Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвет віншуе Барака Абаму


Лідэры многіх краін сьвету працягваюць віншаваць Барака Абаму зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах.

Міністар замежных справаў Ізраілю Цыпі Ліўні заявіла: “Мы маем цяпер новага прэзыдэнта”. Яна патлумачыла, што прэзыдэнт ЗША – ня толькі кіраўнік сваёй дзяржавы, але і лідэр усяго свабоднага сьвету, да якога належыць і Ізраіль. Спадарыня Ліўні выказала надзею, што пры новым прэзыдэнце ЗША і Ізраіль будуць мець агульныя каштоўнасьці і агульныя інтарэсы.

Прэмьер-міністар Гішпаніі Хасэ Луіс Радрыгес Сапатэра заявіў, што сёлетнія выбары ў ЗША паказалі моц Амэрыкі і моц дэмакратыі, яе здольнасьць мяняць сьвет. “Гэтыя выбары адкрываюць новы пэрыяд надзеі для Злучаных Штатаў і для ўсяго сьвету”, – заявіў гішпанскі прэм'ер.

Кіраўнік нямецкага ўраду Ангела Мэркель шчыра вітала Барака Абаму як наступнага прэзыдэнта ЗША. Яна нагадала пра сёлетнюю сустрэчу з Абамам і выказала спадзяваньне на дружбу і супрацоўніцтва паміж ЗША і Нямеччынай. Яна выказала спадзяваньне, што бакі будуць здольныя супольна вырашаць праблемы, нават калі падыходы адрозьніваюцца, як гэта часам здараецца.

Францускі прэзыдэнт Нікаля Сарказі заявіў, што абраньне Барака Абамы “спарадзіла вялікія надзеі ў Францыі, у Эўропе і за яе межамі”.

Старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу ў сувязі з абраньнем Абамы выказаў спадзяваньне на аднаўленьне супрацоўніцтва паміж Эўропай і Злучанымі Штатамі.

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў у віншавальнай тэлеграме выказаў надзею на канструктыўны дыялёг з новым амэрыканскім прэзыдэнтам. А кітайскі лідэр Ху Цьзіньтао заявіў, што спадзяецца, што двухбаковыя сувязі будуць узьнятыя на новы ўзровень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG