Аляксандра, мужчыну сярэдняга веку, часта можна бачыць у падземным пераходзе на вуліцы Савецкай з гітарай. Ужо каля паўгода ён спрабуе песьнямі пад гітару зарабіць сабе на пражытак:
“Нястача прымушае. Па прафэсіі я — доктар-вэтэрынар. Працаваў у сельгаспрадпрыемстве “Акцябрскі”. Умовы не задавальнялі, жыцьцё цяпер такое… Заробкі малыя, а сям’ю трэба карміць. Тут яшчэ й пляменьнік нарадзіўся, і яму патрэбна была дапамога. Вось і даводзіцца тут стаяць, каб неяк трымаць сям’ю”.
Каля ног самадзейнага гітарыста й сьпевака — шапка, у якую мінакі кладуць і дваццаць, і сто, іншым разам і пяцьсот рублёў. На тых, хто каля яго не запыняецца, “маэстра” не крыўдуе. Ня ўсе, але многія з удзячнасьцю адклікаюцца на ягоныя песьні:
Калі пастаіш і добра пасьпяваеш — дваццаць тысяч за гадзіну заробіш. Сто працэнтаў!
На творчы падыход да выжываньня ва ўмовах крызісу ня кожны здатны. Многія гарадзкія валацугі поркаюцца ў кантэйнэрах для сьмецьця, выбіраючы рэшкі ежы, макулятуру, парожнія бутэлькі.
Бутэлькі, ці, як кажуць, шкляная “прагрэсіўка”, ратуюць шмат каго з гарадзкіх бамжоў.
Апавядае спадар Юры, які застаўся без жытла, пакуль адбываў пакараньне ў няволі:
“Бутэлькі зьбіраю. А то папрацую калі — каму агарод ускапаю, каму штосьці памаляру. На падхваце. Пакуль я быў у ня надта аддаленых месцах, цётка ўсё прадала. Цяпер застаўся на вуліцы”.
З надыходам ночы гарадзкія бамжы ідуць у цёплыя пад’езды, сутарэньні, выселеныя дамы ў прыватным сэктары. Туляцца, дзе толькі можна.
Сваім досьведам дзеліцца 52-гадовы гарадзкі валацуга, які назваўся Ўладзімерам:
”Хто ў сутарэньнях, хто ў пад’ездах, хто дзе. Іншыя забіраюцца ў люкі на цеплатрасах. Залазяць туды й сьпяць”.
Нягледзячы на складаныя ўмовы, некаторыя гарадзкія бамжы імкнуцца, як яны кажуць, жыць сумленна. Прыкладам — 68-гадовы Аляксандар:
“Не краду — Бог сказаў, што нельга. Карацей, не краду, жыву сумленна. Сьвятар у царкве таксама казаў: “Не крадзі, хадзі, жабруй — дадуць. Людзі ёсьць добрыя”.