое месца для беларусаў. Проста цяпер пэрыяд адраджэньня сталінізму, калі запрашаюць наведаць “Лінію Сталіна” замест таго, каб ушанаваць памяць продкаў на Дзяды. Але я ўпэўнены, што ў будучыні на гэтым месцы абавязкова будзе мэмарыяльны комплекс”.

На завяршэньне ўдзельнікі “Дзядоў” у Лошыцы ўсклалі кветкі і запалілі сьвечкі каля помнага крыжа і прасьпявалі “Магутны Божа”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG