Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зэльцэр пазбаўлены права на абарону


Эмануіл Зэльцэр
Эмануіл Зэльцэр

Эмануілу Зэльцэру не выдаюць копію прысуду. Пра гэта паведаміў адвакат Зэльцэра Зьміцер Гарачка.


“Мы ня маем магчымасьці накіраваць наглядную скаргу на імя старшыні Вярхоўнага Суду, бо нам не выдаюць копіі прысуду, спасылаючыся на сакрэтнасьць справы. Больш за тое, не выключаю, што на гэткай жа падставе адмовяць у копіі рашэньня Вярхоўнага Суду, які адхіліў касацыйную скаргу. Гэта беспрэцэдэнтна, паколькі фактычна пазбаўляе майго падабароннага права на абарону. Тое ж тычыцца і сакратаркі Зэльцэра Ўладлены Функ (Брусковай)”, — сказаў “Свабодзе” Зьміцер Гарачка.

Нагадаем, 31 кастрычніка Вярхоўны Суд пакінуў бязь зьмены прысуд менскага гарадзкога суду, які прызнаў Эмануіла Зэльцэра вінаватым у камэрцыйным шпіянажы і пакараў 3 гадамі зьняволеньня, а Ўладлену Функ — годам зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. “Іх могуць накіраваць у калёнію калі заўгодна. Вось сёньня пайду да іх на спатканьне і не выключаю, што іх з “амэрыканкі” ўжо кудысьці перавялі”, — сказаў Зьміцер Гарачка.

Амэрыканскі адвакат Эмануіл Зэльцэр і ягоная сакратарка Ўладлена Функ (Брускова) былі арыштаваныя 2 сакавіка па прылёце ў Менск зь Лёндану. Прыляцелі яны нібыта па справах спадчыны заўчасна памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. У мэдыях шмат пішуць пра тое, што да арышту Эмануіла Зэльцэра спрычыніўся Барыс Беразоўскі, які нібыта разьлічвае атрымаць частку маёмасьці свайго былога кампаньёна Бадры Патаркацышвілі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG