Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новы прэзыдэнт ЗША ня будзе будаваць рынкавы сацыялізм”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 4 лістапада, аўторак.


4 лістапада, у Злучаных Штатах Амэрыкі праходзяць выбары прэзыдэнта краіны. Галоўныя кандыдаты — Джон Маккейн, сэнатар ад Рэспубліканскай партыі, і Барак Абама, прадстаўнік дэмакратаў. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Спадар: “Усім уладным палітыкам Беларусі трэба запомніць, што хто б у Амэрыцы да ўлады ні прыйшоў, рынкавы сацыялізм зь дзяржаўным кірункам будаваць ня будзе, бо гэта кабала для народа”.

Далей пытаньне на тэму выбараў прэзыдэнта Беларусі:

Спадар: “Па тэлевізіі былы і цяперашні дэпутат Давыдзька, ці то ён прагаварыўся, але ніхто і не паправіў, калі ён сказаў, што ў нас 2010 год важны — будуць выбары прэзыдэнта. Можа, і сапраўды перайгралі і будзем прэзыдэнта выбіраць у 2010 годзе? Удакладніце, калі ласка”.

Пытаньне ўдакладняе сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік:

“Выбары прэзыдэнта ў нас праводзяцца за два месяцы да завяршэньня тэрміну паўнамоцтваў. Тэрмін паўнамоцтваў распачынаецца з моманту інаўгурацыі. Інаўгурацыя была 8 красавіка. Значыць, выбары прэзыдэнта павінны быць не пазьней за 8 лютага. Прыкладна ў гэты ж час завяршаецца тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў мясцовых саветаў. А менавіта: выбары адбываліся 14 студзеня — значыць, да 14 сьнежня павінны прайсьці выбары дэпутатаў мясцовых саветаў. Канечне, дзьве выбарчыя кампаніі за такі кароткі прамежак часу — гэта вельмі вялікая нагрузка ня толькі для арганізатараў выбараў, але і для саміх выбарцаў, гэта вялікія фінансавыя выдаткі. Таму мы, сябры Цэнтравыбаркаму, лічым, што было б мэтазгодным аб’яднаць гэтыя дзьве кампаніі. Але паколькі выбары дэпутатаў нельга праводзіць пазьней за сярэдзіну сьнежня, то неабходна будзе раней правесьці прэзыдэнцкія выбары. Вось пакуль што такія чыста тэарэтычныя развагі”.

Напярэдадні “Дзядоў” сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ затрымалі двух непаўналетніх, якія ламалі крыжы ў Курапатах. Цягам дзесяці дзён супрацоўнікі Бараўлянскай міліцыі мусяць вызначыць, ці распачынаць супраць іх крымінальную справу. Увесь гэты час зламысьнікі будуць заставацца на волі. Выказваньні слухачоў:

Спадар: “Дзякуем Усемагутнаму Богу, што адкрыў гэтых вандалаў. Штодня прасілі ў Бога справядлівасьці, каб паказаў тых вандалаў, якія ня раз ламалі крыжы — сымбалі хрысьціянства — у Курапатах. Тыя вандалы, якія былі затрыманыя слугамі Бога ў Курапатах пры ламаньні крыжоў, у канцы свайго жыцьця не спытаюць у Бога: “Бог, дайце вашыя дакумэнты, што Вы Бог”, бо Божае сьвятло пакажа ўсе злыя іх учынкі праз усё зямное іх жыцьцё, што ўчынілі”.

Спадар: “З нагоды хуліганства і вандалізму трэба казаць прозьвішчы — чые гэта дзеці, унукі — і пастаянна. А міліцыі трэба рабіць так, каб не яны, міліцыя, бегалі за гэтымі дзецьмі, а іх бацькі, ды зь сякерай”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG