Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што Беларусі зьнізілі крэдытны рэйтынг?


Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor's панізіла прагноз па крэдытным рэйтынгу Беларусі з "стабільнага" на "нэгатыўны". За якія эканамічныя паказьнікі быў паніжаны беларускі рэйтынг? Што гэта канкрэтна азначае для беларускай эканомікі і для ўмоваў атрыманьня новых замежных крэдытаў? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.




Цыганкоў: “Зараз беларускі ўрад прадпрымае сур’ёзныя захады ў лібэралізацыя банкаўскай сфэры, некаторыя крокі добра высока ацэньваюцца Сусьветным Банкам. І раптам – зьніжэньне крэдытнага рэйтынгу. Чаму гэта адбылося і што гэта азначае?”

Раманчук: “Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor's ацэньвае ня словы і намеры, а дзеяньні і лічбы, якія дае наша статыстыка. Калі пагаршаецца плацёжны балянс і гандлёвы балянс, калі ўрад імкнецца атрымаць 2 мільярды даляраў ад МВФ – безумоўна, для гэтага ёсьць прычыны. Пра гэта папярэджвалі незалежныя экспэрты, адмыслоўцы з МВФ, пра гэта напісаў Standard & Poor's, калі даваў Беларусі “стабільны” рэйтынг – тады гаварылася, што можа быць “зьнешні шок”. І вось ён прыйшоў да нас – Беларусь губляе валютную выручку за мінэральныя прадукты, ўгнаеньні, мэталы”.

Цыганкоў: “А што канкрэтна стала прычынай зьніжэньне рэйтынгу?”

Раманчук: “Першае – гэта нэгатыўнае сальда гандлёвага балянсу, 9,3% ВУП, гэта рэкордны паказьнік. Нагадаю, Міністэрства эканомікі працягвае казаць, што адмоўнае сальда мусіць быць ня больш за 1,4 мільярды, а яно ўжо каля 4 мільярдаў даляраў. 90 працэнтаў росту беларускага экспарту сёлета – гэта рост цэнаў на беларускія прадукты. У наступным годзе гэта ня будзе. Але ўрад павялічыў на 7,5 мільярдаў даляраў выдаткі бюджэту на наступны год. Гэта проста крыніца дэстабілізацыі эканомікі краіны!”

Цыганкоў: “Што канкрэтна азначае зьніжэньне крэдытнага рэйтынгу? Ці будзе цяпер Беларусі цяжэй атрымаць крэдыты?”

Раманчук: “Зьніжэньне гэтага рэйтынгу азначае, што калі летась Беларусі давалі крэдыты пад 7-8 працэнтаў, то цяпер будуць даваць пад 12, ды й ня ўсе. Такім чынам, кошты крэдытаў павялічацца, і кошт абслугоўваньня доўгу павялічыцца. Больш за тое, Standard & Poor's гаворыць, што рызыка беларускага дэфолту па гэтым даўгам узрастае”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG