Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяды-2008: беларусы падзяліліся...


Ва ўрочышча Курапаты людзі ішлі дзьвюма калёнамі і там жа правялі два асобныя мітынгі.

Наша карэспандэнтка Ганна Соўсь прайшла з шэсьцем 10-кілямэтровы шлях ад гадзіньнікавага заводу да ўрочышча Курапаты.

Абламейка: Ганна, добры дзень. Вы ўжо шмат гадоў праходзіце гэтым маршрутам на Дзяды і робіце рэпартажы з жалобнага шэсьця і мітынгу. У чым была адметнасьць сёлетняй акцыі?

Соўсь: Найперш, гэта была 20-я гадавіна першага шэсьця на Дзяды, першай масавай апазыцыйнай акцыі 30 кастрычніка 1988 году, зь якой, фактычна, пачалася найноўшая гісторыя Беларусі. Але, калі 20 гадоў таму людзі, якія ішлі ад Усходніх могілак да Курапатаў, былі адзінымі, то сёлета было, як вы ўжо казалі, два шэсьці і два мітынгі. Адзін – арганізаваны Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыяй БНФ з удзелам ствараных руху “Маладая Беларусь”, партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” і арганізацыі “Ініцыятыва” – ад гадзіньнікавага заводу, і другі ад Усходніх могілак, арганізаваны Партыяй БНФ з удзелам “Маладога фронту”, “Моладзі БНФ”. І натуральна, шмат людзей, не сяброў партый і арганізацый, далучыліся да гэтых шэсьцяў.

Шэсьці ішлі на адлегласьці прыкладна зь кілямэтар, прычым некаторыя моладзевыя актывісты на транспарце езьдзілі з аднаго шэсьця на другое. Ніякага канфлікту тут не назіралася, але і адзінства таксама. У Курапатах адбыліся два розныя мітынгі – адзін кароткі, другі больш працяглы, і на адным, і на другім гучалі вершы і ўспаміны пра акцыю 20-гадовай даўніны. Шараговыя ўдзельнікі акцыі гэтаксама прысутнічалі і слухалі прамоўцаў на двух мітынгах. А што самае галоўнае, то усе яны ўскладалі кветкі і запальвалі сьвечкі ля курапацкіх крыжоў.

Што да мяне асабіста, то я, прыйшоўшы ўчора да гадзіньнікавага заводу, не пабачыла дачку рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага Маю Кляшторную. Ва ўзросьце некалькіх месяцаў яна была адпраўленая ў ГУЛАГ разам з маці пасьля расстрэлу бацькі. Мая Тодараўна апошнія гады была своеасаблівым сымбалем Дзядоў, яна звычайна ішла са сьвечкай наперадзе калёны некалькі кілямэтраў, потым ехала на тралейбусе да Курапатаў. Сёлета ля гадзіньнікавага заводу я не пабачыла яе...

Абламейка: Ганна, а што здарылася з Маяй Тодараўнай? Вам нешта вядома?

Літаральна кожны другі вітаўся з Маяй Тодараўнай
Соўсь:
Я патэлефанавала ёй, і тая сказала, што ня зможа прыйсьці з прычыны дрэннага стану здароўя. І, ведаеце, Сяргей, я была моцна ўражаная, калі ўсё ж пабачыла Маю Тодараўну разам з мужам у Курапатах. Ім дапамагла прыехаць археоляг Валянціна Вяргей. Мая Тодараўна адчувалася сябе даволі слабай. Мы стаялі зь ёй на курапацкай алеі, калі ўдзельнікі шэсьця ішлі на пагорак. І літаральна кожны другі вітаўся з Маяй Тодараўнай. І яна сказала мне, што яна шчасьлівая, што адчувае сябе ў грамадзе, не адзінокай, як большую частку жыцьця...

Дарэчы, ужо другія Дзяды я ня бачу на Дзядах Надзею Дземідовіч, былую зьняволеную ГУЛАГу, удзельніцу паўстаньня ў Кенгірскім лягеры. Яна вельмі хворая і ня змагла дабрацца да ўрочышча, хаця моладзевыя актывісты і прапаноўвалі давесьці яе да Ўсходніх могілак. Учора ўвечары я размаўляла па тэлефоне з Надзеяй Раманаўнай, яна амаль ня ходзіць, і даведалася пра тое, як адбывалася шэсьце, з “Радыё Свабода”. 18 гадоў запар яна ішла шэсьцем на Курапаты на Дзяды, апошнія гады на мыліцах, і вось ужо другія Дзяды запар ня можа браць удзел у шэсьці. “Але ў думках, я з тымі, хто ішоў у Курапаты”, – сказала мне ўчора Надзя Раманаўна.

Абламейка: Дарэчы, Ганна, а былі яшчэ, акрамя Маі Кляшторнай, вязьні ГУЛАГу на ўчорашняй жалобнай акцыі?

Соўсь: Былі, у асноўным гэта тыя людзі, якія трапілі ў ГУЛАГ у дзяцінстве. Учора я размаўляла з Пятром Шашкелем, які бярэ ўдзел ва ўсіх курапацкіх шэсьцях, пачынаючы ад 1988 году. У 1946 годзе ва ўзросьце паўтара году ён быў, падкрэсьліваю, асуджаны на 5 гадоў ГУЛАГу ў Краснаярскім краі разам з маці. Рэабілітавалі яго толькі праз 50 гадоў. Ён ішоў гэтыя 10 кілямэтраў трымаючы ў руках букет бел-чырвона-белых кветак....

Абламейка: Ганна, у суботу ўвечары вы падрыхтавалі для нашага сайту svaboda.org інфармацыю пра затрыманьне вандалаў у Курапатах. Былі выстаўленыя фота вандалаў – гэта каротка стрыжаныя маладзёны, іх вызвалілі неўзабаве пасьля затрыманьня. Як Вы лічыце, гэтая справа будзе належным чынам дасьледавана? І ці будуць знойдзены тыя, хто замаўляў гэтыя акты вандалізму ў Курапатах? А іх за 20 гадоў было вельмі шмат, і пакуль ніхто ня быў пакараны за гэта...

Пакуль з Курапатамі сытуацыя такая – што зробяць там самі людзі, то і будзе
Соўсь:
Сяргей, я тут хацела б дакладна сказаць, дзякуючы каму і чаму былі затрыманыя вандалы. Пасьля кожнага выпадку вандалізму былі звароты ў міліцыю, заводзіліся крымінальныя справы, былі гучныя звароты розных людзей, арганізацый, амбасадаў. Гэты былі толькі словы, а ў дадзеным выпадку – была зробленая рэальная справа, канкрэтная справа канкрэтных людзей. Сакратар управы КХП БНФ Алесь Чахольскі, чалавек, які ня шмат гаворыць, але шмат робіць, арганізаваў кругласутачнае дзяжурства актывістаў у Курапатах, і яны затрымалі вандалаў. Год таму менавіта Чахольскі арганізаваў аднаўленьне пашкоджанага вандаламі крыжа Пакуты і лавы Клінтана. Дзясяткі міліцыянтаў назіраюць за кожнай акцыяй у Курапатах, але ніхто зь іх ня быў ва ўрочышчы, калі там ламалі крыжы. Пакуль з Курапатамі сытуацыя такая – што зробяць там самі людзі, то і будзе. Вырашылі ўсталёўваць крыжы сябры КХП БНФ – зрабілі, у 2001 годзе моладзь вырашыла бараніць Курапаты ад будаўніцтва кальцавой дарогі – вынік быў, вырашылі аднавіць крыж – аднавілі. І тут толькі пытаньне ў тым, што кожны можа і хоча зрабіць дзеля захаваньня гэтага месца і ўшанаваньня памяці нашых продкаў, а іх у Курапатах карнікі НКВД у 1937-41 гадах расстралялі паводле розных падлікаў ад 40 да 200 тысяч чалавек. Так што, ці будуць пакараныя вандалы, ці спыніцца вандалізм у Курапатах, залежыць ад канкрэтных спарваў і канкрэтных людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG