Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы пункт мапы: мараторый на палітвязьняў


Сёньня завяршаецца рабочы візыт у Менск дэлегацыі Эўракамісіі на чале з намесьнікам генэральнага дырэктара Генэральнага дырэктарату па зьнешніх сувязях Х’юга Мінгарэлі.

На завяршэньне візыту ён мяркуе сустрэцца зь віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым і прадстаўнікамі беларускага міністэрства замежных спраў.

Паводле міністэрства замежных справаў Беларусі, візыт адбываецца “у разьвіцьцё дамоўленасьцяў” дасягнутых пад час сустрэчаў міністра замежных справаў Сяргея Мартынава зь вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы і бясьпецы Хавіерам Салянам і “тройкай” Эўразьвязу 13 кастрычніка ў Люксэмбургу.

Дэлегацыя сустрэлася зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, намесьніцай кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальляй Пяткевіч.

Паводле МЗС, на перамовах бакі абмяркоўваюць “пэрспэктывы далейшага ўзаемадзеяньня Беларусі і Эўрапейскай камісіі з улікам рашэньняў міністраў замежных спраў краінаў Эўразьвязу, якія прыняты 13 кастрычніка ў Люксэмбургу”.

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі – Анатолем Лябедзькам, Вінцуком Вячоркам, Аляксандрам Мілінкевічам,Сяргеем Калякіным – спадар Мінгарэлі заявіў, што прывёз пяць прапаноў афіцыйнаму Менску. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька патлумачыў:

Ён прывёз пункты “дарожнай мапы”. І яны супадаюць цалкам з чатырма “кошыкамі”, якія выпрацаваны аб’яднанымі дэмсіламі
“Ён прывёз пункты “дарожнай мапы”. Гэта пяць пазыцый. І яны супадаюць цалкам з чатырма “кошыкамі”, якія выпрацаваны аб’яднанымі дэмсіламі. Чаму розьніца колькасная – пяць і чатыры? Першым пунктам ён агучыў мараторый на палітвязьняў у Беларусі. І гэта бясспрэчна пытаньне нумар адзін. Наступны пункт – гэта зьмена выбарчага заканадаўства, як прыярытэтнае пытаньне. Потым мас-мэдыі, дзейнасьць грамадзкіх арганізацый і палітычных партый і крымінальны кодэкс. Я думаю, што пэўны ўплыў на зьмест “дарожнай мапы” аказала тое, што мы даволі апэратыўна выпрацавалі свае падыходы і яны аказаліся бясспрэчнымі для эўрапейцаў. Я нагадаў на сустрэчы словы Лукашэнкі, які сказаў, што на два вашы крокі, мы гатовы зрабіць пяць. Вось яны пяць пазыцый. Калі ласка”.

На сустрэчах зь Натальляй Пяткевіч і Сяргеем Мартынавым спадар Мінгарэлі адзначыў, што лідэры Эўропы гатовы перагарнуць старонку ў дачыненьнях з Беларусьсю. І гатовы пачынаць з чыстага ліста. Але для гэтага патрэбны прагрэс па пяці пазыцыях “дарожнай мапы”. Прадстаўнікі апазыцыі перадалі спадару Мінгарэлі копію распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі ад 1999 года аб стварэньні рабочай групы, каб пасьля кансультацый з палітычнымі партыямі прапанаваць зьмены ў выбарчае заканадаўства. Гэта ж тычыцца і доступу апазыцыі да мэдыяў. Анатоль Лябедзька адзначыў:

“Мы лічым. што гэта вельмі важна выкарыстоўваць, каб не пачынаць усё з нуля. Ужо ёсьць адрэзак, які пройдзены. І яго трэба проста рэалізоўваць. Мы яшчэ раз зрабілі акцэнт, што дыялёг, перамовы могуць быць толькі на трохбаковай аснове. Ня можа быць таго, што значная частка беларускага грамадзтва адхілена ад палітычнага дыялёгу”.

Спадар Мінгарэлі падчас сустрэчаў зь міністрам Мартынавым і намесьніцай кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Пяткевіч нагадаў пра затрыманага Аляксандра Баразенку. Але чыноўнікі сказалі, што ім пра яго нічога не вядома. Праваабаронцы называюць Аляксандра Баразенку новым палітвязьнем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG