Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускаму народу варта вучыцца ў амэрыканскага, як абіраць прэзыдэнта”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 6 кастрычніка, чацьвер.

У выніку прэзыдэнцкіх выбараў у Злучаных Штатах Амэрыкі 44-м прэзыдэнтам ЗША стаўся сэнатар-дэмакрат Барак Абама. Слухачы “Свабоды” працягваюць выказвацца на гэтую тэму.
Аляксандар Лапіцкі, прэзыдэнт Менскага гарадзкога грамадзкага аб’яднаньня ахвяр палітычных рэпрэсій: “Зь вялікай радасьцю ўспрыняў перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША Абамы. Гэтыя выбары пацьвердзілі сапраўдны дэмакратызм выбарчай сыстэмы ЗША. 4 лістапада 2008 году ўвойдзе ў гісторыю ня толькі як вялікае сьвята амэрыканскага народу, але і як сьвята народаў усяе зямлі. Беларускаму народу варта вучыцца ў амэрыканскага, як абіраць прэзыдэнта”.
Спадар: “Як бы наш правадыр і яго паплечнікі ні лаялі Амэрыку, ЗША — гэта свабодная і дэмакратычная краіна. Гэтак можна меркаваць па выніках прэзыдэнцкіх выбараў”.
Шаўчэнка, Наваполацак: “Амэрыка перамагла расізм і нацыяналізм. У Беларусі гэта немагчыма. На вуліцах амаль не сустрэнеш прадстаўнікоў іншых народаў. Амаль няма сярод чыноўнікаў, кіраўніцтва і праваахоўных структураў г.зв. цемнаскурых ці каляровых. Няма нікога, апрача рускіх і беларусаў. Гэта палітыка ўлады, якая запалохана магчымасьцю ўзьнікненьня ў Беларусі нацыянальных дыяспараў”.
Спадар: “Вось выбары, трошкі шоў, вядома, але гэта адкрытыя выбары і падлікі адкрытыя. А пры Лукашэнку ніколі такіх ня будзе, бо ён змагаецца за тое, каб аддаць камісіям падлік, каб ніхто болей не прысутнічаў пры падліку галасоў. Ніколі нікога з апазыцыі не абяруць”.
У Менску прайшоў футбольны матч паміж барысаўскай камандай БАТЭ і пецярбурскім “Зэнітам”, які скончыўся зь лікам 0:2 на карысьць расейцаў. На гэтую тэму слухач задае пытаньне:
Спадар: “Чаму ў апошні час не чуваць голасу выбітнага спартовага камэнтатара Генадзя Навіцкага? Вось і ўчорашні матч такога высокага ўзроўню камэнтаваў ня ён. Я лічу, што беларускі Генадзь Навіцкі — гэта рускі Мікалай Озераў. Адкажыце, калі ласка”.
На пытаньне адказвае спартовы камэнтатар Уладзімер Навіцкі:
“Тым, хто да мяне добра ставіцца — вялікі дзякуй гэтым людзям. Нагадаю, што 4 лістапада ў прамым эфіры на першым канале БТ я камэнтаваў матч “Рома” — “Чэлсі”. А ў бліжэйшую суботу, 8 лістапада, у 14:40 на тэлеканале “Лад” — пра матч “Арсэнал” — “Манчэстэр Юнайтэд”. Гэта будзе супэр-гульня, і камэнтаваць яе буду я. Таксама ў суботу, 15 лістапада, чарговая праграма “Спорт, спорт, спорт”. Я аўтар гэтай праграмы, а галоўным героем будзе Бэрнт Штанге”.
Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы.
Спадар: “Сёньня спаўняецца 17 год, як стыхійна ўзьнік намёт на плошчы Незалежнасьці (тады плошчы Леніна) насупраць Дома Ўраду. І бачна было, як з тралейбусаў выходзілі людзі і празь некалькі хвілін утварыўся шматтысячны натоўп, і ўзьнік намёт. І мне пашчасьціла ведаць 6 сыноў беларускіх, якія пайшлі ў намёт, узяўшы з сабой два балёнчыкі бэнзіну. І ніхто не пасьмеў разграміць гэты намёт. Хачу нагадаць, што дваіх з гэтага намёту ўжо сярод нас няма — Яўгена Лугіна і Міхася Грабоўскага. Людзі, я вас заклікаю, не забывайце сваю гісторыю!”
Спадар: “Дарагія суайчыньнікі! 6 лістапада нарадзіўся слаўны сын Айчыны, змагар за адраджэньне нацыі Радаслаў Астроўскі. Я яму прысьвячаю сваю баляду пра папараць-кветку “Шчасьце Купальля”.
Купальля шчасьце Рад шукаў
У краі шматпакутным,
Дзе хутка кветку напаткаў,
Што ў сьвет вяла раскуты.
Сарваў ён квет і зразумеў
Гаворку дрэў і птушак,
І дар празорліўца займеў,
Як справы ўладзіць слушна.
Народ жа, сьцяты нематой,
Жыцьця як сьлед ня зьведаў
І жыў, як трэба, справай той —
Адкрыць старонку ведаў.
Сьвятлом надзеі трапяткім
Займаўся дзень свабоды.
З ружжа стралялі тут наўскід
Парою без нагоды.
Настаў шчасьлівы краю час,
Гуляла воля ў весях,
І голас боскі стаў вяшчаць
Жыцьцё із паднябесься.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG