Назіральнікі АБСЭ на апошніх парлямэнцкіх выбарах у Беларусі канстатавалі, што яны “не адпавядалі стандартам АБСЭ для дэмакратычных выбараў”. А наколькі справядлівымі, сумленнымі лічаць беларускія выбары самі беларусы? Паводле апытаньня , праведзенага ў краіне дасьледчыкамі Цэнтру Гэлапа, 38% вераць, што выбары ў Беларусі праводзяцца сумленна, траціна апытаных маюць адваротную думку
Дасьледнікі рабілі апытаньні ў 134 краінах сьвету. Беларусь апынулася ў сярэдзіне сьпісу – яна не вызначаецца ні вялікім даверам, ні вялікім недаверам грамадзянаў да нацыянальнай выбарчай сыстэмы. Вынікі выявілі вялікую разнастайнасьць: ад Руанды, дзе ў сумленнасьць нацыянальнага выбарчага працэсу вераць 93% апытаных, да Зімбабвэ, дзе сумленнымі выбары ў сваёй краіне лічыць толькі кожны дзесяты зімбабвіец. Чаму такі нізкі давер да выбараў у Зімбабвэ – больш-менш зразумела: брутальны перасьлед апазыцыі, нахабныя фальсыфікацыі, якія маюць месца ў гэтай краіне, вядомыя далёка за яе межамі. Але вось чаму на першым месцы паводле даверу да выбараў апынулася Руанда, якая некалькі гадоў таму зьведала сапраўдны генацыд, гэта загадка. Але акрамя гэтай анамаліі найбольш давяраюць сваёй выбарчай сыстэме ў ціхіх краінах паўночнай Эўропы – у Даніі, Швэцыі, Фінляндыі, Швэцыі, Нарвэгіі. Ва ўсіх гэтых дзяржавах колькасьць тых, хто верыць у сумленнасьць выбараў у іх краіне – вышэй за 80%.
У сьпісе аўтсайдэраў, тых, дзе давер да выбараў мінімальны – менш за 15% – пераважна праблемныя краіны Афрыкі: Зімбабвэ, Камэрун, Чад, Этыёпія, але таксама Ўкраіна і Армэнія.
У ЗША, дзе сёньня – галоўны дзень галасаваньня, у сумленнасьць выбараў вераць 47% апытаных, ня вераць – 53%. Гэта даволі сярэдні вынік.
Беларусь паводле даверу да выбараў апярэджвае як аднаго з усясьветных аўтсайдэраў – Украіну, гэтак і Расею, Літву і Латвію. Сярод суседзяў Беларусі толькі ў Польшчы большая, чым у Беларусі, доля выбаршчыкаў – 48% – лічаць свае выбары сумленнымі.
Дасьледчыкі выявілі пэўную сувязь паміж карумпаванасьцю краіны, вызначанай агенцтвам Transparency International, і даверам да выбараў у гэтай краіне. Чым менш краіна карумпаваная, тым больш сярод яе грамадзянаў распаўсюджаная думка, што выбары ў ёй праводзяцца сумленна. Хаця многія краіны не адпавядаюць гэтай заканамернасьці – той жа лідэр сьпісу Руанда, і, напрыклад, Беларусь, якая летась, паводле ўзроўню ўспрыняцьця карупцыі была на 150-м месцы ў сьвеце, аднак паводле даверу да выбарчай сыстэмы – зусім не ў канцы сьпісу.
Праўда, у дадзеных, якія прыводзяцца дасьледчыкамі, зьвяртае на сябе ўвагу надзвычай вялікая колькасьць апытаных беларусаў – 29%, якія не адказалі на пытаньне сацыёлягаў. Больш таго, паводле гэтага паказчыку – колькасьці тых, хто не адказаў на гэтае пытаньне – Беларусь сталася ўсясьветным рэкардсмэнам. Магчыма, гэта характарызуе абыякавасьць беларускага грамадзтва да палітыкі наагул, ня выключана, што гэта своеасаблівы індыкатар страху, які пануе ў краіне. Калі мае рацыю апошняе тлумачэньне, то дадзеныя аб даверы беларусаў да айчынных выбараў самі ў сваю чаргу ня выклікаюць поўнага даверу.
***
Дадзеныя апытаньня Гэллапа часткова прыводзяцца ў наступнай табліцы:
Ці верыце Вы у сумленнасьць выбараў, якія праводзяцца ў Вашай краіне? (у %)
Крыніца: www.gallup.com
Базаваны ў Літве Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў правёў у кастрычніку сёлета апытаньне ў Беларусі, падчас якога рэспандэнтам задавалася пытаньне, ці лічаць яны свабоднымі і справядлівымі верасьнёўскія парлямэнцкія выбары. На гэтае пытаньне 56% апытаных адказалі станоўча, 24% – адмоўна, не адказалі на пытаньне – 20% апытаных.
Крыніца: www.gallup.com
Базаваны ў Літве Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў правёў у кастрычніку сёлета апытаньне ў Беларусі, падчас якога рэспандэнтам задавалася пытаньне, ці лічаць яны свабоднымі і справядлівымі верасьнёўскія парлямэнцкія выбары. На гэтае пытаньне 56% апытаных адказалі станоўча, 24% – адмоўна, не адказалі на пытаньне – 20% апытаных.